Архіў

Ці можа беспрацоўе быць карысным?

№ 20 (282), 31 траўня 2002 г.


Ці можа беспрацоўе быць карысным?

Паводле зьвестак Міністэрства статыстыкі, узровень беспрацоўя ў нашай краіне з 1995 г. вагаецца ў межах 2—3% ад эканамічна актыўнага насельніцтва (у 2001 г. было 2,3%). Гэта беспрацоўныя, зарэгістраваныя на біржы працы.

Але акрамя іх ёсьць яшчэ незарэгістраваныя, а таксама асобы, якія лічацца ў штаце прадпрыемстваў, але накіраваныя ў адміністрацыйныя адпачынкі без захаваньня заробку ці пераведзеныя ў рэжым няпоўнай занятасьці.

Колькі ж беспрацоўных
у Беларусі?

Вынікі сацыялягічнага апытаньня, зладжанага Навукова-дасьледчым інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных праблемаў, сьведчаць, што афіцыйна на біржы працы зарэгістраваны толькі 21% ад агульнай колькасьці беспрацоўных. Калі ісьці за гэтымі зьвесткамі, узровень беспрацоўя ў Беларусі трэба вызначыць у памеры 11,5%.

Яшчэ адзін узровень беспрацоўя (6,5—8,5%) адкрываецца па выніках выбарачнага дасьледаваньня хатніх гаспадарак, якое ладзіць Міністэрства статыстыкі Беларусі. Згодна зь ягонымі вынікамі, найбольшае беспрацоўе (8,7%) назіралася ў 1996 г. У 1999 г. яно зьменшылася да 6,5% і замацавалася на сярэдняй адзнацы ў 7,4% у 2001 г. Але гэтая мэтодыка ня ўлічвае работнікаў, што афіцыйна лічацца на прадпрыемствах, але не працуюць.

Каб пазьбегнуць масавых звальненьняў, працадаўцы выпраўляюць работнікаў у адпачынак за свой кошт. У 1994 г. працавалі ў рэжыме няпоўнага працоўнага часу і былі выпраўленыя ў такія адпачынкі 15% ад колькасьці эканамічна актыўнага насельніцтва краіны, у 1996 г. — больш за 20%. Праўда, рост аб’ёмаў вытворчасьці за кошт крэдытнай эмісіі і падпарадкаваньня гэтай мэце іншых інструмэнтаў макраэканамічнай палітыкі прывёў да зьніжэньня таго паказьніку ў 2000 г. да 7%. Але праблема яшчэ ня вырашаная.

У 2001 г. і ў першым квартале 2002 г. на фоне эканамічнага росту працягвае пагаршацца фінансавае становішча рэальнага сэктару беларускай эканомікі: падае рэнтабэльнасьць і плацежаздольнасьць прадпрыемстваў, расьце колькасьць стратных гаспадарак і запасаў гатовай прадукцыі, зношваюцца асноўныя фонды. Стагнацыя ў асобных галінах эканомікі выклікае рост беспрацоўя. Так, афіцыйна зарэгістраванае Міністэрствам статыстыкі беспрацоўе сёлета ў студзені-красавіку стабільна прырастала на 0,1% штомесяц (2,3% у студзені, 2,4% у лютым, 2,5% у сакавіку, 2,6% у красавіку). Колькасьць беспрацоўных, афіцыйна зарэгістраваных у органах дзяржаўнай службы занятасьці, з пачатку году павялічылася на 12,5%.

Ацэнку ўзроўню беспрацоўя можна рабіць і ўскоснымі мэтадамі, напрыклад, па яго нэгатыўных наступствах для грамадзтва. Дасьледчык М.Брэнэр сьцьвярджае, што пры захаваньні на працягу шасьці год беспрацоўя, якое перавышае натуральны ўзровень на 1%, адзначаецца прырост агульнай сьмяротнасьці на 2%, прырост самагубстваў — на 4,1%, прырост забойстваў — на 5,7%, павелічэньне колькасьці вязьняў — на 4% і павелічэньне псыхічна хворых — на 4%. У Беларусі за апошнія шэсьць гадоў (1995—2001 г.) прырост сьмяротнасьці склаў 27,6%, колькасьць самагубстваў павялічылася на 12,6%, колькасьць псыхічна хворых — на 3,2%. Такая сацыяльна-дэмаграфічная сытуацыя сьведчыць пра тое, што праблема беспрацоўя значна больш актуальная, чым гэта можа падацца на першы погляд.

Прычына разыходжаньня паміж афіцыйным і рэальным узроўнем беспрацоўя

Паводле зьвестак ужо згаданага сацыялягічнага апытаньня, 79% беспрацоўных не становяцца на ўлік у службу занятасьці. Гэта выклікана шэрагам прычынаў. Па-першае, грашовая дапамога па беспрацоўі зусім маленькая — ад 75% мінімальнага заробку (з 1 красавіка 2002 г. — базавай велічыні) да падвоенага яго памеру — у залежнасьці ад катэгорыі работніка, ягонага апошняга заробку і г.д. Гэта значыць — ад 7,5 да 20 тыс. рублёў. Максымальная грашовая дапамога па беспрацоўі складае шостую частку ад мінімальнага спажывецкага бюджэту, які на 1 траўня 2002 г. дасягнуў 120 тыс. рублёў на чалавека. Але і такую дапамогу атрымаць няпроста. Чалавек губляе права на яе, калі быў звольнены за парушэньне працоўнай дысцыпліны або па ўласным жаданьні без паважных прычынаў. Нават пасьля пасьпяховага залічэньня ў шэрагі зарэгістраваных беспрацоўных неабходна яшчэ ад 3 да 7 дзён у месяц браць удзел у грамадзкіх работах. Беспрацоўныя ня бачаць сэнсу рэгістравацца на біржы працы яшчэ й таму, што і так маюць магчымасьць знаёміцца з наяўнымі вакансіямі.

Які ўзровень беспрацоўя прымальны для эканомікі?

Для чалавека страта працы — вялікая бяда, якая вядзе да страты заробку, статусу, зьніжэньня самаацэнкі, але ў рынкавай эканоміцы нейкі працэнт беспрацоўя лічыцца нават карысным і характарызуе ейную дынамічнасьць. Іначай кажучы, беспрацоўе — абавязковы элемэнт рынкавай эканомікі.

Дык што ж такое 2,5% афіцыйна зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі з пункту гледжаньня сусьветнай практыкі?

У краінах з рынкавай эканомікай існуе так званы натуральны ўзровень беспрацоўя. Гэта сярэдняя велічыня фактычнага беспрацоўя за доўгі пэрыяд, які дазваляе згладзіць цыклічныя ваганьні (для разьвітых краінаў 40—50 гадоў, для транзытыўных — 10—15 гадоў). У ЗША, напрыклад, натуральны ўзровень беспрацоўя складае каля 5% пры фактычным узроўні беспрацоўя ад 6,1% у 1994 г. да 4,3% цяпер. У большасьці краінаў з рынкавай эканомікай натуральным лічыцца ўзровень беспрацоўя каля 4—5%. Для пераходных краінаў вызначэньне натуральнага беспрацоўя патрабуе дадатковых дасьледаваньняў і доўгага часу.

Наяўнасьць беспрацоўя ў эканоміцы (маецца на ўвазе яго натуральны ўзровень) характарызуе дынамічнасьць сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Ствараюцца новыя працоўныя месцы, ліквідуюцца старыя, узьнікае неабходнасьць перакваліфікацыі і г.д. У гэтых умовах людзі робяцца беспрацоўнымі на кароткі час, каб ізноў працаваць. Натуральны ўзровень беспрацоўя адлюстроўвае аптымальны для эканомікі ўзровень занятасьці, утвараючы своеасаблівы рэзэрв рабочай сілы, неабходны для прагрэсіўнага разьвіцьця эканомікі. У выпадку павелічэньня попыту на тавары і паслугі ў краіне патрабуецца і павелічэньне працоўных рэсурсаў для вытворчасьці — тут і запатрабуецца гэты рэзэрв.

Калі ж яго ня будзе, перавышэньне попыту над прапанаваньнем неабходных тавараў можа выклікаць рост цэнаў. У пераходнай эканоміцы гэта не заўсёды працуе. Так, рост унутраных цэнаў у Беларусі нельга патлумачыць перавышэньнем натуральнага ўзроўню беспрацоўя над фактычным, паколькі больш істотна ўплывае на сытуацыю шэраг вядомых фактараў — крэдытная эмісія, мяккія бюджэтныя абмежаваньні, слабая канкурэнцыя і інш.

Эканамічны закон А.Оўкена, які адлюстроўвае ўзаемасувязь паміж ростам ВУП і скарачэньнем беспрацоўя, ва ўмовах нашай пераходнай эканомікі таксама не працуе: сьцьвярджаць, што 3% прыросту ВУП захоўваюць беспрацоўе на ранейшым узроўні, а дадатковыя 2% зьмяншаюць яго на 1%, ва ўмовах спэцыфічнага росту ВУП не даводзіцца. Іначай за апошнія пяць гадоў значны прырост ВУП (у 1997 г. — 10,4%, у 1998 г. — 8%, у 1999 г. — 3%, у 2000 г. — 6%, у 2001г. — 4,1%) павінен быў выклікаць скарачэньне беспрацоўя больш чым на 5%. Аднак сацыялягічныя апытаньні й выбарачныя дасьледаваньні не пацьвярджаюць значнага скарачэньня беспрацоўя ў гэты пэрыяд.

Усе развагі з нагоды выгаднасьці ці нявыгаднасьці беспрацоўя для разьвіцьця нацыянальнай эканомікі носяць пакуль абстрактны характар. Выяўленыя для разьвітых краінаў заканамернасьці зазвычай не праяўляюць сябе ў поўнай меры ў краінах зь пераходнай эканомікай. Высьветліць узровень натуральнага беспрацоўя там пакуль немагчыма з-за непрацяглага пэрыяду рынкавых пераўтварэньняў.

Але перавышэньне натуральнага ўзроўню беспрацоўя ў эканоміцы мае нэгатыўныя наступствы: дыспрапорцыі ў плацежаздольным попыце, узрастаньне сацыяльнай напружанасьці. У Беларусі праблема беспрацоўя яшчэ не набыла поўнай вастрыні ў сувязі з захаваньнем у дзяржаўнай уласнасьці буйной вытворчасьці. Яна можа выявіць сябе ў часе непазьбежнага ўзнаўленьня працэсу рынкавых пераўтварэньняў. Маецца на ўвазе найперш пачатак поўнамаштабнай рэструктурызацыі, мадэрнізацыі прадпрыемстваў, закрыцьцё многіх глыбока стратных і беспэрспэктыўных вытворчасьцяў.

Як сьведчыць досьвед суседніх пераходных краінаў і наш уласны, асноўнымі сфэрамі ўладкаваньня лішку працоўнай сілы, які непазьбежна ўзьнікне падчас структурнай перабудовы эканомікі, мусяць стацца малы й сярэдні бізнэс, а таксама сфэра паслуг. Для разьвіцьця апошняй трэба знайсьці неінфляцыйныя крыніцы падвышэньня плацежаздольнага попыту ў эканоміцы ва ўмовах росту беспрацоўя. Прыкладам, прамыя замежныя інвэстыцыі. Ад разьмяшчэньня замежных вытворчасьцяў цяжка чакаць стварэньня вялікай колькасьці працоўных месцаў, але, як паказвае практыка, гэтыя месцы зьяўляюцца больш высокааплатнымі, і гэта можа выклікаць падвышэньне плацежаздольнага попыту ў нацыянальнай эканоміцы.

Ганна Вернікоўская, Уладзімер Калупаеў

 


Каментары

Цяпер чытаюць

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі3

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі

Усе навіны →
Усе навіны

У Віцебску заўважылі мядзведзяня2

«Абрэзаная шкарпэтка за 230 даляраў». У сетцы паднялі на смех навінку ад Apple — чахол-сумку4

У Беларусі можна пажыць ва ўласнай бурбалцы. Дзяўчына паказала незвычайны гатэль сярод лесу2

«Дзіця знікла — не змог застацца дома». Шосты дзень пошукаў Максіма Зяньковіча2

У Гомелі раскрылі забойства дзевяцігадовай дзяўчынкі, здзейсненае ў 1991-м. Яе забіў 11‑гадовы брат11

Нашто блогеркі практыкуюцца ў «славянскім позірку»? Усё пачалося з Меланіі Трамп11

«Пачынаў з чатырох рублёў». Беларус за сем месяцаў страціў амаль паўмільёна ў анлайн-казіно4

Трамп падпісаў часовы бюджэт. Самы доўгі ў гісторыі ЗША шатдаўн завершаны1

Расійская блогерка пафарбавала балкон у чырвона-зялёны. У каментарыі прыбеглі жартаваць беларусы8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі3

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць