З усёй краіны
Зруйнавалі “Вежу”
Берасьцейскi абласны суд задаволiў пазоў аблвыканкаму i вырашыў лiквiдаваць цэнтар падтрымкi грамадзкiх iнiцыятываў “Вежа”. Фармальнай падставай для гэтага сталіся два нядаўнія папярэджаньні. “Вежу” абвiнавацiлi ў правядзеньнi сацыялягiчнага апытаньня перад прэзыдэнцкiмі выбарамі, а таксама ў выкарыстаньнi на сваiх блянках i пячатках слова “Берасьцейскi” замест “Брэсцкi” i назвы вулiцы “Савецкiх памежнiкаў” (замест “Савецкiх пагранiчнiкаў”). Прадстаўнiкi трэцяга сэктару лiчаць ліквідацыю “Вежы” чарговым прыкладам цiску беларускiх уладаў на недзяржаўныя грамадзкiя арганiзацыi краiны.
З “Волгаў” на “Мэрсэдэсы”
Магілёўская вобласьць стала наступнай пасьля Гомельшчыны, чыноўнікам якой Адміністрацыя прэзыдэнта дазволіла перасесьці з расейскіх “Волгаў” на больш прэстыжныя аўтамабілі. І ня толькі дазволіла, але й прэзэнтавала 28 “Мэрсэдэсаў-180”. Наступнай будзе Віцебшчына.
Будаўніцтва бібліятэкі
Набыў моц ўказ аб будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі. Бібліятэку на Ўсходзе ў Менску ўзьвядуць у 2002—05 г. 50% сродкаў ад каштарысу павінна паступіць з нацыянальнага бюджэту, па 10% унясуць Менск і Менская вобласьць і па 6% — астатнія вобласьці.
Барсукі ў нафце
На нафтаправодзе каля вёскі Барсукі пад Рэчыцай здарылася аварыя. Вылілася 8 кубамэтраў нафтавай эмульсіі, якая трапіла ў мэліярацыйны канал. Плошча забруджаньня 120 м2. Прычына — карозія мэталу.
Б.Т.
Супрацоўнікаў “Пагоні” чакае суд
Крымінальная справа супраць галоўнага рэдактара Міколы Маркевіча і журналіста Паўла Мажэйкі перададзеная ў Ленінскі суд Горадні. Абодвух вінавацяць у паклёпе на Лукашэнку. Суд можа адбыцца ўжо на пачатку красавіка. Сьледзтва адхіліла ўсе хадайніцтвы адвакатаў абвінавачваных. Галоўнае тычылася кампутарных раздруковак, на якіх трымаецца абвінавачаньне. Пракуратура палічыла, што яны – сьведчаньне публікацыі матэрыялаў “Пагоні” ў Інтэрнэце. Аднак журналісты пераканаліся на свае вочы, што раздрукоўкі зробленыя з кампутарнага дыску. Такім чынам, лічаць яны, у сьледзтва не было сапраўдных фактаў зьмяшчэньня публікацыяў у Інтэрнэце. Сьледчы Алег Кулевіч не палічыўся таксама з вынікамі трох літаратуразнаўчых экспэртызаў, якія сьцьвярджалі, што паклёпу ў публікацыях не было. Між іншым, дзьве экспэртызы рабіліся на замову сьледзтва.
Сяргей Краўцоў, Горадня
“Магутны Божа” – наш гімн
10 сакавіка ў Палацы мастацтваў праходзіла абмеркаваньне і прыняцьце нацыянальнага гімну Беларусі. Удзел у ім бралі пісьменьнікі, мастакі й палітыкі — усяго 133 чалавекі. За гімн “Магутны Божа” прагаласавалі 63 ўдзельнікі, за кант з “Полацкага сшытку”, апрацаваны кампазытарам Кузьняцовым, — 27, гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” атрымаў 23 галасы, “Пагоня” — 19, “Радзіма мая дарагая” Алеся Бачылы — 1. На фота: Аляксей Марачкін, Павал Севярынец, Вольга Іпатава (зьлева направа) на сходзе.
СЁЛЕТА СТРАЦЯЦЬ ПРАЦУ 170 тыс. менчукоў. Найбольшыя скарачэньні чакаюцца на трактарным, гадзіньнікавым і аўтарамонтным заводах, а таксама ў ААТ “Алеся”.
ЗЬНІКНЕ КУПЮРА ў адзін беларускі рубель, бо друк “зайчыка” каштуе болей за ягоны намінал. Зараз Міністэрства эканомікі рыхтуе загад, паводле якога ўсе цэны ды тарыфы мусяць “пакруглець” да 5 рублёў.
ЗА ХАЛОДНУЮ ВАДУ, каналізацыю і вываз сьмецьця з 15 сакавіка давядзецца плаціць на 20% болей.
6 КАМЭРЦЫЙНЫХ БАНКАЎ пазбаўленыя ліцэнзіяў на працу з грашыма насельніцтва. Іхныя рэзэрвы ня могуць гарантаваць своечасовае вяртаньне ўкладаў. У “чорны сьпіс” патрапілі “Беларускі біржавы банк”, “Беларускі народны банк”, “Беларускі індустрыйны банк”, “Пошук”, “РРБ-Банк” і “Абсалютбанк”. Ліцэнзіі ім вернуць 1 студзеня 2003 г., калі да гэтага часу статутныя фонды банкаў узрастуць да 10 млн. эўра.
ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦІ ПА ЗАРОБКАХ за люты вырасьлі амаль удвая і агулам па Беларусі склалі каля 3,5 млн. даляраў. У найгоршым становішчы калгасьнікі (яны не атрымалі 99,5% ад сумы сваіх заробкаў за месяц), будаўнікі (9,5%), прамыслоўцы (9,4%), камунальшчыкі (5,8%), настаўнікі (5,4%) і культурнікі (3,8%).
САКАВІЦКІЯ ЗАРОБКІ бюджэтнікаў амаль ня зьменяцца. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны кажуць, што новую “мінімалку” ў 17 тыс. рублёў варта ўспрымаць толькі як найменшы гарантаваны паказьнік аплаты працы. А заробкі, сацыяльныя выплаты, пэнсіі, стыпендыі, а таксама штрафы цяпер будуць разьлічвацца зыходзячы з так званай “базавай велічыні”, якая, як і ранейшая “мінімалка”, складае 10 тыс. рублёў.
ТАКСОЎКІ падаражэлі на траціну. Цяпер кілямэтар каштуе 450 рублёў удзень (з 6 да 22 гадзін) і 675 рублёў уначы (з 22 да 6 гадзін).
БЭНЗЫН НЕ ТАНЬНЕЕ, бо гэтаму перашкаджаюць расейскія кампаніі-імпарцёры нафты. На ўнутраным рынку Расеі, у сувязі з сусьветным паліўным крызысам, цана нафты зьнізілася з 80—100 да 33—67 даляраў за тону. Нам яе расейцы дагэтуль прадаюць у сярэднім па 80 даляраў за тону. “Белнафтахім” ня можа даць рады кампаніям-імпарцёрам, бо не сплаціў ім даўгі па крэдытах.
СТАЎКІ ПАДАТКАЎ з грамадзянаў налета могуць зьмяніцца. Ва ўрадзе абмяркоўваюць два варыянты: увесьці адну для ўсіх стаўку ў 10% або дзьве стаўкі: 10% — “для бедных” і 15% — “для багатых”. Цяпер грамадзяне сплачваюць каля 9,5% падаходнага падатку.
ДВА ПАДЗЕМНЫЯ ПЕРАХОДЫ пачнуць будаваць на плошчы Незалежнасьці ў Менску з 1 красавіка. Раскопваць яе ўсю адразу ня будуць: па адным з бакоў мусіць рухацца транспарт.
РАЗЬЛІЧВАЦЦА ЗА ПАЛІВА, якое давалі ім цягам 1998—2000 г., калгасы і саўгасы могуць аж да наступнага студзеня. Праўда, урад запатрабаваў, каб леташнія “паліўныя” даўгі яны сплацілі раней — да 1 лістапада.
82% КОШТУ СПАЖЫТАГА ГАЗУ сплацілі ў студзені прадпрыемствы Беларусі. Летась гэты паказьнік быў пад 94%. Горш за іншых плаціць за газ канцэрн “Белэнэрга” — на яго прыпадае дзьве траціны даўгоў, бо зь ім не разьлічваюцца прадпрыемствы. У студзені яны заплацілі толькі за 76% электрычнасьці.
Сяржук Іваноўскі
Каментары