Архіў

Аляксей Знаткевіч. Кожнаму свая вайна

№ 42 (199), 16 — 23 кастрычніка 2000 г.


 

Аляксей Знаткевіч

Кожнаму свая вайна

 

Калі я чытаў напярэдадні выбараў у “палату” вынікі сацыялягічных апытаньняў, дзе гаварылася, што тры чвэрці выбаршчыкаў гатовыя ісьці галасаваць, дык прыгадаў гісторыю аб тым, як Вук Драшкавіч ледзь не распаліў вайну ў Афрыцы. Так, той самы Драшкавіч, чыя партыя адзіная сярод югаслаўскай апазыцыі не падтрымала на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах Воіслава Каштуніцу і вылучыла ўласнага кандыдата. Кандыдат той ляснуў, і Драшкавіч падаў у адстаўку, прызнаўшы сваю памылку.

Але зараз вядзецца не пра 2000 год, а пра гады 1970-я, калі будучы пісьменьнік і лідэр югаслаўскай апазыцыі працаваў карэспандэнтам агенцыі навінаў ТАНЮГ. Агенцыя тая была для Югаславіі нечым кшталту савецкай ТАСС. Каб там працаваць, трэ было добра ведаць па меншай меры адну замежную мову. Невядома, ці абавязкова было яшчэ й супрацоўнічаць з адпаведнымі службамі, але ад іспыту па замежнай мове не вызваляўся ніхто.

Драшкавіч, аднак, ведаў пару чалавек з атэстацыйнай камісіі, і тыя параілі яму завучыць на памяць размоўную тэму “Мой дзень”. На чысьцюсенькай ангельскай мове ён распавядаў пра свой сьняданак, чышчэньне зубоў, ад’езд на працу ды напісаньне навінаў. Але ўсё сапсаваў адзін зь сябраў камісіі, які нічога ня вядаў пра Драшкавічаву дамоўленасьць са сваімі калегамі. Ён запытаўся на такой самай чыстай ангельскай: “А Вы свае артыкулы друкуеце на машынцы ці пішаце?” Тут Драшкавічу нічога не заставалася, як толькі абурана выпаліць загадзя завучаную фразу You broke my concentration! (Вы парушылі маю канцэнтрацыю!) ды выйсці з пакою. Астатнія сябры камісіі запэўнілі небараку, які палез з пытаньнямі, што “гэты журналіст мае вельмі далікатную натуру, але ж Вы самі бачылі, як ён добра шпарыць па-ангельску”. Драшкавіч пасьпяхова здаў іспыт і празь нейкі час паехаў працаваць карэспандэнтам ТАНЮГу ў Замбію.

У той час на тэрыторыі Замбіі, недалёка ад сталіцы краіны, Лусакі, былі базы паўстанцаў з Патрыятычнага фронту з суседняй Зымбабвэ, тады яшчэ Паўднёвай Радэзіі. Паўстанцы раз-пораз рабілі рэйды празь мяжу - змагацца зь мясцовым урадам белых расістаў. У адказ радэзійцы бамбавалі тыя базы, а прэзыдэнт Замбіі Кенэт Каунда штораз выступаў па мясцовай тэлевізіі ды заклікаў народ “яшчэ цясьней аб’яднацца, каб даць рашучы адпор агрэсарам.”

Ці то ангельская мова замбійскага прэзыдэнта была незразумелая для югаслаўскага вуха, ці то Драшкавіч ня надта палепшыў свае веды з часу іспыту, але пасьля першай такой прамовы ён вырашыў, што Замбія абвесьціла вайну Паўднёвай Радэзіі. Ён неадкладна перадаў гэткую сэнсацыю ў Бялград, а ТАНЮГ, звыклая давяраць сваім карэспандэнтам, тэрмінова распаўсюдзіла навіну.

Сярод кліентаў ТАНЮГу была і брытанская агенцыя Reuters. У брытанцаў быў свой карэспандэнт у Лусацы, але яны падумалі, што югаславы, пэўна, атрымалі навіну па дыпламятычных каналах - у Югаславіі былі вельмі добрыя адносіны з Замбіяй. Таму Reuters неадкладна перадала сваім кліентам вестку аб новай вайне са спасылкай на ТАНЮГ.

На бяду, сярод кліентаў Reuters быў і ўрад Паўднёвай Радэзіі. Даведаўшыся, што іхнай краіне абвешчана вайна, радэзійцы пачалі сьцягваць войскі да мяжы з Замбіяй. Замбійскія дыпляматы ўсё ж такі здолелі растлумачыць, што ніхто нікому вайны не абвяшчаў, і ў апошні момант канфлікт быў прыдушаны ў зародку. Югаслаўскага амбасадара ў Лусацы выклікалі ў міністэрства замежных справаў, дзе яго, ледзь ня плачучы, вінавацілі ў правакацыі. Празь нейкі месяц Драшкавіч звольніўся з ТАНЮГу.

Распавёў гэтую гісторыю дырэктар прыватнай югаслаўскай агенцыі навін “Бэта” Радамір Дзікліч, які бажыўся, што кожнае слова ў ёй праўда. Дык вось, тая патэнцыйная вайна лезла мне ў галаву, калі я бачыў лічбы ахвотных прагаласаваць, што публікаваліся са спасылкай на няўрадавыя сацыялягічныя цэнтры напярэдадні ўчорашніх выбараў. Розьніца ў лічбах паміж рознымі апытаньнямі сягала 25% - рэч дзіўная, якую навукай ня вытлумачыш. Што паробіш, вайна ў кожнага свая.


Каментары

Цяпер чытаюць

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях3

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве прайшоў Марш Свабоды ФОТЫ14

Мілінкевіч: Калі ў 2020 годзе ў беларусаў яшчэ быў геапалітычны выбар, то цяпер яго няма5

У Мінску з'явіцца спарткомплекс з выхадам да набярэжнай. Будаўнікі паказалі, што там цяпер

Прадалі сядзібу Хлюдзінскіх у Шумілінскім раёне

Блогера Пятрухіна не пусцілі на «Новую Беларусь» — у выніку ён вёў стрым з-пад будынка13

Фанаты Макса Каржа апанавалі Варшаву9

Ціханоўскі расказаў, што плануе рабіць падчас візіту ў ЗША і чым яму дапамог Пракоп'еў4

Ціханоўская: Нельга дапусціць, каб з Беларусі знялі санкцыі без вызвалення палітвязняў28

Зяленскі: Пазіцыя Расіі ніяк не змянілася4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях3

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць