Архіў

Сяргей Харэўскі. Руйнаваньне

№ 8 (165), 21 — 27 лютага 2000 г.


 

Руйнаваньне

У Ракаўскім прадмесьці Менску зьнікае яшчэ адна старасьвецкая камяніца

 

Гэты дом цікава гледзеўся з колішняй Замкавай вуліцы. Калі ты крок за крокам набліжаўся да яго, ён то вызіраў з-за іншых будынкаў, то прападаў. І толькі, было, выйдзеш да скрыжаваньня Замкавай і Дзімітрава, як ён раптам раскрываўся цалкам. І рабіў уражаньне саліднае будыніны. Хоць, калі йсьці зьверху, са Шпалернай, ён здаецца карузьлікам са стрэшкаю-ярмолкаю ў засені старых дрэваў. Па вясьне ён убіраўся ў бэзавае шумавіньне, а пад восень плакаў кляновым лісьцем. Калі яшчэ школьнікам я прамінаў яго, дык міжволі думалася, што ў ягоных таўшчэзных мурах поўна таямніцаў.

Дзімітрава, 3. Гэты будынак XIX стагодзьдзя — былая сынагога. Як і належыць юдэйскім бажніцам, ён сьціпла аздоблены звонку. Пара прастакутных філёнак пад вокнамі й магутны гзымс пад страхою. На другім паверсе некалі была прасторная малельная заля, падзеленая на дзьве паловы: квадратную, мужчынскую, і вузейшую, жаночую. Вялікія вокны заліваюць памешканьне роўным сьвятлом. А на першым паверсе некалі была жыдоўская школка зь бібліятэкай — утульна й зручна ўладкаваныя.

Павал Шпілеўскі пісаў у 1853 годзе: «Па левы бок Нізкага рынку, у накірунку да вуліцы Ракаўскай, цягнуцца сьціснутыя каменныя дамы; паміж гэтымі пабудовамі асабліва адметныя муры жыдоўскае школы ці сынагогі».

Некалі сынагогі былі ледзь ня ў кожным менскім квартале. Але няма ўжо і тых кварталаў. Цудам ацалела гэтая старасьвецкая сынагога. Менскія жыды зь піетэтам ставіліся да гэтага дому. У 1978 годзе, калі вернікі-юдэі пачалі патрабаваць сабе месца для бажніцы, гаворка зайшла менавіта пра гэты будынак. Жыдоўская абшчына з Чыкага хацела дапамагчы з рэстаўрацыяй. Тады помнік быў бы ўратаваны. Але ў ЦК КПБ памаракавалі і далі пад сынагогу халупу на Старажоўцы, далей ад вачэй. Вось з таго часу і мастакі пачалі адчуваць сябе ў «падвешаным» стане. Лёс будынку штогод стаяў пад пытаньнем. Бо вакол зьнішчаліся цэлыя кварталы. Гэта апошні дом, які застаўся на былой Вялікай Татарскай, бязмэтна зьнішчанай на нашых вачах.

Дом знаходзіцца на балянсе Саюзу мастакоў. У ім — дзевяць мастацкіх майстэрняў. Аднак Саюз нібы ня мае сродкаў на яго ўтрыманьне й таму ставіць дом на «кансэрвацыю», з мэтаю далейшае «рэканструкцыі». Чым сканчаюцца гэткія рэканструкцыі, вядома.

Але перадусім сьцены гэтага дому маюць мэмарыяльнае значэньне. З 1948 году, пасьля капітальнага рамонту гэты будынак перадалі мастакам. Тут працавалі многія славутыя творцы. Вітальд Бялыніцкі-Біруля, Зянон Паўлоўскі, Раіса Кудрэвіч, Адольф Гугель, Яўген Красоўскі, Яўген Кулік, Яўген Ціхановіч, Генрых Ціхановіч... Тутака ж часта бываў госьцем Якуб Колас.

Калі ў руйнаваньні Менску і ёсьць лёгіка, дык гэта лёгіка вынішчэньня беларускае памяці. Апошняя старонка ў гэтай гісторыі — ліст да мастакоў ад іхнага Саюзу: «У сувязі з пастаноўкаю будынку па вул. Дзімітрава,3 на кансэрвацыю, Беларускі саюз мастакоў прапануе вызваліць памяшканьне, здаць ключы ад уваходных дзьвярэй і электраабагравальнікі да 20 студзеня 2000 году». Подпіс намесьніка старшыні Саюзу Ўладзімера Басалыгі.

Пакрысе мастакі разыходзяцца, развозяць свае творы, унікальныя калекцыі ды архівы. Асяродак памірае. Яшчэ пройдзе колькі часу, і мы будзем знаходзіць менскую беларушчыну толькі на старонках дзёньнікаў.

Сяргей Харэўскі


Каментары

Цяпер чытаюць

На вайне з Украінай загінуў сын былога міліцэйскага начальніка з Віцебска

На вайне з Украінай загінуў сын былога міліцэйскага начальніка з Віцебска

Усе навіны →
Усе навіны

Малады ратавальнік з Асіповічаў стаў Бульбашом і загінуў на вайне за Расію26

Чым страшнейшая кладзешся спаць, тым прыгажэйшая прачынаешся: модніцы апантаныя экстрэмальным начным доглядам4

Бацькам загінулай Веры даслалі з М'янмы дзіўную даведку аб яе крэмацыі3

Еўропа і Украіна распрацоўваюць план па завяршэнні вайны з 12 пунктаў6

Чаму мы прайгралі ў 2020 годзе? Развагі Міколы Дзядка120

«Гуляць нельга!!!» У краме цацак «Палессе» настойліва просяць нічога не чапаць18

Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту не дапусціла беларусаў з нейтральным статусам да гульняў у 2026 годзе2

Шкоду ад скрадзеных з Луўра каштоўнасцяў ацанілі ў 88 мільёнаў еўра4

У Расіі ўзарвалі чыгунку на ўчастку Пскоў-Пецярбург1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вайне з Украінай загінуў сын былога міліцэйскага начальніка з Віцебска

На вайне з Украінай загінуў сын былога міліцэйскага начальніка з Віцебска

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць