Навука і тэхналогіі1414

Змаганне за віртуальную Беларусь

Анлайн-гульня eRepublik — як правесці беларусізацыю і вярнуць Віцебшчыны, якая апынулася пад акупацыяй Літвы.

Пару дзён таму на рахунак уКантакце я атрымаў паведамленьне ад незнаёмага чалавека, якое пачыналася словамі:

«Ты чуў пра гульню eRepublik? Гэта гульня зьяўляецца сымулятарам жыцьця дзяржавы, дзе вам давядзецца гуляць за грамадзяніна адной з краінаў <.> На жаль,

на дадзены момант улада ў Беларусі належыць расейцам ды іх прыхільнікам, аднак сілы беларускай апазыцыі моцныя як ніколі, і невялікая колькасьць навічкоў-беларусаў дасьць перавагу нашаму боку! Мы чакаем цябе ў гульні! Жыве Беларусь!»

Пераходжу па спасылцы. Прапануюць зарэгістравацца і выбраць грамадзянства. Выбіраю Беларусь.

Калі ў рэальнай Беларусі — лета і палітычная апатыя, то жыцьцё ў віртуальным сьвеце куды больш насычанае.

На форуме знаходжу некалькі спасылак, дапаможнік па гульні, а таксама відэаролікі.

З кантэксту дыскусіяў на форуме даведваюся некалькі узрушальных навінаў.

Па-першае, Віцебская вобласьць даўно акупаваная літоўцамі, а дакладней сучаснае кіраўніцтва Беларусі здае вобласьць у арэнду за пэўную колькасьць золата.
Па-другое, Беларусь знаходзіцца ў шчыльным саюзе з Расеяй і ў канфлікце з цывілізаванай часткай Эўропы. А па-трэцяе, прэзыдэнтам краіны нібыта зьяўляецца расеец пралукашэнкаўскіх поглядаў.

​​Прапануюць далучыцца да партыі. Кожная мае сваю сымболіку, дэпутатаў у віртуальным беларускім парлямэнце. А якія красамоўныя назвы! «Нацыянальны Фронт», «Незалежная Беларусь», «Народная Грамада». А яшчэ ёсьць Партыя аграрыяў і нават Партыя крыжакоў. Бальшыня, відавочна, даўно выраклася сваёй першапачатковай ідэалёгіі. Так,

на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах з 45% галасоў перамог прарасейскі кандыдат simust2, якога падтрымалі партыі «Незалежная Беларусь» і «Freedom Belarus».

«Мы іх называем „чырвона-зялёны лягер“ — патлумачыў мне Ян, старшыня партыі «Нацыянальны Фронт», — Прэзыдэнт — расеец ў рэальным жыцці».

У віртуальнай Беларусі выдаюцца каля 15 газэтаў, кожная зь якіх мае сваіх падпішчыкаў. Зь іх самыя папулярныя расейскамоўная «Our Country Times», беларускамоўная «Народная Воля» і тры англамоўныя, якія даўно не друкаваліся, а іх рэдактары, відавочна, перасталі гуляць.

​​Пытаюся Яна (Hyena Black), навошта людзі гуляюць у такія гульні.

«Разумееш, у гульні можна атрымаць тое, чаго не хапае ў рэальным жыцьці. Свабода, дэмакратыя, магчымасьць бяз жаху выказваць сваё меркаваньне», — піша Ян.

Ян — беларус, які даўно жыве ў Ізраілі, працуе, служыць у арміі, а ў вольны час — кіруе беларускай партыяй, хай сабе і віртуальнай.

Галоўная мэта ў гульні — разьвіваць свае навыкі, гандляваць зь іншымі гульцамі, зарабляць грошы на зброю і ежу, ваяваць.

«Я, калі пачаў гуляць, увогуле палічыў гульню суцэльнай блытанінай, а насамрэч усё сьціпла і зразумела, як у беларускай хаце» — напісаў мне Іван Дашкоў (ён жа Артыкс), кандыдат на прэзыдэнта, а ў рэальным жыцьці — кераміст зь Менску. І дадаў:

«Зараз паўстаньне ў Віцебску, калі маеш базукі і скарыстаеш іх там, ёсьць шанец узяць бх мэдаль».

​​Базукі ў мяне не аказалася, толькі некалькі танкаў. Я пераехаў у Віцебскую вобласьць, на тэрыторыю Літвы, і далучыўся да партызанскага руху супраціву.

У гэты час у Гомелі — сталіцы віртуальнай Беларусі — ішлі ажыўленыя дэбаты. 5 жніўня, у нядзелю — чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Вылучыцца ў прэзыдэнты можа кожны. Прэзыдэнт выступае ад імя краіны, зьбірае падаткі, выдае законы, распараджаецца тэрыторыямі і рэсурсамі.

На форуме усур’ёз разгарэлася дыскусія, як будучы прэзыдэнт павінен ставіцца да Расеі і расейцаў.

«Як ты лічыш, разводзіць антырасейскую палітыку? Як па мне, без падставы, гэта глупства. Я лічу что гэта дзяцінства — не любіць расейцаў за тое, што яны расейцы» — піша Артыкс. Іншыя сябры партыі пагаджаюцца, што не любіць расейцаў за тое, што яны расейцы, — глупства.

На сайце зьявіліся праграмы некаторых кандыдатаў.

— А ці нельга сфальшаваць выбары? — пытаюся я ў Яна

— Сфальшаваць нельга. Некаторыя спрабуюць стварыць «ботаў», але іх «баніць» адміністрацыя.

— Якая цяпер палітыка беларускіх уладаў, і чаму ты лічыш, гэтую ўладу трэба мяняць?

— Нашая ўлада вядзе прарасейскую палітыку. Такое пачуцьцё, што наша краіна — марыянэтка Расеі.

Нядаўна пачалася вайна паміж Украінай і Расіяй. Ясна каго падтрымаў «чырвона-зялёны лягер».

— А зь якімі краінамі ў сьвеце супрацоўнічае віртуальная Беларусь?

— Мы сябруем з такімі краінамі як Харватыя, Ірляндыя, Украіна, Германія, Аргентына, Партугалія… У нас доўгі час быў ваенны канфлікт з саюзам ABC (Альянс Балтыйскіх Краінаў-Літва, Латвія і Эстонія).

Літве былі патрэбныя нашыя рэгіёны для паляпшэньня эканомікі. Паколькі мы значна слабейшыя за іх у ваенным пляне (150 байцоў у нас, 600 байцоў — у Літвы) мы пагадзіліся на кампраміс — арэнда Віцебска.

— Падзяліся плянамі на новую ўладу? Якія галоўныя пункты праграмы?

— Мы зьбіраемся вярнуць ўладу ў краіне беларусам. Выкарыстаньне беларускай мовы на дзяржаўным узроўні, адмова ад сьляпой прарасейскай палітыкі, паляпшэньне адносінаў зь іншымі суседзямі. Моц краіны залежыць ад колькасьці гульцоў. Беларусь цяпер адна з самых слабых краінаў у гульні.

За Беларусь гуляе 614 чалавек, яшчэ трое (сэрб, аргентынец і альбанец) стаяць у чарзе па беларускае грамадзянства. Альбанец сьцьвярджае, што насамрэч ён беларус, проста памылкова выбраў краіну. За розныя дзяржавы сьвету — 233 тысячы актыўных гульцоў.

Такі вось сьвет віртуальнай Беларусі — дзіўны і жорсткі. Увогуле, гульня дазваляе змадэляваць самыя нечаканыя павароты у сусьветнай гісторыі. Бальшыня гульцоў выбіраюць свае ўласныя краіны, канфлікты з рэальнага жыцьця знаходзяць сваё адлюстраваньне і ў інтэрнэце.

Яшчэ адзін гулец LibertIN мне выслаў спасылкі пра гісторыю. Як высьветлілася, у гульні ёсьць свае героі і легенды.

Увогуле, Беларусь стала незалежнай не адразу. Да гэтага беларусы гулялі за Паўночную Карэю і Расею.

​​Польшча, доўга ня думаючы, зладзіла ў Беларусі пераварот, а потым яшчэ адзін. Асноўны аргумэнт палякаў, што ў Беларусі мала ў каго ёсьць доступ да інтэрнэту. Завэрбавалі мясцовых, маўляў, дапамажыце Польшчы ў вайне з Расеяй. Другі пераварот быў зроблены пад соўсам «выцягнуць Беларусь з расейскай сфэры ўплыву».

«Пасьля ўвядзеньня Беларусі ў гульню, туды пачалі зьяжджацца мноства гульцоў з розных краінаў, якія перасьледвалі розныя мэты. Адны хацелі разбагацець за кошт казны (гэта палякі, румыны). Іншыя хацелі дапамагчы еБеларусі ўстаць на ногі (гэта, вядома, беларусы, украінцы, рускія)».

eRepublik — гэта стратэгічная онлайн-гульня з элемэнтамі сацыяльнай сеткі. Я бы сказаў, гэта сублімацыя сацыяльнай актыўнасьці. Асабліва для беларусаў, пазбаўленых магчымасьці ўдзельнічаць ў палітычных працэсах у рэальным жыцьці.

Каментары14

Цяпер чытаюць

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусь пагражае штрафамі кіроўцам, якія не перагналі літоўскія фуры на стаянкі4

Плот з пластыкавых бутэлек у Рэчыцкім раёне стаў хітом тыктоку4

У Віцебску заўважылі мядзведзяня2

«Абрэзаная шкарпэтка за 230 даляраў». У сетцы паднялі на смех навінку ад Apple — чахол-сумку4

У Беларусі можна пажыць ва ўласнай бурбалцы. Дзяўчына паказала незвычайны гатэль сярод лесу2

«Дзіця знікла — не змог застацца дома». Шосты дзень пошукаў Максіма Зяньковіча2

У Гомелі раскрылі забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненае ў 1991-м. Яе забіў 11‑гадовы брат11

Нашто блогеркі практыкуюцца ў «славянскім позірку»? Усё пачалося з Меланіі Трамп11

«Пачынаў з чатырох рублёў». Беларус за сем месяцаў страціў амаль паўмільёна ў анлайн-казіно4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць