Архіў

Андрэй Дубіна. Much ado about nothing

№ 31 (240), 30 ліпеня 2001 г.


 Much ado about nothing

“НН” у №211 зьмясьціла пералік праблемаў, якія абмяркоўвалі ўдзельнікі нарады па пытаньнях упарадкаваньня клясычнага правапісу, што адбылася 3 студзеня. Чытаю: “Існуе праблема напісаньня абоў фіналях іншамоўных слоў (міністар, але містэр, кадар, але лідэр)”. Думаю, гэтая праблема ня вартая абмеркаваньня, бо кантэксты тут вельмі розныя. Галосны ў канцы слова кадар ня мае нічога супольнага з галосным у канцы слова лідэр з тае прычыны, што ў кадры галосны ўстаўны, ягоная функцыя — зрабіць магчымым складападзел. Беларускі складападзел базуецца на санорнасьці (спрашчаючы справу, можна было б сказаць, што чым бліжэй да санорнага, тым больш санорным павінен быць зычны). Калі прааналізуем корань кадар, пабачым, што спалучэньне -др на канцы парушае прынцып санорнасьці, бо гук [д] менш санорны за гук [р]. Адсюль устаўка галоснага [а]: ка-дар. Натуральна, у пазыцыі, калі складападзел магчымы дзякуючы, прыкладам, галоснаму ў канчатку, устаўленьня няма: кад-ра-мі, а ня *ка-да-ра-мі. Што ж да галоснага ў слове лідэр, дык ён не ўстаўны, ад самага пачатку ёсьць часткаю адпаведнае марфэмы й захоўваецца ўва ўсіх формах (параўн.: лідэр — лідэрам, а ня лідэр — *лідрам). Гэтае [а] ў слове кадар зусім не зьяўляецца вынікам аканьня тыпу кадэр — кадар! А нават калі дапусьціць, што ўстаўным першапачаткова зьяўляецца [э], які потым падпадае пад аканьне, з гледзішча моўнае тыпалёгіі няма нічога дзіўнага ў тым, што нейкі працэс (у нашым выпадку аканьне) стасуецца да ўстаўных галосных, а не стасуецца да галосных, якія ёсьць часткаю кораня або іншых марфэмаў.

Чытаем далей: “Існуе разнабой у склонавых формаў назоўнікаў на -тар (міністар — міністра, кампутар — кампутара)”. Дык такіх “разнабояў” у нашай мове хоць гаць гаці. Да прыкладу, чаму гэта, шаноўныя, сон — сну, але дом — дому. Узяць ды зуніфікаваць: сон — сну, дом — ... дму. От будзе парадак! Ізноў жа, праблему бачаць там, дзе яе й блізка няма. У канцы слова міністар, як ужо растлумачана вышэй, [а] — устаўны. Адпаведна, пры дадаваньні канчаткаў устаўнога галоснага няма, бо складападзел робіцца магчымым дзякуючы галосным у канчатках: мі-ні-стра, а не *мі-ні-ста-ра. У словах тыпу кампутар галосны ў заканчэньні -тар не ўстаўны; менавіта таму ён захоўваецца, калі дадаецца канчатак: кам-пу-тар, кам-пу-та-ра, а не *кам-пут-ра. Няма тут, як папраўдзе, разнабою.

Чытаем: “Ці дапушчаецца напісаньне ў пасьля зычных і на пачатку слоў у пазычаньнях (Франсўа, Ўолтэр)”. Цалкам сур’ёзна разглядаецца разбурэньне аднае з найбольш адметных карэляцыяў у беларускай мове — карэляцыі [в][ў]. З пункту гледжаньня традыцыйнае фаналёгіі, у нашай мове гэтыя гукі зьяўляюцца варыянтамі аднае фанэмы й знаходзяцца ў дапаўняльнай дыстрыбуцыі. Калі казаць прасьцей, там, дзе можа зьявіцца [в], ніколі ня можа зьявіцца [ў], і наадварот. Тое, што мы па-беларуску гаворым вада, а не ўада, і галоў, а не галов, аўтаматычна выключае раз і назаўсёды магчымасьць вымаўленьня (а таму й напісаньня) ў на пачатку складу перад галосным. Перафразуючы нашага земляка Дастаеўскага, калі [ў] можа зьявіцца перад галосным, значыць, усё дазволена.

Цяпер што да праблемы выбухнога [ґ] і фрыкатыўнага [г]. Ужо цягам прынамсі пяцёх стагодзьдзяў беларуская мова, пазычаючы словы зь іншых, захоўвае выбухное [ґ]. У старабеларускім пісьменстве яно перадавалася галоўным чынам праз спалучэньне кг (гл., прыкладам, Баркалабаўскую кроніку). У ХХ ст. для перадачы гэтага гуку выкарыстоўвалі літару ґ. Вяртаньне яе ў беларускую абэцэду, такім чынам, згоднае зь пісьмовымі традыцыямі. На гэта можна было б запярэчыць, што гэты гук зьнік з народнага маўленьня. Можна было б... калі б гэта было праўдай. Маёй сьв. памяці заходнебеларускай бабулі нават да галавы б не прыйшло, што з фрыкатыўным [г] можна вымавіць словы маґазын, ваґон альбо назву ейнага ўлюбёнага напою: ґазвада. У вымове маёй усходнебеларускай матулі, для якой усё, што на захад ад Слуцку, — Польшча, і ґанак, і ґвалт, і ґузік, і нават Ґена. Ды што спасылацца на ўласны досьвед, калі можна, да прыкладу, узяць “Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча”, выдадзены свайго часу Інстытутам мовазнаўства АН БССР, і выпісваць словы з выбухным [ґ] ня тое што тузінамі, а ледзь ня сотнямі. Тое, што ў маўленьні вялікай колькасьці беларускамоўных людзей зьнікае выбухны [ґ], гэта, як ні парадаксальна, беспасярэдні вынік русіфікацыі і ўплыву зрусіфікаванае наркамаўкі. Рэч у тым, што ў расейскім вусным стандарце няма карэляцыі [г] — [ґ]. Менавіта таму ў наркамаўцы таксама няма гэтае карэляцыі, але вынік уніфікацыі адрозны: замест паўсюднага выбухнога (як у расейскай) распаўсюдзіўся паўсюдны фрыкатыўны. Няўжо мы нават у тарашкевіцы маем захаваць вынік асыміляцыі? Няўжо трэба адмовіцца ад сыстэмы перадачы запазычаньняў, якой ужо з паўтысячы гадоў, толькі таму, што некаму здаецца, што “праблема літары ґ надуманая”?

Вельмі добра, што свайго часу сп.Вячорка надрукаваў праект правапісу, што дало штуршок дыскусіі над яго удасканаленьнем. Вельмі добра, што нарэшце зрушыла зь месца справа нармалізацыі тарашкевіцы й яе дастасаваньня да цяперашніх патрэбаў. Ёсьць ужо й пазытыўныя вынікі (прыкладам, замацаваньне пераходу і ў й пасьля галосных). Аднак трэба памятаць, што праца энтузіястаў мае як плюсы, гэтак і мінусы. З аднаго боку — шчырасьць у працы, з другога, на жаль, — непазьбежная ў такім выпадку партызаншчына, пра якую ў інтэрвію Радыё Рацыя казаў сёлетняй вясной праф.Падлужны. Шкада, што такія выдатныя постаці, як праф.Падлужны, чые працы з фанэтыкі наркамаўскага варыянту беларускае мовы застаюцца неперасягненым узорам беларускага мовазнаўчага дыскурсу, ды ўвогуле “дзяржаўнае” мовазнаўства не цікавяцца праблемай нармалізацыі несавецкага правапісу й праблемай існаваньня дзьвюх сыстэмаў беларускае мовы...

Андрэй Дубіна,
магістар факультэту нэафілялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту


Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў25

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Дзесяць лайфхакаў, як палепшыць працу пральнай машыны і лепш адмываць рэчы6

Некалькі сведкаў кажуць, што беспілотнікаў на Мінск ляцела два13

У якія краіны для беларусаў найбольш дарагія турыстычныя візы? Лідар нечаканы2

Індыйскія дактары падчас падрыхтоўкі пацыенткі да аперацыі выявілі новую групу крыві

У Японіі пасля землятрусу на бераг выкінула некалькіх кітоў ВІДЭА1

На Камсамольскім возеры ў Мінску канцэнтрацыя нафтапрадуктаў большая за дапушчальную ў 4,2 раза3

Ці можна праваслаўнаму дасылаць дыкпікі? «Калі яна сама просіць»11

На скляпеннях храма ў Мураванцы з’явіліся расколіны5

Трамп наклаў 25% пошліны на Індыю4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў25

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць