Архіў

Канфлікт у Саюзе пісьменьнікаў

№ 11 (273), 22 сакавіка 2002 г.


канфлікт у Саюзе пісьменьнікаў

Апарат узарваўся

Рада Саюзу пісьменьнікаў, што сабралася 19 сакавіка ў Доме літаратара, была незвычайнай. Склікалі яе апанэнты старшыні СБП Вольгі Іпатавай — ейныя ж намесьнікі.

 

Яны закідалі аўтарцы шматлікіх раманаў з жыцьця Беларусі княскае пары аўтарытарны стыль кіраўніцтва (“звольніла ўвесь апарат Саюзу”), недастатковую гнуткасьць у адносінах з уладамі (“адмовілася ад сустрэчы з прэзыдэнтам”), супрацоўніцтва з апазыцыйнымі структурамі. І хоць найбольшы шум узьняўся вакол скасаваньня апарату пісьменьніцкай арганізацыі, пра сутнасьць справы прагаварыўся адзін з намесьнікаў Іпатавай — Праўдзін: “Гэта палітычны крок”. І прапанаваў: давайце зьбярэм пазачарговы зьезд і вырашым на ім, якой далей будзе структура Саюзу і хто ім мусіць кіраваць.

І тут хтосьці адразу ж прапанаваў выдаліць з залі ўсіх “чужых” — не сяброў Рады. Прысутны “эмігрант” Уладзімер Някляеў рэзка ўскочыў: “Калі гэта пра мяне, дык я пайшоў”. Яго кінуліся суцяшаць: “Што ты, што ты, Валодзя, гэта пра журналістаў: няма чаго ім слухаць нашы ўнутраныя разборкі”. Някляеў працягваў гучна абурацца: “Ды што ж вы робіце? Ды навошта? Журналісты ўсё адно даведаюцца, хай сабе і пазьней…” Урэшце галасаваньнем вырашылі не выдаляць журналістаў і далі слова Іпатавай.

Зь ейных словаў, скасаваньне апарату — справа нявырашаная. Пакуль існуе толькі праект адпаведнага дакумэнту, бяз нумару, бяз подпісу, бяз даты. Ня маючы фінансаваньня на апарат (бухгальтары, кіраўнікі абласных філіяў, бібліятэкарка), Іпатава наважылася яго рэарганізаваць: скасаваць усе пасады, каб потым, маўляў, аформіць усіх супрацоўнікаў як выканаўцаў нейкага “праекту”, пад які яна “знайшла грошы”. Сваіх намесьнікаў, Праўдзіна і Мачульскага, Іпатава зьвінаваціла ў тым, што яны хаваюць ад яе рух грошай у Беллітфондзе, які, уласна, і “сілкуе” Саюз пісьменьнікаў. А што да “апазыцыйных выступаў”, дык на гэта Іпатава заявіла, што Радзе СПБ, наадварот, не стае рашучасьці ўзьняцца на абарону сваіх правоў: “Я за раўнапраўны дыялёг з уладаю, я за тое, каб нас паважалі!”

Найбольш рэзка патрабаваў адстаўкі Іпатавай Мікола Мятліцкі.

Большасьць сяброў Рады, здаецца, засталася пры сваіх перакананьнях: амбітная старшынька і ейныя ня менш амбітныя намесьнікі не знайшлі паразуменьня ў нейкіх дробязных справах. Былы старшыня саюзу паэт Васіль Зуёнак, спрабуючы замірыць пасвараных, выказаў агульны настрой: “Усе просяць вас узьняцца над сытуацыяй”.

Тое самае паўтаралі іншыя выступоўцы: маўляў, ёсьць больш сур’ёзныя праблемы. Рэдактар “Полымя” Сяргей Законьнікаў зазначыў, што перад пісьменьнікамі стаіць пэрспэктыва застацца безь літаратурных выданьняў і фактычна без выдавецтваў: стварэньне выдавецкага холдынгу зь дзяржаўных выданьняў, паводле ацэнак Законьнікава, простая дарога да іхнай сьмерці. Таму на зьезьдзе трэ было б гаварыць не пра дробныя сваркі кіраўніцтва, а пра далейшы лёс беларускай літаратуры. Падтрымаў яго кіраўнік віцебскай філіі Франц Сіўко: “Трэба браць прыклад з выдавецкай працы Глёбуса, як бы хто да яго ні ставіўся. І, вядома, неабходна рэфармаваць Саюз пісьменьнікаў”.

Някляеў сыпаў афарызмамі, кшталту: “Саюз пісьменьнікаў у сваім цяперашнім выглядзе скончыўся”. Выказаўшы сваю падтрымку Вользе Іпатавай, ён прапанаваў узяць арганізацыю выдавецкага холдынгу пад кантроль Саюзу пісьменьнікаў.

Творчыя саюзы, якія заўжды былі прыладамі кантролю дзяржавы над творцам, а з-за гэтага – сапраўднымі рассаднікамі распусты і карупцыі ў творчым асяродзьдзі, бясслаўна дажываюць свае дні. (Ахвотныя ж пачытаць пра спод жыцьця літаратурных бонзаў савецкага часу могуць зьвярнуцца да цынічных мэмуараў Івана Шамякіна, якія друкуе сёлета газэта “Літаратура і мастацтва”.)

Пазбаўленыя былога фінансаваньня, у сытуацыі, калі самыя аўтарытэтныя творцы фактычна ўхіліліся ад працы ў іх, саюзы імкліва ператвараюцца ў своеасаблівыя бізнэс-структуры, якія распараджаюцца рэшткамі былое маёмасьці. І, як увесь бізнэс у Беларусі, яны робяцца ўразьлівымі для шантажу і маніпуляцый з боку ўладаў. Падаецца, што канфлікт у Саюзе пісьменьнікаў – гэта своеасаблівы рэванш “ідэалягічнай вэртыкалі” за леташні пройгрыш на зьезьдзе Саюзу мастакоў.

А пісьменьніцкая Рада не паслухалася меркаваньня віцэ-прэзыдэнта ПЭН-цэнтру Адама Мальдзіса і кіраўніка “Беларускага кнігазбору” Кастуся Цьвіркі (“Зьезд – гэта раскол”, перасьцерагаў ён) і вырашыла зьезд у траўні ўсё ж склікаць. Аднак у парадак дня пытаньне пра перавыбары старшыні ня ўнесенае. Тэмаю пазачарговага форуму мае стаць “Стан беларускае літаратуры на сучасным этапе”. Уладзімер Арлоў, які з прычыны хваробы ня змог прысутнічаць у залі, мяркуе, што ў любым разе ў цяперашняй сытуацыі мяняць старшыню саюзу не выпадае.

Адам Воршыч

 


Каментары

Цяпер чытаюць

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць23

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядомая агульная вартасць усіх зямель Беларусі1

Пяскоў: Мэты вайны ва Украіне не дасягнутыя цалкам4

Румынія прыпыніла выдачу віз беларусам7

Лідара Gods Tower не пусцілі на самалёт на Кіпр, гурт паляцеў без яго10

З раскошным відам на ваду. У сталіцы пачынае фармавацца новы мікрараён, першы дом хутка будзе гатовы6

«Аааа, нарэшце! Мы ўсё думалі, калі ўжо вашы суставы…» Севярынец расказаў, як яго мэтанакіравана мучылі ў зняволенні7

Лукашэнка абнавіў склад камісіі па памілаванні1

Маладая сям’я з Жодзіна расказала, як у чатыры разы скараціла выдаткі на ежу12

Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў: Мы, беларусы, ведаем, што такое Расія. Мы ведаем яе імперскія апетыты20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць23

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць