Архіў

Эўропа гіпэрмаркетаў

№ 31 (293), 23 жніўня 2002 г.

Эўропа гіпэрмаркетаў

Якая розьніца паміж жыхарамі Эўразьвязу і Беларусі? З боку гаспадарлівасьці мы зь імі аднолькавыя! Ашчаджаем, едзем за блізкі сьвет, каб набыць якую рэч таньней. Часам нават выпраўляемся ў іншую краіну з гэткай патрэбай. Адно што беларусы ў сваіх “шоп-турах” абмежаваныя Польшчай і Літвой, а эўрапейцы, узброеныя шэнгенскай візай, вандруюць па ўсёй Эўропе. Беларусы нелегальна вязуць у Польшчу алькаголь, а за Бугам купляюць танную ежу, вопратку, будматэрыялы. Жыхары Эўразьвязу бяруць у падарожжа па суседніх краінах толькі грошы. Займацца дробнай спэкуляцыяй ім нявыгадна. Атрыманыя грошы не апраўдваюць затрачанага часу. А вось па супэрмаркетах эўрапейцы таксама швэндаюцца — што б такое набыць танней, чым дома.

Цэны на аднолькавыя тавары розьняцца ў краінах ЭЗ на некалькі дзясяткаў працэнтаў. Таму ў выходныя эўрапейскія гіпэрмаркеты поўныя замежнікаў, што прыехалі набыць штосьці занадта дарагое на радзіме.

Большасьць беларусаў пакуль і сном ня сьніла гэткіх вандровак у Заходнюю Эўропу. Хіба жыхары памежжа з Польшчай раз на месяц трасуцца ў вагонах-“сьпіртавозах”, каб пасьля заскочыць у першую-лепшую польскую краму ці на кірмаш ды напакавацца таннымі вырабамі.

Праўда, далей Бел-Падляскі погляд нашых суайчыньнікаў не сягае.

А вось адмыслова для расейцаў у розных месцах Эўропы, недалёка ад аэрапортаў, набудавалі асобных гіпэрмаркетаў. Расейцы чартэрнымі рэйсамі прылятаюць сюды на дзень і пакідаюць Эўропе тысячы даляраў. Асаблівым попытам карыстаюцца знакамітыя джынсы па 7 эўра, мужчынскія кашулі па 2,5 эўра і пінжакі па 70. Эўрапейскія тавары, якія каштуюць больш за 175 эўра, у Польшчы абкладаюцца 22-працэнтным падаткам (ПДВ). А мы цягаемся туды па гэткую дарагоўлю!

Чым далей на ўсход, тым вышэйшыя цэны на вопратку, біжутэрыю, добрую парфуму. Так, 100 мл туалетнай вады “Опіюм” у Польшчы каштуе 110 эўра, а ў Дубліне — усяго 73! Мабільнікі найтаньнейшыя ў Амстэрдаме.

Але эўрапейцаў адлегласьці не палохаюць: вандроўка па танныя тавары часам акупляецца ўжо на запраўцы суседняй краіны. Так, у Грэцыі бэнзын каштуе толькі 68 цэнтаў. Італьянцы плацяць за яго на 31 цэнт больш. Але найбліжэйшы шлях у Эляду — праз мора. А то б шараговы італьянец мог ашчадзіць на 60-літровым баку цэлых 18,6 эўра. А тыя, што жывуць на поўначы Італіі, штодзень стаяць у чэргах на швайцарскіх і аўстрыйскіх запраўках. Напампоўваючы напоўніцу бак жалезнага каня, яны хаваюць ад жонак сумленна зэканомленыя 20—30 эўра. Высокія цэны на паліва і ў немцаў, якія запраўляюцца на люксэмбурскіх, польскіх ці аўстрыйскіх станцыях. Між тым, францускія кіроўцы купляюць паліва на чвэрць таньней, чым люксэмбуржцы ці гішпанцы. Найбольш не пашанцавала галяндцам, у якіх самы дарагі бэнзын.

Французы едуць у Італію па таннае віно, возяць дзяцей у тамтэйшыя Макдональдзы, па дарозе купляючы амаль дармавы абутак. Зь Нямеччыны яны цягнуць ЗВЧ-пліты (шкада, што ім далекавата да Ждановічаў) і электрычныя прыборы.

Піва таннае ў Нямеччыне. Такая самая бляшаначка ў Фінляндыі каштуе ў 5 разоў даражэй! А вось мінэралку немец, нягледзячы на сьпякоту, набудзе ў Люксэмбургу: схапіў скрынку, а заплаціў напалову менш, чым дома.

Аўстрыйцы набіваюць багажнікі віном, мучнымі вырабамі, вопраткай і абуткам, калі падарожнічаюць па Італіі. І для бэльгійцаў трапіць туды — мара жыцьця: тэкстыль і абутак таньнейшыя на 30—300%! Але, у адрозьненьне ад сумежных з Італіяй французаў і аўстрыйцаў, бэльгійцы могуць набываць гэтыя танныя рэчы толькі падчас турыстычных бадзяньняў — штодня езьдзіць далекавата. Праўда, і ў блізкім Люксэмбургу цыгарэты, піва й гародніна таньнейшыя. Памідоры там каштуюць у сярэднім у 2,5 разу менш, чым у Нямеччыне ці Бэльгіі.

Найгорш жыхарам Скандынавіі, Ірляндыі ды Вялікай Брытаніі. Да кантынэнту далекавата, і злосныя крамнікі карыстаюцца гэтым ды дзяруць тры скуры за ўсялякую драбязу. Толькі й застаецца нарвэжцам, што тэлефанаваць адзін другому і жаліцца, бо маюць самыя нізкія тарыфы. У швэдаў найтаньнейшыя ў Эўропе цытрусавыя.

У Ірляндыі пачак “Мальбара” каштуе 5 эўра, у Англіі — 7, у той час як партугалец можа набыць сабе гэтае атруты ўсяго за 2 эўра. За 0,5 кг кавы на Зялёнай высьпе выкладаюць 8, а хітраватыя гішпанцы — толькі 2,7 эўра.

Францускія аўто таньнейшыя ў Гішпаніі й Грэцыі, чым на радзіме — такая цэнавая палітыка вытворцаў. Немцы таксама шукаюць родныя мілыя сэрцу мадэлі за мяжой.

У краінах ЭЗ цэны на аднолькавыя тавары могуць розьніцца на 40%. Гэта выклікае шматлікія перасяленьні. Італьянцам таньней купіць жытло ў Францыі. Памежны горад Мэнтона ўжо амаль цалкам “адабраны” ў французаў, тысячы італьянцаў жывуць у Ніцы і навакольных мястэчках. Немцы ж паціху пераяжджаюць у Гішпанію — пагрэць косткі пад цёплым сонцам на сваёй віле на марскім узьбярэжжы.

Чэхі на памежжы зь Нямеччынай набудавалі больш за 2 тысячы кірмашоў, дзе спрытна гандлююць алькаголем, кампакт-дыскамі ды кампутарным начыньнем. Бываюць дні, калі нямецкія памежнікі выпускаюць 40 тыс. сваіх суайчыньнікаў у чэскую вёску Потуцкы, дзе жыве 250 жыхароў. Нямецкае Міністэрства харчаваньня, правёўшы аналіз чэскага алькаголю, высьветліла, што ў 89% выпадкаў купленая гарэлка і каньякі — падробныя. Але немцы на гэта не асабліва зважаюць, бо літар тае гарэлкі, рому, шампанскага ці якога абсэнту са сьлівавіцай каштуе на колькі мазалём заробленых эўра таньней.

Руслан Равяка, Аркадзь Шанскі

Выкарыстана статыстыка тыднёвіка “Wprost”


Каментары

Цяпер чытаюць

Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах14

Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах

Усе навіны →
Усе навіны

Хакеры паўгода распаўсюджвалі вірусы праз папулярны тэкставы рэдактар1

Перавыдалі на вініле рок-оперу «Песняроў» на словы Купалы4

У Варшаве за працу на расійскую разведку затрымалі супрацоўніка Мінабароны Польшчы1

Выпускаў падкаста «Нешта будзе», які рабілі Івулін з Мелказёравым, больш не будзе3

Расійскага коміка Арцемія Астаніна прысудзілі да 5 гадоў і 9 месяцаў турмы. Яго затрымалі ў Мінску

У Брэсце пад коламі грузавіка загінула пенсіянерка. Кіроўца з’ехаў з месца ДТЗ1

Бяздомная кошка прыцягвае жыхароў Віцебска ў музей2

Дзікія жывёлы ў мароз выходзяць да людзей. Як сябе паводзіць? Вось якія частыя памылкі мы робім3

У Мінску хутка пачнуцца працы па рэканструкцыі Кальварыйскага касцёла1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах14

Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць