Архіў

Сяргей Паўлоўскі. Рыса аселасьці

№ 33 (154), 6 — 13 сьнежня 1999 г.


 

Сяргей Паўлоўскі

Рыса аселасьці

 

За апошнія 10 гадоў колькасьць жыдоў у Беларусі скарацілася радыкальна, амаль у 5 разоў — да трыццаці тысяч. У параўнаньні зь перадваенным часам — жменька людзей. Ня стала іх, ня стала і нас. Іх — колькасна, нас — роўна настолькі ж — якасна. Яны перамясьціліся ў Ізраіль і Амэрыку, везучы ў сваіх валізах незапатрабаваныя намі ізумруды нашай гісторыі і нашага духу, з мацерыка Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Яшчэ да вайны жыды складалі палову насельніцтва беларускіх, польскіх і літоўскіх гарадоў і мястэчак. У Расею іх не пускалі, таму рыса аселасьці была тут. Не ў апошнюю чаргу менавіта дзякуючы ім гэтая паласа зямлі ад Балтыйскага да Чорнага мора набыла адзінства і свой характэрны выгляд, які ў нас асацыюецца з ВКЛ. Сёньня мы, беларусы, існуем у стане поўнай адчужанасьці зь літоўцамі ды ўкраінцамі і задаемся пытаньнем: як гэта мы з гэтымі народамі пражылі ў межах адной краіны паўтысячы гадоў? Аднак варта ўявіць сабе колішняга падарожніка ад Каралеўца да Крыма, які паўсюль сустракаў жыдоў, а яшчэ татараў і польскамоўную шляхту, каб зразумець, што гэтая зямля мела адзіны культурны ляндшафт. Менавіта жыды ўтваралі нашую супольнасьць, нашае цэнтральнаэўрапейскае адзінства.

У Расеі іх не любілі, таму слова «жыд» у расейскай мове стала абразьлівым. З русіфікацыяй тое ж панесьлі і сюды. Літоўцы трымаліся за свайго «жыдаса», палякі — за свайго «жыда», інстынктыўна разумеючы, што той, хто зрабіў імя іншае нацыі ў сваёй мове абразаю, не ад тае нацыі адняў, а ад сябе. Не любіць жыдоў у Беларусі не было падставаў ніколі. Нелюбоў прыйшла разам з русіфікацыяй.

Аднак і прынесены нам наўзамен «жыда» куртаты ў беларускім гучаньні расейскі «яўрэй» не прыжываўся. Спатрэбілася забараніць мноства клясычных тэкстаў беларускай літаратуры, у тым ліку і Купалаў верш «Усебеларускія жыды», каб правесьці гэтую ўніфікацыю, каб і мы пачалі разьвіваць у сабе пачуцьцё бытавога антысэмітызму. Зьмены cтаўленьне да жыда сталі зьменаю стаўленьне да беларуса. Калі жыд — абраза, тады і беларус — абраза. Жыд — скнара, а беларус — калхозьнік. І далей — пшэк таргаш, украінец — хахол, літовец — лабус. Абразы, абразы... Харошы толькі расеец, які шчодра дзяліўся з намі сваім імпэрскім шавіністычным досьведам. І мы прымалі, не разумеючы, што фатальна страчваем сябе.

Калі вы шукаеце ў Менску асаблівае духоўнасьці гораду і не знаходзіце, калі вы спрабуеце адчуць дух Вялікага Княства і не адчуваеце, калі ў вас не заладжваецца гаворка з палякам, літоўцам або ўкраінцам, я магу дапусьціць, з-за чаго гэта і якая зьвязка выпала з колішняе супольнасьці. Разам з жыдамі і яшчэ хіба з татарамі, у гэткай чалавечай разнастайнасьці і побач з прыкладамі суседніх тыранічных дзяржаваў ВКЛ нагадвала Амэрыку часоў стварэньня найстарэйшай у сьвеце канстытуцыі. Можа таму паўстаў у нашым краі ўжо ня надта зразумелы сёньня фэномэн талерантнасьці...

Але іх няма. Няма і нас. І калі яны зьехалі зь незапатрабаванымі ізумрудамі нашай супольнай духоўнасьці, дык мы пакінулі сабе ад іх адно голы і ні на чым не ўгрунтаваны антысэмітызм і калхозную беднасьць духу. З тым і засталіся, бясконца задоўжыўшы свой шлях да самых сябе. Беларус не пачуваецца гаспадаром у сваёй краіне, бо жыве не ў Беларусі, а ў чужой пакінутай паласе аселасьці.


Каментары

Цяпер чытаюць

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных24

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Усе навіны →
Усе навіны

«Надакучылі сустрэчы дзеля сустрэч». Трамп расчараваўся і ў Пуціне, і ў Зяленскім26

Кіраўнік стаўбцоўскай вертыкалі сабраў мясцовых бізнэсменаў на беразе Нёмана і прачытаў ім ідэалагічную лекцыю7

Зяленскі гатовы правесці рэферэндум па будучыні Данбаса10

У Беларусі выпусцілі ружовы сыр з водарам прасека4

«За мой кошт каталі незразумела каго». Беларуска заўважыла, што з яе польскай карты спісваюцца грошы за чужыя паездкі ў таксі па Тбілісі4

МАК зняў забарону на арганізацыю міжнародных спаборніцтваў у Беларусі10

Чатыры кампаніі з беларускімі каранямі здолелі прабіцца ў топ-2000 найбуйнейшых бізнэсаў Польшчы

Перакладчыца ў Еўрапарламенце плакала, перакладаючы расказ 11‑гадовага ўкраінскага хлопчыка ВІДЭА9

«Мадура застаўся зусім адзін». Ці прыйдуць на дапамогу Венесуэле яе шматгадовыя саюзнікі?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных24

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць