Архіў

Браты Марынічы: «Нашага бацьку забіваюць»

Улады прызналі, што ў Міхаіла Марыніча пасьля этапаваньня ў Аршанскую калёнію адбыўся інсульт. Экс-міністра і лідэра апазыцыі даставілі ў Менск у рэспубліканскую больніцу папраўчых установаў. Тым часам родныя палітвязьняў ды зьніклых выставілі ўльтыматум рэжыму: кропка ў расьсьледаваньні гучных спраў мусіць быць пастаўлена на працягу паўгоду.15 сакавіка сыны Міхаіла Марыніча склікалі прэс-канфэрэнцыю, каб адказаць на пытаньні журналістаў адносна стану здароўя бацькі. Праўда, родныя палітвязьня мелі інфармацыі не нашмат больш за іншых.

Начное этапаваньне ў Аршанскую калёнію, што месьціцца за 200 кілямэтраў ад Менску, сталася для Міхаіла Марыніча сапраўдным выпрабаваньнем. Пасьля цяжкай бяссоннай ночы яму зрабілася блага. Паводле зьвестак, што атрымалі яго родныя, абвастрэньне пачалося 3—4 сакавіка. Чатыры дні ён курчыўся ад болю і дарэмна прасіў лекараў даць яму прэпарат атэналол, які меў з сабой. Калі яго не прымаць, зьяўляецца вялікая небясьпека інсульту. Аднак, як выявілася, ахоўнікі недзе згубілі паперы з рэцэптам на лекі. Родныя Марыніча нічога ня ведалі пра стан яго здароўя — кіраўніцтва калёніі строга трымала таямніцу. Зьвесткі пра яго цяжкі стан прасачыліся на волю толькі празь іншых вязьняў.

«Такая ж сытуацыя была і з Карпенкам — пасьля інсульту да яго тры дні ніхто не падыходзіў, і ён памёр», — кажа Павал Марыніч, сын былога пасла ў Латвіі, асуджанага на 3,5 году. 11 сакавіка, адразу пасьля таго, як да яго дайшлі чуткі пра стан здароўя, другі сын Марыніча Ігар неадкладна прыехаў у Аршанскую калёнію. «Што з бацькам?» — спытаўся ён у Анатоля Лукашэвіча, начальніка калёніі. Адказ: «Усё нармальна». «У яго інсульт?» — «Так». Пасьля гэтага Ігар запатрабаваў сустрэчы з бацькам, але начальнік параіў прыехаць праз чатыры месяцы: «Ліміт спатканьняў вычарпаны».

Падазроны шлюб

Сыны Марыніча вельмі асьцярожна ставяцца да нядаўніх зьвестак пра тое, што іх бацька нібы ўзяў шлюб у калёніі празь некалькі дзён пасьля інсульту, тым больш што бацькаў пашпарт знаходзіцца ў іх на руках. На думку сыноў, гэта можа быць правакацыяй спэцслужбаў. У любым выпадку, рэжым выкарыстоўвае гэтую інфармацыю, каб зьбіць хвалю занепакоенасьці станам здароўя Марыніча. «Мяне пытаньні наконт гэтага шлюбу зусім не хвалююць», — гаворыць Ігар. «Мяне хвалюе пытаньне, што бацьку трэба тэрмінова вызваляць з Аршанскай турмы, дзе яго павольна забіваюць».

Браты Марынічы дамагаюцца таго, каб у Беларусь прыехала замежная мэдычная камісія, якая дасьць незалежную ацэнку стану здароўя іх бацькі. Такую магчымасьць ужо абмяркоўваюць у Страсбургу.

Сыны свайго бацькі

«Бацька наш як палітык ад першага свайго дня працаваў для людзей, і мы працягваем яго справу. Лукашэнка ізаляваў аднаго, але атрымаў двух», — гаворыць Ігар Марыніч ужо пасьля прэс-канфэрэнцыі. Яго голас і вочы стомленыя — відаць, што спаць даводзіцца няшмат. Але ўнутраная энэргія адчуваецца, і гэта не энэргія адчаю: «Мы змагаемся за нашага бацьку, хочам яго адтуль дастаць, і зробім усё для гэтага».

Ігару 34 гады, Паўлу — 37. Марынічы — дынастыя будаўнікоў. Бацька з маці пазнаёміліся ў політэхнічным інстытуце, дзе вучыліся на інжынэраў-будаўнікоў. Сыны таксама пайшлі ў БПІ на спэцыяльнасьць «цеплагазазабесьпячэньне і вэнтыляцыя». Адвучыўшыся, пайшлі ў бізнэс. «Мы займаліся пастаўкамі абсталяваньня ў Беларусь. З зразумелых прычынаў ня буду называць канкрэтных назваў і імёнаў — тут засталіся нашы дзелавыя партнэры. Я не хачу, каб яны мелі непрыемнасьці», — кажа Ігар.

У 2001 г., калі Міхаіл Марыніч вылучыў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах, браты згарнулі свой бізнэс у Беларусі — каб рэжым ня змог ціснуць на бацьку празь дзяцей. Хоць жыцьцё і ўштурхнула іх у палітычны вір, рабіць палітыку новай прафэсіяй браты не зьбіраюцца. «Я вырас у сям’і палітыка і ведаю, што гэта такое. Мне гэта абсалютна нецікава і непатрэбна», — гаворыць Ігар.

Браты Марынічы кажуць, што пачалі адчуваць на сябе адказнасьць — ня толькі за бацьку, але і за іншых палітзьняволеных. «Падымаць тэму аднаго Марыніча было б несумленна ў дачыненьні да іншых — Леванеўскага і Васільева, Бандажэўскага і Шумчанкі, моладзі, якую затрымліваюць пасьля акцый пратэсту», — лічыць Ігар.

Да 16 верасьня

Атакуючы, рэжыму даводзіцца сустракацца і з контратакамі. Ірына Красоўская ды Зьміцер Бандарэнка, каардынатар «Хартыі’97», якія таксама ўдзельнічалі ў прэс-канфэрэнцыі, паведамілі, што ставяць рэжыму ўльтыматум ад імя Рады грамадзянскіх ініцыятыў «Свабодная Беларусь». Кропка ў расьсьледаваньні зьнікненьняў павінна быць пастаўлена не пазьней чым праз паўгоду. Інакш 16 верасьня ў Менску будзе праведзена масавая акцыя пратэсту. Красоўская заклікала злачынстваў пакаяцца — пакуль ня позна.

Алесь Кудрыцкі

Каментары

Асудзілі мазырскага блогера Union Bell. Хлопец некалькі гадоў хаваўся, але пасля арышту бацькі быў вымушаны звярнуцца ў бальніцу8

Асудзілі мазырскага блогера Union Bell. Хлопец некалькі гадоў хаваўся, але пасля арышту бацькі быў вымушаны звярнуцца ў бальніцу

Усе навіны →
Усе навіны

Польшча можа адкрыць мяжу з Беларуссю пасля 20 лістапада9

Трамп абяцае выплаціць грамадзянам ЗША па $2000 у якасці дывідэндаў ад мытных пошлін8

СК заклікае дарослых дзяцей пажылых бацькоў зрабіць ім памяткі на выпадак тэлефанаванняў незнаёмых1

Кіраўнік МУС Літвы: Ціск на Беларусь змяншае паток кантрабандных шароў2

У Бельгіі над АЭС лёталі тры беспілотнікі

Берта, што шукала хлопчыка ў Бярэзінскім раёне, знайшлася

Мытны камітэт прыгразіў Літве захадамі ў дачыненні да грузавікоў, што знаходзяцца ў Беларусі3

Спявачку Манетачку забралі ў бальніцу проста падчас канцэрта ў Рызе3

«Крылы» на Свіслачы і 28 елак. Як упрыгожаць Мінск да Новага года і калі ўключаць святочную ілюмінацыю

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асудзілі мазырскага блогера Union Bell. Хлопец некалькі гадоў хаваўся, але пасля арышту бацькі быў вымушаны звярнуцца ў бальніцу8

Асудзілі мазырскага блогера Union Bell. Хлопец некалькі гадоў хаваўся, але пасля арышту бацькі быў вымушаны звярнуцца ў бальніцу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць