Меркаванні33

747-ы кіламетр

Ніхто не ведае ўсяго маштабу мінскай трагедыі 40-х. Піша Сяргей Ваганаў.

Аднойчы, прачытаўшы мае нататкі пра стары Мінск, у якіх узгадваўся знакаміты фантан «Хлопчык з лебедзем», патэлефанаваў Аляксандр Аляксандравіч Ломаць. «У маёй метрыцы, — сказаў ён, — у графе «месца нараджэння» пазначана: «747-ы км…»

Я паехаў знаёміцца.

Размова наша працягнулася з гэтага дзіўнага запісу ў метрыцы.

Нарадзіўся Аляксандр Ломаць, канечне ж, у Мінску, у 1938, а 747-ы кіламетр быў адным з тых, што абслугоўваў ягоны бацька, дарожны майстар на чыгунцы. Сёння гэта Усходняя станцыя, практычна цэнтр горада. А ў 1938 тут быў «747-ы кіламетр». Ад Масквы. Сам Ломаць не ведае, адкуль узяўся гэта запіс, а спытаць у бацькі няма як. Калі дарос да 16 гадоў і ўпершыню пацікавіўся запісам, бацькі ўжо не было, ягоны след згубіўся недзе ў Комі, у паўночных капальнях, куды ў 1944, адразу пасля вызвалення Мінска, быў сасланы «за супрацоўніцтва з акупантамі».

«Супрацоўніцтва» зводзілася да таго, што ён і пры немцах працаваў дарожным майстрам.
Апошні эшалон на ўсход, куды ён, сам чыгуначнік, ледзь уціснуўся з жонкай і дзецьмі, не прайшоў пад бомбамі і дваццаці кіламетраў... Куды было дзецца? Пехатой да Крамля? Здолеўшы выратаваць жонку і пецярых дзетак у пагібельных пакутах пачатку вайны, ён працягваў ратаваць іх, забяспечваючы паўгалоднае існаванне…

Ужо не першы год напярэдадні 3 ліпеня ці не з тыдзень Мінск трасецца і глухне ад грукату танкаў і бэтээраў, а потым з тым жа грукатам адзначае нейкае самаробнае свята, якое не мае аніякіх адносін да сапраўдных падзей амаль сямідзесяцігадовай даўніны. Збіраецца мноства гараджан і прыезджых. Але Ломаця сярод іх няма. 3 ліпеня — не ягонае свята.

Ніхто не ведае ўсяго маштабу мінскай трагедыі 40-х гадоў, у якой былі не толькі Трасцянец і жахі гета, аблавы і шыбеніцы, калабарацыя і гераічны Супраціў, але і самаратаванне на мяжы жыцця і смерці, і жорсткасць «вызваліцеляў» у фуражках з сінімі аколышкамі, якія забрудзілі Мінск, калі жаўнеры пайшлі далей на захад…

Але дзяржава, улада, лязгаючы пераможнымі гусеніцамі, пра гэтую ганебную старонку мінскай гісторыі маўчыць. Бо не маўчаць — значыць зрабіць крок да таго, каб голасна пакаяцца перад тысячамі прысуджаных да знікнення без следу на лесапавалах, у паўночных капальнях толькі за тое, што, кінутыя ў малох гітлераўскай машыны знішчэння, здолелі выжыць самі і зберагчы дзяцей для будучага жыцця…

Пасля хуткага разбіральніцтва ў сценах НКВД і хуткага суда ад Ломацяў адвярнулася амаль уся радзіна, якой па сваяцкіх лініях ад самага пачатку мінулага стагоддзя назбіралася ў Мінску шмат. Па бацькоўскай лініі — усе вакол чыгункі. Гэта таксама мінская гісторыя: горад прырастаў чыгуначнай, як сказалі б зараз, інфраструктурай, а галоўнае — высокакваліфікаванымі рабочымі і майстрамі са сваім адмысловым статусам і побытам… Гэта былі па-сялянску вялікія сем’і, але ўжо з іншай, гарадской афарбоўкай, з іншай, гарадской традыцыяй і даробкам на будучыню. Ломаць з гонарам расказвае пра тое, як ягоны дзед, састаўнік цягнікоў, адзін утрымліваў вялікую, сем душ, сям’ю...

Якім жа моцным ды ўсёпранікальным быў страх, што здолеў раструшчыць не проста трывалыя — звыштрывалыя сваяцкія сувязі!

Ломаць цікавы тым, што не ўпусціў у сябе гэты страх. Не дзіва, што, займаючы даволі высокую пасаду на адным з мінскіх заводаў, падаўся напачатку 90-х у апазіцыю. Стачкам, мітынгі, дэманстрацыі пратэсту…

Ён паказвае фотаздымкі, выразкі з газет… А я думаю пра тое, што пазбавіцца страху магчыма, калі ўсвядоміць гістарычную значнасць сваёй асабістай гісторыі. Усвядоміць, што кожны твой крок у супраціве страху — гэта гістарычны крок. А крок пакідае след.

…Размова наша, уласна, была ў большасці пра Мінск. Ломаць узгадваў, на якіх вуліцах рос, успамінаў тое, што засталося ў дзіцячай памяці з часу акупацыі… А потым раптам сказаў, што «Хлопчыка з лебедзем» пасля таго, як яго ў сярэдзіне 80-х разбурылі вандалы, наноў адліваў ягоны сын. «Тамака пад крылом у лебедзя пазначаны ягоныя імя і прозвішча —Зміцер Ломаць»…

Ужо больш за дваццаць гадоў Зміцер Ломаць жыве ў Аўстрыі, працуе ў буйной фірме. Аб тым, як і чаму з’ехаў, бацька гаворыць з відавочным хваляваннем. Але штосьці, мабыць, перадалося ад сямейнай трагедыі, калі больш не захацеў заставацца ў «краіне-пераможцы».

А след пад крылом у лебедзя застаўся.

Яшчэ адзін след у мінскай гісторыі.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Колькі літоўскіх фур заблакавана ў Беларусі і якая цана пытання

Колькі літоўскіх фур заблакавана ў Беларусі і якая цана пытання

Усе навіны →
Усе навіны

Франак Вячорка: «Лукашэнку амерыканцы патрэбныя нашмат больш, чым амерыканцам Лукашэнка»20

Вядомы амерыканскі спартовец паведаміў, што ягоны новы сабака — клон старога

У Баранавічах у парку паставілі адпужвальнік для птушак. Але ён адпужвае таксама і людзей7

Міністр замежных спраў Літвы абмеркаваў беларускае пытанне з Джонам Коўлам10

Арына Сабаленка стала другой у гісторыі сусветнага жаночага тэнісу паводле памераў прызавых2

«Не магу праверыць, як мяне пераклалі». Алексіевіч адказала на крытыку за выказванне пра адмову ад рускай мовы55

Літва вырашыла яшчэ раз звярнуцца да беларускіх уладаў наконт пытання сваіх фураў18

«Прабачце ім, беларусы». Расіяне папрасілі прабачэння за растоўскую каманду КВЗ15

Чаму хамелеоны круцяць вачыма ва ўсе бакі? Навукоўцы растлумачылі таямніцу «фатаграфічнага» позірку1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі літоўскіх фур заблакавана ў Беларусі і якая цана пытання

Колькі літоўскіх фур заблакавана ў Беларусі і якая цана пытання

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць