Свет

У аўторак у Польшчы баставалі лекары

Яны дамагаюцца, каб іх зарплата не была меншай, чым 5 тысяч злотых — то бок 1 700 даляраў, альбо 11 даляраў за гадзіну.

У Польшчы у аўторак адбыўся аднадзённы папяраджальны страйк лекараў. У акцыі прынялі ўдзел супрацоўнікі больш за 250 шпіталёў ва ўсёй краіне. Страйк палягаў на тым, што адтрэмінавана апэрацыі, не працавалі паліклінікі, а мэдыцынскую дапамогу аказвалі толькі ў сытуацыі пагрозы для жыцьця. Там, дзе ня быў абвешчаны страйк, лекары пайшлі ў водпуск па ўласным жаданьні.

Пратэстуючыя дамагаюцца павялічэньня заробкаў, але яны падкрэсліваюць, што справа ня толькі ў зарплатах, а перад усім у рэфармаваньні службы аховы здароўя у Польшчы.

У акцыі не прынялі ўдзелу: хуткая дапамога, станцыі дыялізаў, анкалягічныя аддзяленьні, аддзяленьні інтэнсіўнай мэдыцынскай апекі й радзільныя аддзяленьні.

Калі да 21 траўня са страйкуючымі не сустрэнуцца прэм’ер‑міністар і міністар фінансаў, лекары заяўляюць, што пачнецца працяглы страйк.

Мэдыкі ў Польшчы змагаюцца ня толькі за годныя заробкі, але таксама за выпраўленьне стэрэатыпу лекара‑хабарніка. Таму лекары распачалі акцыю «Я не бяру хабару. Хачу нармальна зарабляць». Гэта таксама мэтад барацьбы з карупцыяй. Пра акцыю афіцыйна заявілі ў панядзелак у Варшаве. Той, хто падтрымлівае ідэю, прышпільвае да халата круглы значок зь белай ладоняй на чырвоным фоне й з надпісам «Я не бяру хабару. Хачу нармальна зарабляць».

Падчас прэс‑канфэрэнцыі ініцыятар праекту Павал Езерскі з Інстытуту псыхіятрыі й нэўралёгіі зьнішчыў вялікі канвэрт — сымбаль гэтак званай «удзячнасьці пацыентаў».

П. Езерскі: Гэты сымбаль павінен зьнікнуць са стэрэатыпу лекара. Таму я ўрачыста разрываю гэты канвэрт.

Павал Езерскі кажа, што акцыя перш за ўсё павінна зьвярнуць увагу грамадзтва на скандальна нізкія заробкі маладых лекараў.

П. Езерскі: Мы адкрыта хочам сказаць, што не жадаем быць горшымі за прыбіральшчыцу ў шпіталі. Я, напрыклад, у шпіталі зарабляю менш, чым прыбіральшчыца. Калі нехта носіць прышпілены такі значок, то гэта сыгнал, каб яму ніякіх карупцыйных прапановаў не рабіць, канвэрты з грашыма лепш схаваць, і прызначыць іх на іншыя мэты.

Кардыёхірург прафэсар Богдан Марушэўскі з Цэнтра здароўя дзіцяці ў Варшаве сказаў, што гэтай акцыяй лекары імкнуцца абараняць добрае імя прафэсіі, якое апошнім часам ганьбяць сэнсацыйныя паведамленьні СМІ. Паводле Марушэўскага, такія паводзіны журналістаў не дапамагаюць хворым і перашкаджаюць сумленным лекарам працаваць. Прасьцей апавяшчаць адзіночны скандальны прыклад, чым гаварыць пра сумбурную, але сумленную працу лекараў.

Б. Марушэўскі: Мне не падабаецца, калі мяне абражаюць, а я адчуваю сябе часткай гэтага асяроддзя й гэтай прафэсіі. Гэта перашкаджае таксама пацыентам. Пацыент павінен мець давер да лекара. Ведаць, што гэта сумленны чалавек, прыстойны й кампэтэнтны.

Старшыня Галоўнай лекарскай рады Канстанты Радзівіл чакае, што акцыя разбурыць стэратыпы, і падкажа, што ёсьць іншыя мэтады аказаньня ўдзячнасьці, чым уручэньне «канвэрту».

К. Радзівіл: Чалавек чалавеку можа проста падзякаваць. Напэўна могуць быць звычайныя кветкі й цукеркі, якія не парушаюць добрага стылю. Я зьвяртаюся да пацыентаў, каб яны такім чынам аказвалі удзячнасьць лекарам, якія лечаць іх блізкіх.

Экспэрт Фундацыі Баторага Гжэгаж Любаіньскі лічыць, што акцыя усё ж такі не зьяўляецца добрай ідэяй. Карупцыя ня мае нічога супольнага з заробкамі. Ён сказаў, што з дасьледваньняў, у якіх ён удзельнічаў, вынікае, што найбольш бяруць тыя, хто найлепш зарабляе.

Г. Любаінскі: Група, якая бярэ хабар, гэта ня тыя, хто найменш зарабляе, а тыя, пра каго згадваюць усе рапарты — група ардынатараў і прафэсараў — значыць тыя, хто найлепш зарабляюць.

Лекары дамагаюцца, каб іх зарплата не была меншай, чым 5 тыс. зл — то бок 1700 даляраў, альбо 11 даляраў за гадзіну.

Цяпер лекар на стажыроўцы зарабляе каля $370. Такая зарплата прымушае лекараў падзарабляць на некалькіх штатах і працаваць безь перапынку двое, а бывае, і трое сутак.

А калі да гэтага яшчэ дадаць недахоп мэдыцынскіх кадраў у Польшчы, то атрымліваецца ня вельмі цікавая карціна.

Польскае радыё для замежжа

Каментары

Цяпер чытаюць

У Гомелі раскрылі забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненае ў 1991-м. Яе забіў 11‑гадовы брат1

У Гомелі раскрылі забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненае ў 1991-м. Яе забіў 11‑гадовы брат

Усе навіны →
Усе навіны

У Гарадку прыватнік адкрыў сыраварню. Якія заробкі прапануе?1

Ксёндз у Беняконях трымае 300 індыкоў, кур і перапёлак2

Добраахвотнікі для пошуку Максіма Зяньковіча прыбываюць з усёй Беларусі, яго шукаюць пятыя суткі2

Хірурга з Беларусі ў Расіі пасадзілі за халатнасць. А з турмы яна пайшла на вайну супраць Украіны14

Падатак на электрамабілі ў Беларусі ўводзіць пакуль не плануюць2

Рыжанкоў заявіў, што Беларусь выступае за як мага хутчэйшае аднаўленне нармальнага функцыянавання мяжы з Літвой2

Дарадца прэм'ера Літвы: Беларусь адмовілася адкрываць эвакуацыйныя калідоры для літоўскіх фур6

Ад сёння Ryanair цалкам пераходзіць на лічбавыя пасадачныя талоны1

«Інтэрнэт у канкрэтнага абанента можа стаць яшчэ больш павольным». Каму дапамогуць штрафы за дрэнную сувязь?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Гомелі раскрылі забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненае ў 1991-м. Яе забіў 11‑гадовы брат1

У Гомелі раскрылі забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненае ў 1991-м. Яе забіў 11‑гадовы брат

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць