Вечарам 20 сакавіка суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Яўген Хаткевіч пацвердзіў рашэнне гэтага ж суда, але іншага суддзі пра неабходнасць ужывання мер бяспекі і лячэння да Аляксандра Крутога, бацькі пацярпелай падчас тэракта ў мінскім метро Інесы Крутой. Паводле рашэння суда Крутой застаецца пад вартай.
20 сакавіка людзі, якія прыйшлі на суд падтрымаць сям’ю Крутых, у тым ліку іх сваячка, сутыкнуліся з праблемамі. Іх спрабавалі не дапусціць не тое што ў залу пасяджэнняў суда, а нават у будынак суда.
Прыгавор суда пісаўся каля дзвюх гадзін, расказала БелаПАН дачка падсуднага Інеса Крутая, суддзя Хаткевіч чытаў яго так, што практычна нічога не было чуваць.
Пасля такога рашэння суда Інеса Крутая для абароны свайго бацькі мае намер звяртацца ў міжнародныя арганізацыі.
Судовы разбор адбываецца без Крутога і, як і ў першы раз, у закрытым рэжыме. Суддзя Яўген Хаткевіч задаволіў хадайніцтва аб гэтым дзяржабвінаваўцы Ваньковіча і пацярпелай — галоўнага ўрача паліклінікі № 32 Валянціны Чупік. Пацярпелая заявіла, што закрыць працэс неабходна з мэтай прадухілення выдавання звестак, якія ўшчамляюць яе годнасць.
Нагадаем, справа была зноў накіраваная ў раённы суд Мінскім гарадскім судом пасля разгляду 10 лютага касацыйнай скаргі на прыгавор, вынесены 6 снежня. Мінгарсуд адмовіў у вызваленні Крутога
20 верасня Аляксандр Крутой, які актыўна выступаў на працэсе па тэракце, быў затрыманы міліцыяй у Мінску. 22 верасня Аляксандр Федарцоў, які быў старшынёй на працэсе, часткова зачытаў пастанову аб яго затрыманні. У ёй сказана, што Крутой «17 жніўня, знаходзячыся ў кабінеце адной з медыцынскіх устаноў Мінска, наўмысна ўчыніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і грэбаваннем нормамі маралі». Гэта выявілася ў тым, што ён выліў змесціва двух слоікаў — вадкасць з пахам мачы — на галоўнага ўрача. Паводле накіравання пракурора Крутой быў адпраўлены ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Экспертыза прызнала ў яго стан поўнай адсутнасці памяці.
6 снежня суд Маскоўскага раёна пастанавіў прымяніць да Аляксандра Крутога прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Пасля РНПЦ ён знаходзіўся ў жодзінскай турме, затым быў пераведзены ў СІЗА № 1.
Каментары