Меркаванні

Давай аб’ём!

Пагоня за лічбамі даводзіць «Праграму адраджэньня вёскі» да абсурду. З Докшыцкага раёну піша чытач «НН».

Каб паказаць людзям свой клопат пра іх, улада гатовая выдаткоўваць любыя грошы. Вось вам і «бясплатныя» канцэрты «За Беларусь!», і так званае «адраджэньне вёскі». Чаму я называю і гэтую кампанію прапагандысцкай?

Каб адрадзіць сельскую гаспадарку, трэба хоць бы паступова пераходзіць на прыватную ўласнасьць на зямлю — прыватнік заўсёды гаспадарыць лепш. Але нават ва ўмовах захаваньня калгасна-саўгаснае сыстэмы не такой складанай сытуацыя была б, калі б прадпрыемствам далі большую свабоду гаспадараньня. Каб не прымушалі, як мне расказвалі на сьвінафэрме ў Сітцах, прадаваць сьвіней за бясцэнак толькі дзяржаўным прадпрыемствам, а не прыватнікам, якія плацяць куды больш. Каб ня ўказвалі, што, калі і дзе сеяць. Каб не загадвалі падчас замаразкаў выганяць на кругласутачную пасьбу каровы, у выніку чаго часам, як летась у Мёрах і Шаркаўшчыне, гіне жывёла. Каб не прымушалі замест неадкладных патрэбаў тэрмінова выдаткоўваць грошы на фарбу, каб памаляваць дзьверы на фэрмах, як гэта зрабілі пры канцы леташняга году ў Гнязьдзілаве. І такіх прыкладаў шмат.

Найбольш згубным для сельскай гаспадаркі стала будаўніцтва так званых «аграгарадкоў». Ніхто не аспрэчвае: жыльлё на вёсцы патрэбна. Аднак не ў такіх маштабах. У вёсках і так шмат пустых хат, а насельніцтва з кожным годам скарачаецца.

Тым ня менш, летась у Докшыцкім раёне збудавалі 77 «лукашэнкаўскіх домікаў». На гэта выдаткавана 3,1 млрд руб. (1,5 млн даляраў) у выглядзе крэдытаў. Гэтыя грошы можна было б выкарыстаць на закупку новай тэхнікі ці на якія-небудзь іншыя патрэбы. Аднак уладам ня трэба якасьць жыцьця і працы на вёсцы — ім патрэбна толькі колькасьць домікаў ды аграгарадкоў. Пры гэтым ніхто не зьвяртае ўвагі на якасьць будаўніцтва. Калі будаўнікі ня хочуць сумленна працаваць, а іх яшчэ і падганяюць, то і якасьць будаўніцтва адпаведная.

Даводзілася чуць ад работнікаў, што ў падмурак домікаў можна лёгка забіць цьвік, а ганкі пачынаюць абвальвацца амаль адразу пасьля здачы домікаў. Да таго ж, гэтыя домікі няможна назваць паўнавартасным жыльлём для вяскоўцаў. Бо ў вёсцы побач з дамамі павінны быць гаспадарчыя пабудовы. Аднак апошнія сваімі памерамі часта хутчэй нагадваюць прыбіральні...

Дамы шмат дзе стаяць пустыя, у некаторыя засяляюць п’яніц, якія ня могуць ні сумленна працаваць, ні нават трымаць парадак на сваёй сядзібе. Тое, што шмат дзе ў новым жыльлі няма патрэбы, бачна нават голым вокам. Вось, у Глінным стаіць пустая двухпавярхоўка — у ёй няма каму жыць. Аднак побач збудавалі больш за дзясятак домікаў. Гліннае зьбіраюцца пераўтварыць у аграгарадок у 2007 г. Тое, што палова дамоў у гэтым аграгарадку будуць пуставаць, нікога не цікавіць. У Тумілавічах побач з новымі дамамі стаіць вялікі недароблены будынак. Вялікі цагляны жылы дом з забітымі вокнамі стаіць у Бярозаўцы. А побач, зноў жа, будуюць дамы. У Крулеўшчыне стаяць недабудаванымі трохпавярхоўка і сельскі клюб — у былой в.Янушэва. Аднак і тут збудавалі дзясятак дамоў і плянуюць да 2007 г. збудаваць яшчэ столькі ж.

Вядома ж, паляпшаць жыцьцё вяскоўцаў трэба. Аднак гэтага не дасягнуць пагоняй за колькасьцю дамоў. Бо пустыя дамы нічога не паляпшаюць. Ды і жыхарам Таргуноў, напэўна, ня стала лепш жыць ад бэтонных агароджаў і ад бруку, што паклалі на ходніку. Зараз Таргуны зьбіраюцца газыфікаваць. Які сэнс весьці газаправод за пяць кілямэтраў, калі з-за высокіх коштаў на падлучэньне атрымаюць «блакітнае паліва» толькі лічаныя жыхары?

Па сутнасьці, «Праграму адраджэньня вёскі» хутчэй трэба называць «Праграмай будаўніцтва «пацёмкінскіх» вёсак» — нікому не патрэбных і стратных для дзяржавы. Ці патрэбна нам марна траціць грошы дзеля славутай «паказухі»? Задумайцеся над гэтым, калі будзеце вырашаць, за каго галасаваць на выбарах...

Каментары

Цяпер чытаюць

Выйшаў на свабоду былы топ-журналіст АНТ Дзмітрый Семчанка7

Выйшаў на свабоду былы топ-журналіст АНТ Дзмітрый Семчанка

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску закрылася сетка бюджэтнага фастфуду1

Пры паездцы з Беларусі ў Польшчу на мяжы чакаць толькі 6 гадзін, а назад — суткі2

Беларуска за свой кошт арганізавала свята ў роднай вёсцы, якая амаль вымерла. Прыехалі аднавяскоўцы нават з Еўрасаюза21

У сацсетках завірусіўся ролік з канём, які чакае аўтобуса на Магілёў ВІДЭА1

Белавешкін: «Аземпік» проста інструмент, а не нейкі цуд, які ўсім універсальна падыходзіць4

Найбольш за чэрвень падаражэлі буракі, а патаннела авакада

«Натуральная спакуса — увапхнуць у сябе ўсё, пра што ў няволі заставалася толькі мроіць». Былы палітвязень Карней расказаў пра турэмны рацыён і як ад яго адыходзіць4

У Дзяржынску ў двары дома заўважылі вярблюда ВІДЭА

У Варшаве беларуску затрымалі на падставе запыту Інтэрпала7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшаў на свабоду былы топ-журналіст АНТ Дзмітрый Семчанка7

Выйшаў на свабоду былы топ-журналіст АНТ Дзмітрый Семчанка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць