На могілках Калодзішчы з'явіўся ўчастак для пахаванняў на заходні манер
Спецкамбінат камунальна-бытавога абслугоўвання зрабіў на могілках «Калодзішчы» пад Мінскам участак для газонных пахаванняў.
Традыцыйны надмагільны грудок тут не робіцца, а ўсе надмагільныя збудаванні выкананыя на адзіны ўзор у выглядзе выкладзенай на паверхню зямлі гранітнай пліты, на якую ставяць падгалоўнік з тэкстам.
— Першыя пахаванні на газонным участку зрабілі ў жніўні гэтага года, — паведаміў намеснік загадчыка Калодзішчаў Алег Валадзько. — Усе надмагільныя пліты — аднатыпныя, могуць быць чатырох розных колераў. Пакуль цяжка меркаваць, наколькі будзе запатрабаваны газонны ўчастак. Разлічаны ён на 360 пахаванняў.
Сваякі памерлых павінныя адразу аплаціць комплекс паслуг: надмагільную пліту, яе ўстаноўку і догляд месца. Агулам — каля 13 млн рублёў. Усе работы па доглядзе травянога покрыва, у тым ліку пакос травы і ўборку смецця, выконваюць працаўнікі могілак.
Каментары