Архіў

Вiктар Ганчар: «Я адчуваю адказнасьць за краiну...»

№ 05 (126) 1999 г.


 Вiктар Ганчар:

«Я адчуваю адказнасьць за краiну...»

Абставiны вызваленьня Вiктара Ганчара, аслабленае пасьля зьняволеньня і сухой галадоўкі здароўе старшынi Цэнтравыбаркаму прымусiлi мяне задумацца над журналiсцкай настойлiвасьцю. Ведаючы, што пляны Камiсii па выбарах прэзыдэнта не разгалошваюцца,  а факты абыходжаньня зь Вiктарам Ганчаром у спэцпрымальнiку i вакол ягонага арышту будуць апiсаныя ў iншых газэтах, я спынiлася на тэме: Ганчар — чалавек i Ганчар — у сьвятле прынцыпаў газэты «Наша Нiва». Абавязкова хачу падзякаваць жонцы палiтыка i яму асабiста за выдзелены мне ў такi няпросты пэрыяд час.

«НН»: Мне здаецца, што так моцна рызыкаваць сваiм здароўем i нават жыцьцём можна хiба толькi ў iмя iдэi цi вельмi прагматычнай мэты...

Вiктар Ганчар: Насамрэч тут нават не было праблемы выбару. Для мяне асабiста выбар быў зроблены даўно. Калi, на вялiкi жаль, не застаецца iншых спосабаў i сродкаў для абароны сваiх прынцыпаў, прыходзiцца йсьцi на пакуты. У гэтым сэнсе, падкрэсьлiваю, праблемы выбару для мяне не было. А ўлiчваючы, што да ўсяго дадаецца пачуцьцё элемэнтарнай мужчынскай годнасьцi, сапраўды ровень матывацыi быў надзвычай высокi. І я магу сказаць, калі б для таго, каб адстаяць свае прынцыпы, трэба было пайсьцi на яшчэ большыя пакуты, я ня думаю, што для маёй матывацыi была б мяжа.

 

«НН»: Газэта «Народная Воля» напiсала «Вiктар Ганчар гатовы памерцi за вольную Беларусь». Месца й роля Беларусi як краiны ў вашым змаганьнi?

В.Г.: Стопрацэнтнае. Я б, можа, не пераходзiў на той высокi патэтычны ровень. Я гэта значна спрашчу, бо праўдзiвыя iнтэлiгенты заўсёды выражаюць самае патаснае дастаткова проста. І хоць я iнтэлiгент у першым калене i насамрэч не прэтэндую на асаблiвую iнтэлiгентнасьць, тым ня менш, для мяне гэта была праблема выбару для маёй краiны. Я проста не хачу жыць у краiне, дзе пануе беззаконьне i жудасны садызм.

 

«НН»: А Вы б змаглi жыць у Саюзе Беларусi i Расеi?

В.Г.: Гэтае пытаньне для мяне на сёньняшнi дзень абсалютна абсурднае. У нас ёсьць свая краiна, свой дом. І гэтыя словазлучэньнi не банальныя. Натуральна, што любы нармальны беларус стараецца навесьцi парадак у сваiм доме. А калi ўлiчыць, што я вырас на Захадзе, дзе традыцыйная мэнтальнасьць беларуса выражаная найбольш яскрава, для мяне гэта рэчы арганiчныя i зразумелыя. Калi ставiць пытаньне ў плоскасьцi нейкiх саюзаў, дык, апроч усяго, гэта супярэчыць мэнтальнасьцi беларуса, а Вы самi разумееце, што з пункту гледжаньня рэальных працэсаў — гэта ўсё павiнна быць ацэненае і з псыхiятрычных парамэтраў.

 

«НН»: Некаторыя заплянаваныя мной пытаньнi ўсё ж былi неадназначнымi для мяне самой — напрыклад, пра беларускасьць Ганчара. Магчыма, гэты бок Вашай асобы малавядомы, тым ня менш, што для вас ёсьць сымбалем беларускасьцi?

В.Г.: Сымбаль беларускасьцi для мяне — гэта мая мацi. Дастаткова яе ўбачыць, паслухаць. Мая мацi — гэта ўвасабленьне ўсяго самага добрага, што ёсьць у кожным беларусе. Па-першае, надзвачыйная адкрытасьць, чысьцiня i нават сьвятасьць. Даверлiвасьць. Усё гэта адначасова спалучаецца з асаблiвай манерай гаварыць, думаць, выказваць. Гэта для мяне сымбаль беларускасьцi.

 

«НН»: А цi ёсьць ў Вас любімая беларуская прымаўка?

В.Г.: Самая лепшая прымаўка, якую любiў паўтараць мой бацька: няма таго кепскага, што на добрае ня выйдзе.

 

«НН»: Чаму Вы вучыце свайго сына?

В.Г.: Рэч у тым, што я, нягледзячы на тое, што 5 гадоў выкладаў у ВНУ, нiколi не прэтэндаваў на высокае званьне пэдагога i стаўлюся да сваiх пэдагагiчных здольнасьцяў скептычна. Галоўнае правiла, якога прытрымлiваўся, i якое, мне здаецца, спрацоўвае, — служыць асабiстым прыкладам для майго сына. І ў вялiкiм, i ў драбязе. Тое, што мой сын з двух гадоў для мяне зьяўляецца чалавекам, за якога я нiколi не чырванеў i не саромеўся, гэта, вiдаць, i ёсьць вынiк майго пэдагагiчнага рэцэпту. А калi гаварыць па-мужчынску, я вельмi задаволены, што цяпер, калi ў сына такi ж самы памер як у мяне, праўда, пасьля галадоўкi ўжо большы за мой, з маёй падачы сын можа прабiць любую сьцяну. Я маю на ўвазе чыста мужчынскiя моманты. Гэта нягледзячы на тое, што яму 16 гадоў.

 

«НН»: На якiх прынцыпах вучылiся Вы?

В.Г.: Тое, што дадзенае ад Бога, тое, што ў характары — гэта не мае дасягненьнi. У 10-й клясе, калi быў па ўсiх паказчыках выдатнiкам, ішоў на «залаты мэдаль», напiсаў сачыненьне на тэму «Герой нашага часу». Улiчваючы, што тады быў канфлiкт i палiтычны скандал вакол Андрэя Сахарава, героем нашага часу стаў для мяне Сахараў. Паўгода тады мяне цягалi ў КГБ. Цяпер гэта гучыць анэкдатычна, сьмешна, але гэта так. І тут я б не хацеў пераводзiць усё ў сфэру патэтыкi. Хацеў апэраваць простымi паняцьцямi — я зь дзяцiнства баранiў усё тое, што было зьвязана з маiм разуменьнем годнасьцi, баранiў гэта любымi спосабамi. Без перабольшаньня. Мяне нават нiколi ў жыцьцi бацька не караў, бо ведаў, што гэта бяз сэнсу.

 

«НН»: Людзям, якiя па-за вiрам палiтычных падзеяў, i людзям, якiя ў iх, усё цяжэй псыхалягiчна страваваць беларускую сытуацыю. Зьяжджаць? А навошта? Асоба найлепш можа рэалізавацца на радзiме... Як бы гэтую сытуацыю схарактарызвалi Вы?

В.Г.: Я, у першую чаргу, адчуваю адказнасьць за краiну. І гэта таксама ня фраза. На жаль, апошнiм часам сапраўды кожны чалавек падзяляецца: з аднаго боку ён звычайны чалавек i ва ўмовах, калi ён элемэнтарна змагаецца за iснаваньне, змушаны ўключаць нейкiя абмежавальныя нават не бар’еры, а iнстынкты. І ў сытуацыi, калi ўсё грамадзтва псыхалягiчна i маральна задушана, а некаторыя проста лiквiдаваныя, чакаць ад простых людзей высокiх праяваў самасьведамасьцi — пры ўсёй павазе да майго народу — не выпадае. У сувязi з гэтым у мяне адзiнае пачуцьцё — адказнасьцi. Як iнтэлiгенту, як чалавеку, якi, бязь лiшняй сьцiпласьцi, адносiць сябе да элiты, — мне важна несьцi адказнасьць за сваю краiну, каб для кожнага беларуса стварыць тую нармальную палiтычную, сацыяльную, культурную й эканамiчную атмасфэру, якая б была роднай i блiзкай жаданьням i мэнтальнасьцi. Тое, што робiцца з краiнай цяпер, i гэта без усялякага перабольшаньня, — сапраўдная нацыянальная трагедыя.

 

«НН»: Сакавiк багаты на сьвяты. Сёньня — Дзень Канстытуцыi, у імя якой i паводле якой мы ўсе жывем i дзейнiчаем цяпер. 25-га — Дзень Волi. Да апошняга часу — элiтарнае сьвята. Цi ёсьць 25-га сакавiка адметным днём для Вас, Вiктар?

В.Г.: Маёй любiмай дысцыплiнай у школе была гiсторыя. На жаль, да пэўнага часу я ня меў магчымасьцi вывучаць гiсторыю з рэальных першакрынiцаў, якiя ствараюць аб’ектыўную карцiну. Шмат якiя рэчы я, натуральна, пераасэнсаваў. Для мяне 25-га сакавiка — гэта дзень, якi, ня ў першую чаргу — я не магу так сказаць, бо шмат што зьвязана з выхаваньнем, традыцыяй, — але для мяне цяпер гэты дзень, якi ў шэрагу iншых памятны, зьяўляецца сымбалем нашай дзяржаўнасьцi, нашай нацыянальнай годнасьцi.

 

«НН»: Што б Вы перадалi тым, хто змагаўся за Вас i тым, хто змагаецца супраць Вас?

В.Г.: Што да апошнiх — гэта не ў маiх правiлах, прынцыпах — асуджаць. Я ўдзячны перадусiм жонцы i журналiстам. Толькi яна i толькi яны забясьпечылi такi вынiк супрацьстаяньня...

 

«НН»: Спадар Вiктар, Вы думаеце, што гэта ўжо разьвязка?

В.Г.: Рэч у тым, што я чалавек вельмi прагматычны. Таму любы вынiк я разглядаю як фундамэнт для новых дзеяньняў. Гэта ня толькi вынiк. Гэта вялiкая наша з Вамi i маральная, i палiтычная перамога. У нас ёсьць грунт для ўратаваньня нашай краiны.

 

«НН»: Сваiм прыкладам Вы адрадзiлi надзею ў многiх людзей. А гэта вялiкая адказнасць, калi табе паверылi людзi. Ідзем да канца?

В.Г.: Безумоўна. Для мяне праблемы выбару тут не iснуе. Якiм бы чынам ні разьвiвалiся падзеi, усё, што зьвязана з маёй чалавечай i службовай адказнасьцю за той працэс, да якога спрычынiлi лёс, народ, Вярхоўны Савет, я свой абавязак выканаю. Пры любых умовах i абставiнах, сцэнарах, бо, на жаль, ня ўсё залежыць ад нас i нашых намаганьняў. Я ўпэўнены, што сёлета лёс Беларусi кардынальна зьменiцца: мы будзем з новым кiраўнiцтвам i новым прэзыдэнтам.

Гутарыла Вольга Караткевiч


Каментары

Цяпер чытаюць

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных36

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Усе навіны →
Усе навіны

Пачаўся суд над забойцам Чарлі Кірка Тайлерам Робінсанам5

На 10 гадоў асудзілі мінчука за ДТЗ, у якім загінулі чатыры чалавекі

Запланаваныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі з дэлегацыяй ЗША адбыліся4

Як цяпер жыве «суровы турыст» з Беларусі, які стаў знакамітым 12 гадоў таму7

55‑гадовага жыхара Мазыра адправілі за краты па папулярным палітычным артыкуле

Паглядзіце, як выглядае Мінск перад Усебеларускім народным сходам14

Карлас Алос: Звальненне са зборнай Беларусі — абсалютна нечаканае2

Дзясяткі краін ахапіла новая хваля грыпу, прыйшоў новы небяспечны штам3

Кіроўцы «Яндэкс-таксі» ў Беларусі абмяркоўваюць ідэю забастоўкі 15 снежня15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных36

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць