З 17 верасня па 25 кастрычніка 2025 года ў Мінску прайшоў XVI Нацыянальны фестываль архітэктуры, прымеркаваны да 90‑годдзя Беларускага саюза архітэктараў — найстарэйшага творчага саюза краіны. Шэраг пераможцаў паспеў праславіцца не ў лепшым сэнсе яшчэ задоўга да конкурсу.

Фестываль сабраў вядучых спецыялістаў і маладых аўтараў, аб’яднаўшы пад адным дахам выставы, майстар-класы, прэзентацыі і шэраг творчых конкурсаў. Галоўнай падзеяй стаў XXII Рэспубліканскі конкурс на найлепшы архітэктурны праект і пабудову, вынікі якога падвялі ў Рэспубліканскім доме архітэктара.
Сёлета ў конкурсе ўдзельнічала больш за 100 работ з усёй краіны. Журы ўзначаліў Аляксандр Аксенцьеў, галоўны архітэктар «Мінскграда», у склад таксама ўвайшлі дырэктар «ТМВ Праект» Іван Вінаградаў, намеснік дырэктара па архітэктуры «Мінскграмадзянпраекта» Аляксандр Цяльцоў, намеснік дырэктара па праектаванні «Гомельпраекта» Сяргей Цішкевіч, галоўны архітэктар Брэсцкай вобласці Мікалай Уласюк.
Пераможцам у кожнай намінацыі і раздзеле прысуджаюцца дыпломы першай і другой ступеняў. У залежнасці ад колькасці і якасці пададзеных праектаў журы можа не прысуджаць узнагароды па пэўных намінацыях або прысуджаць адразу два дыпломы пэўнай ступені. Найлепшая з усіх дасланых прац атрымлівае Гран-пры конкурсу.
Галоўная ўзнагарода конкурсу традыцыйна прысуджаецца дзвюм працам: вялікі Гран-пры — за рэалізаваную пабудову, а малы Гран-пры — за праект.
Гран-пры
Вялікім Гран-пры, якое ў 2023 годзе не прысуджалася ўвогуле, журы вырашыла адзначыць Інжынерна-тэхнічны цэнтр «Алютэх», пабудаваны па тэхналогіі хуткага ўзвядзення стальных будынкаў Astron. Ён знаходзіцца ў мінскіх Шабанах, у прамысловай зоне па вуліцы Сяліцкага.


Яго спраектавала беларускае бюро Viaset (архітэктары Дражын, Герус, Рахманько, Нікіценка, Міцько, Пятроўскі, Пішчалаў) у партнёрстве з нямецкай кампаніяй Architekten Wannenmacher + Möller GmbH (архітэктар Ваненмахер).
Летась гэты аб'ект атрымаў Гран-пры і залаты медаль на XXXII Міжнародным аглядзе-конкурсе Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў (МАСА).

Малым Гран-пры адзначаны праект рэканструкцыі будынкаў былых царскіх казармаў пад жылы квартал «Аляксандраўскі» ў Гродне, створаны творчым калектывам брэсцкага «Палессежылбуда», у які ўвайшлі архітэктары Кузьмук, Яканюк, Гнядзько, Суравец і Ткачук.
Гэты аб'ект таксама быў летась узнагароджаны на аглядзе-конкурсе МАСА дыпломам першай ступені сярод праектаў у намінацыі «Архітэктурная спадчына» — што выглядае як сапраўдны здзек, бо
паводле праекта архітэктурная спадчына — дзве гістарычныя казармы XIX стагоддзя — была дашчэнту знішчаная пасля атрымання забудоўшчыкам усіх неабходных узгадненняў.

Горадабудаўніцтва. Горадабудаўнічыя канцэпцыі, комплексы і праекты забудовы
Пабудовы:



Дыплом першай ступені — група шматпавярховых жылых дамоў у раёне вуліцы Нававіленскай у Мінску — творчы калектыў «Айрана»: Елісееў, Ягораў, Серабро, Пятрэнка, Лушчык, Сідзькова, Валянцінава, Крамко, Барысавец, Фёдараў і Русак.


Дыплом другой ступені — забудова паўднёва-заходняга жылога раёна №1 у Брэсце — творчы калектыў «Брэстпраекта»: Тамашэўскі, Качурка.
Іншыя праекты ў гэтай намінацыі не падаваліся.
Праекты:
Дыплом другой ступені — Акадэмія футбола Bcs Sports у горадзе Акапіяра (Бразілія) — творчы калектыў студыі «4 квартал»: Трусаў, Сідзельнікаў, Новікава.


Праект датуецца 2023 годам, але заказчыкам выступае беларуская кампанія «Спортс Дэвелапментс», якая была створана толькі ў пачатку 2024 года. Летась яна шукала паліглота, які б свабодна валодаў англійскай, нямецкай, партугальнай і сербскай мовамі, прапаноўваючы 14000‑22700 рублёў за месяц.
Грамадскія будынкі і збудаванні
Унікальныя, шматфункцыянальныя, культурна-масавыя аб’екты
Пабудовы:


Дыплом першай ступені — грамадска-адміністрацыйны цэнтр у раёне вуліцы Нававіленскай у Мінску — творчы калектыў «Айрана»: Лушчык, Серабро, Сарока.


Дыплом другой ступені — Мінскі міжнародны выставачны цэнтр у комплексе «Паўночны Бераг» — творчы калектыў «Эркер груп»: Міхалап, Агурцоў, Васільева, Павар. Заказчыкам выступаў «Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд».
Праекты:



Дыплом першай ступені — праект візіт-цэнтра у Прэкеcтулене (Нарвегія) — творчы калектыў «Arktik»: Таццяна Кескевіч, Яўген Ляшук, Адмір Чэрымагіч.
Праект, выкананы па заказе Prеikestolen Foundation, задуманы як лёгкая драўляная канструкцыя, што арганічна ўліваецца ў горны ландшафт і служыць прасторай для адпачынку і назірання за прыродай без парушэння яе натуральнага рытму.


Дыплом другой ступені — праект Грузінскага культурнага цэнтра «Джорджыя» па вуліцы Філімонава ў Мінску — творчы калектыў «ПГП»: Плюснін, Гаўрыкаў, Наважылаў, Лабковіч.
Будынак мусіць размясціцца ў парку Сляпянскай воднай сістэмы, дзе побач ужо пабудаваны гандлёвы дом Азербайджана. Зялёны дах мусіць легітымізаваць забудову зялёнай зоны ў сталіцы, але ніхто не можа гарантаваць, што ад яе раптам не адмовяцца ў час будаўніцтва.
Гандлёвыя, офісныя, адміністрацыйныя будынкі
Пабудовы:



Дыплом першай ступені — грамадскі будынак па вуліцы Вялікай Траецкай, 25 у Гродне — творчы калектыў «Інтэлсток інжынірынг»: Варабей, Жук.
Дом адзначыўся тым, што паспеў атрымаць адразу некалькі так званых фэйкавых узнагарод (vanity awards) — прэмій, якія дзейнічаюць паводле прынцыпу «плаці, каб перамагчы».
Улетку 2024 года паведамлялася, што названыя праекты атрымалі срэбную ўзнагароду International Architecture & Design Awards (IADA).
У красавіку 2025‑га кампанія абвясціла пра перамогу ў Arch Design Award 2025 у намінацыі архітэктурнага дызайну, а ўжо ў маі таго ж года — пра новую перамогу ў IADA, але гэтым разам у катэгорыі рэалізаванай пабудовы.



Дыплом другой ступені — гандлёва-забаўляльны цэнтр «Чэрвеньскі» на скрыжаванні вуліц Маякоўскага і Аранскай у Мінску — творчы калектыў «Мінскграмадзянпраекта»: Івашка, Сілівёнак, Куцыла, Лукічава, Шпакоўская, Каратоўцава, Аўдзеенка, Рудзіч.
Праекты:



Дыплом першай ступені — праект грамадскага будынка па вуліцы Будзённага, 52 у Гродне — творчы калектыў «Інтэлсток інжынірынг»: Варабей, Жук.



Дыплом другой ступені — грамадскі аб’ект у раёне транспартнай развязкі МКАД — Даўгінаўскі тракт у Мінску — творчы калектыў «ПраектГарантІнжынірынга»: Надзея Баярына, Канстанцін Савін, Яраслаў Таранаў, Валерый Марозаў, Сяргей Мяцеліца.
Аб’ект плошчай 2400 м², разлічаны на транзітны паток і жыхароў наваколля, аб’ядноўвае крамы, кавярню, фітнэс-цэнтр і пункты выдачы заказаў. Паводле апісання, архітэктура стварае плаўны пераход ад прыватнай забудовы да гарадской прасторы і становіцца выразным акцэнтам на вылетнай магістралі.
Адукацыйныя і медыцынскія ўстановы
Пабудовы:



Дыплом першай ступені — медыцынскі корпус экстранай хірургіі кардыяцэрэбра-сасудзістай паталогіі ў Магілёве — творчы калектыў «Магілёўграмадзянпраекта»: Рагаўцоў, Іванова, Сівакова, Сцяцюк, Навічэнка, Старавойтава, Рыбакова, Корзун.
Новы корпус экстранай хірургіі ў Магілёве — шматступенны будынак пераменнай паверхавасці (4—8 паверхаў) з унутраным дворыкам і тэхнічным чардаком. Ён мае два галоўныя ўваходы, спалучае аперацыйныя, палаты і дыягнастычныя аддзяленні.
Паводле апісання, будынак арганічна ўпісваецца ў гарадскі ландшафт і бачны з боку Дняпра, ствараючы выразны акцэнт у цэнтры горада. Такім непраўдзівым чынам апісваецца сітуацыя, калі пад будаўніцтва гэтага аб'екта ў гістарычным цэнтры Магілёве была знішчана без вывучэння ўся гістарычная забудова гарадской бальніцы, а новы корпус глухой сцяной узвышаецца над двума карпусамі, якія прызнаныя афіцыйнымі помнікамі архітэктуры.


Дыплом другой ступені — дзіцячы сад-пачатковая школа ў Слуцку — творчы калектыў «Мінскграмадзянпраекта»: Лаўрыновіч, Цыёнская, Кудрыцкая, Барыкіна, Какшарава.
Праекты:


Дыплом другой ступені — шматпрофільны стацыянар на 419 ложкаў у Находцы (Расія) — творчы калектыў «Белдзяржпраекта»: Камінская, Скробат, Грышчанкова, Худыш, Поляк. Гэта быў адзіны праект, пададзены ў гэтай намінацыі.
Жылыя дамы
Шматпавярховыя (больш за тры паверхі)
Пабудовы:

Дыплом першай ступені — 24‑павярховы жылы дом у 18‑м мікрараёне Гомеля — творчы калектыў «Гомельпраекта»: Бельцюкова, Карпенка, Пузееў, Кузькін, Капачова.


Дыплом другой ступені — блакаваны шматкватэрны дом па вуліцы Пскоўскай, 12 у Мінску — архітэктары Трусаў, Шаўчэнка.
Праекты:


Дыплом першай ступені — жылы дом па вуліцы Фаміна, 21 у Брэсце — творчы калектыў «Палессежылбуда»: Кузьмук, Яканюк, Гнядзько, Суравец, Ткачук.



Дыплом другой ступені — жылы дом па праспакце Машэрава ў Брэсце — творчы калектыў «АйранІнвестПраект»: Кашанскі, Ягораў, Казлова, Рынковіч.
Аднакватэрныя і малапавярховыя (1—3 паверхі)
Пабудовы:


Дыплом першай ступені — катэдж па вуліцы Чайкоўскага, 49 у Мінску — архітэктары Трусаў, Антанюк.



Дыплом другой ступені — «Дом на беразе поля» — архітэктар «АС+СА» Андрэй Салаўёў.
Іншых праектаў у гэтай намінацыі не паступала.
Праекты:




Дыплом першай ступені — «H I House» — творчы калектыў Бюро архітэктуры і дызайну «Куб»: Віктар Юрко, Андрэй Драневіч.



Дыплом другой ступені — дом і навес у садовым таварыстве «Дубрава-Міхалін» у Брэсцкім раёне — архітэктурная майстэрня Мартынава: Мартынаў, Дзямчук.
Рэканструкцыя будынкаў і збудаванняў
Пабудовы:



Дыплом першай ступені — рэгенерацыя тэрыторыі Ракаўскага прадмесця з рэканструкцыяй хлебазавода №1 — творчы калектыў «Мінскпраекта»: Перліна, Хворык, Урбан, Дзятко, Куцэнка, Кусянкова.




Дыплом першай ступені (былі прысуджаны два дыпломы — НН) — рэканструкцыя і рэстаўрацыя кінатэатра «Перамога» ў Мінску — творчы калектыў «Мінскграмадзянпраекта»: Лакотка, Саніна, Галіцкая, Лыгіна, Лары, Януш, Быкава, Буднік, Ячэйка, Кароль, навуковы кіраўнік Вашкевіч.



Дыплом другой ступені — трапезная ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры ў Полацку — творчы калектыў «Мінскграмадзянпраекта»: Даніленка, Кратовіч, Аўдзеенка.
Праекты:


Дыплом другой ступені — рэканструкцыя фасадаў адміністрацыйна-бытавога корпуса завода «MAV» у Дзяржынску — творчы калектыў «ПраектГарантІнжынірынга»: Надзея Баярына, Яраслаў Таранаў, Валерый Марозаў, Сяргей Мяцеліца.
Ландшафтная архітэктура і вулічны дызайн
Праекты:



Дыплом першай ступені — дызайн асяроддзя жылога комплексу «Левада» — творчы калектыў: Лідзія Леснякова, Вольга Геманава, Любоў Шыдлоўская, Ірына Бандаровіч.



Дыплом другой ступені — канцэпцыя добраўпарадкавання набярэжнай у Гродне — творчы калектыў «Інтэлсток інжынірынг»: Варабей, Жук.
Інтэр’еры
Інтэр'еры грамадскіх, адміністрацыйных і вытворчых аб'ектаў
Пабудовы:

Інтэр'ер «SH03. Школа талентаў» у Новай Баравой

Інтэр'ер «SH03. Школа талентаў» у Новай Баравой

Інтэр'ер «SH03. Школа талентаў» у Новай Баравой

Дыплом другой ступені — «SH03. Школа талентаў» у Новай Баравой — творчы калектыў «Pototskaya Architects»: Патоцкая, Плакса, Бараноўская, Лось.
Інтэр’еры школы пабудаваныя на прынцыпах адкрытасці, святла і свабоды дзеяння: вялікія шкляныя паверхні, насычаныя колеры і шматфункцыянальныя прасторы падтрымліваюць ідэю, што «талент — у кожным руху».
Праекты:


Дыплом першай ступені — інтэр’ер станцыі Маскоўскага метрапалітэна — творчы калектыў інстытутаў «Масінжпраект» і «Метраінжпраект»: Целяпнёва, Прасалоў, Васільеў.


Дыплом другой ступені — рэстаўрацыя будынкаў Лошыцкай сядзібы па вуліцы Чыжэўскіх, 17 і праезду Чыжэўскіх, 5 і 6 — творчы калектыў «Мінскграмадзянпраекта»: Лакотка, Саніна, Галіцкая, Лыгіна, Лары, Януш, Быкава, Буднік, Ячэйка, Кароль, навуковы кіраўнік Вашкевіч.
Інтэр'еры жылых памяшканняў
Пабудовы:


Дыплом першай ступені — інтэр’ер «Дзядовы жоран» — архітэктар Трусаў.


Дыплом другой ступені — інтэр’ер кватэры ў жылым комплексе «Depo» — творчы калектыў «I-Project»: Ігнацьеў, Быкаў.
Праекты:


Дыплом другой ступені — дызайн-праект кватэры па вуліцы Гогаля, 91 у Брэсце — Архітэктурная майстэрня Мартынава: Мартынаў, Грынёў.
Прамысловыя комплексы, будынкі і збудаванні
Праекты:


Дыплом другой ступені — канцэпцыя развіцця тэрыторыі па завулку Соф’і Кавалеўскай, 46 у Мінску — Архітэктурная творчая майстэрня АТМ: Шчапіла.



Дыплом другой ступені — навукова-вытворчы аб’ект па вуліцы Кіжаватава ў Мінску — творчы калектыў «ПраектГарантІнжынірынга»: Надзея Баярына, Канстанцін Савін, Яраслаў Таранаў, Валерый Марозаў, Сяргей Мяцеліца.
У намінацыі «Рэстаўрацыя» журы сёлета не прысудзіла ніводнага дыплома, хоць было пададзена тры праекты. Аналагічная сітуацыя і ў намінацыі «Манументальнае мастацтва» — на конкурс паступіла ўсяго адна работа, таму ўзнагароды таксама не прысуджаліся.
Гэта даволі паказальна: за два гады ў гэтых галінах не знайшлося дастаткова гатовых праектаў ці рэалізаваных аб'ектаў, вартых таго, каб іх прадставіць на суд журы нацыянальнага конкурсу.
З усімі праектамі, у тым ліку тымі, якія не занялі ніякіх месцаў, можна азнаёміцца ў архіве Беларускага саюза архітэктараў.
Як і раней, узровень работ вельмі розны: пераможцы ў некаторых намінацыях выглядаюць нашмат слабейшымі за тыя праекты, якія засталіся не адзначанымі журы ў іншых намінацыях. У некаторых намінацыях з года ў год адсутнічае хоць нейкая канкурэнцыя, а іншыя пераможцы маглі б быць адзначаныя толькі ў Беларусі за няйменнем лепшага.
Нягледзячы на тое, што Беларусь вялікая еўрапейская краіна, дзе актыўна вядзецца будаўніцтва, архітэктура тут часта ўспрымаецца не як адно з галоўных мастацтваў, а як адзін з раздзелаў да будаўнічага праекта — з камплектам чарцяжоў вузлоў і планіровак, але без вобразу, ідэі ці пачуцця прасторы.
Таму мастацкая вартасць большасці пабудоў у Беларусі рэдка дасягае таго ўзроўню, калі на іх сапраўды не сорамна глядзець, яшчэ радзей — калі іх не сорамна ўзнагародзіць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары