Кропля алею
Бэла, ювэлірава дачка, прынесла з кірмашу вялізнага чорнага каплуна, каб згатаваць свайму мужу перад яго ад’ездам у Маскву смачны сьняданак ды каб таму ў дарозе было што пад’есьці. «Бядота з гэтым ваенным камунізмам. Дзякуй богу, жывём у правінцыі, — разважала сама сабе Бэла, — у Віцебску. Кілбасы, круп ды хлеба купіць можна. А ў Маскве? Як там будзе жыць Марык? І хлеба яму не дашлеш, толькі сябрам прафсаюзу, ня болей за 20 фунтаў».
У доме ўсе яшчэ спалі. На кухні было ціха, праз вокны імкнуў водар рэзэды, і толькі здалёк даносілася п’яная лаянка рамізьніка ды скрыгат аб рэйкі трамвайных колаў.
Бэла выцягнула з шуфляды сякерку, адсекла пеўню галаву, абдала яго кіпнем, абскубла, выпатрашыла птушку і паставіла на пліту бронзавую, з цудоўнай цясьлянай ручкай патэльню. Падкінула паленцаў у печку, распаліла і пачала чакаць, калі разагрэецца пліта, але раптам спахапілася: «Божачкі, алею забылася купіць. Ну не ісьці ж ізноў на кірмаш. Гэх, была ні была, вазьму ў Соф’і Міхайлаўны ці ў спадарыні Ермалаевай». Бэла ўзяла вялізную бутлю, наліла на патэльню некалькі сонечных, празрыстых кропель і паставіла на месца, потым узяла другую бутлю і зрабіла тое самае. Хутка на патэльні засквірчэла, запырскала. Мармурова-крывавыя кавалкі мяса, пасыпаныя перцам і цыбуляй, выпраўляліся на распаленую паверхню, шыпелі, сквірчэлі, браліся смачнай залацістай скарыначкай, купаліся ў гарачым алеі і накіроўваліся ў жароўню, дзе канчаткова запякаліся, набывалі мяккасьць і румянасьць. Па ўсім доме павольна распаўсюдзіўся водар смачнай смажанай курачкі.
Лілёвыя хвалі мора захлынулі ізумрудна-змрочнае купэ цягніка, сьцюард Апалінэр, не зважаючы на слату, адколвае лёд ад айсбэрга і крычыць: «Мэсье Мадыльяні, колькі вам пакласьці ў віскі?» Спрабую адказаць, але з маёй глоткі тырчаць пэндзлі, на адным зь іх цалуюцца акрабаты. Цішыня. Ружовая цішыня. Блакітная цішыня. На падлозе валяецца вугаль. Сабраць яго ды выкінуць. Нізкарослы барадаты мужык парушае цішыню, нешта крычыць Малевічу, потым ператвараецца ў рабога вусатага машыніста — курца опіюму. Па калідоры імчыць Чаплін, за ім немцы. Мама выцягвае мяне праз акно, мы апынаемся на беразе бяскрайняга акіяну, цягнік імчыць далей. На шыльдзе надпіс «PARADIS», але нехта закрэсьліў чацьвёртую і пятую літары. Я іду купацца, мама назірае за мной. З усіх бакоў абкружаюць стракатыя сыфанафоры, ператвараюцца ў пеўнікаў, коз, як у нас у Лёзьне ці Завольшы, плывуць да мяне, жадаюць, каб я паказытаў іх. Падплывае шэрая афаліна зь перабінтаванай галавой і ціха кажа:
«Неўзабаве на вуліцы застаўся адзін толькі габрэй з вачыма прарока. Ён зь недаверам паглядзеў на мяне і прамармытаў па-нямецку:
— Гэта габрэй. Ён хутка памрэ.
І я бачыў, што, перш чым увайсьці ў дом, ён расхінуў сваё паліто і разарваў па дыяганалі сваю кашулю».
Раптам усё зьнікае. Няма мамы, няма гораду, няма сяброў, няма Бэлы, я стаю пад блакітным-блакітным небам са шкла, але яно настолькі далёка, што я не магу ўзьляцець да яго».
(Пётра Рагоўскі, рукапіс кнігі «Трызьненьні і сны мастакоў» (1920), захоўваецца ў прыватным архіве Яўгена Рагоўскага, г. Масква)
Марк прачнуўся ад прысмаку птушыных пёраў у роце і крыкаў на кухні: «Воровка! Я вчера карандашом пометила, сколько у меня масла оставалось! Софья Михайловна, проверьте, может, и у Вас из бутыли масло умыкнула эта… жидовка!» Пачулася валтузьня, заплакала Іда. Марк падхапіўся і пабег на кухню. Вера Міхайлаўна Ермалаева шалёнымі вачыма сустрэла яго. Непадалёк у куце сядзеў Казімер Севярынавіч і піў гарбату з цукрам у прыкуску, рабіў выгляд, што яго не цікавіла спрэчка жанчын: «А, Шагал пришагал, чёрт, чтоб я не шагал, как Шагал! Ты же сегодня в Москву собирался. Не обижайся. Ну, повздорили бабы на кухне, помирятся! Вот увидишь!.. А ты, братец, всё вещи малюешь, на быте замешался, чужд тебе супрематизм, а ведь революционное искусство беспредметно. Давай я тебе объясню его суть!..»
Марк не хацеў слухаць гэтую сатанінскую казань, тым больш што чуў яе сотні разоў. Ён разьвярнуўся, ляпнуў дзьвярыма і вярнуўся ў пакой, супакоіў Бэлу зь Ідай, якія не маглі стрымаць сьлёз: «Усё будзе добра, не хвалюйцеся! А зараз трэба зьбірацца ў дарогу». Празь некалькі хвілін уся сям’я рушыла да вакзалу. Пакуль ішлі да царквы Зьвеставаньня, маўчалі, толькі Бэла моўчкі выцірала сьлёзы. Калі выйшлі на мост, яна ціха загаварыла: «Марык, я бачу, як ты пакутуеш. Гэты Малевіч зрабіўся валадаром Віцебску. Да яго перабеглі амаль усе твае вучні, яны табе здрадзілі, кажуць, што ты не шаманіш у сваіх карцінах, а шагаліш. Табе плацяць менш, чым астатнім. Цябе ненавідзяць, яшчэ некалькі год — і цябе разарвуць разам з тваімі палотнамі. Табе патрэбен Парыж. Ты нарадзіўся ў Віцебску, тут магіла тваёй мамы, але твайму жывапісу патрэбны Масква, Петраград або Парыж».
Марк нічога не адказаў, моўчкі абняў Бэлу зь Ідай і пацалаваў абедзьвюх. Па Вакзальнай вуліцы пайшлі нясьпешна, было шмат часу, у «Гіганце» паглядзелі карціну «Імігрант» з удзелам Чапліна. Ранішняя крыўда і адчай мінулі, а разам мінулі хвіліны блізкасьці — надышоў час расстаньня. Аграмадны, зь вялізным загадкавым надпісам на катле «РП №748» цягнік (у 1919 ён з Саратава прывёз хлеб у Віцебск), пасопваючы парай і пускаючы блакітна-вохрыстыя клубы дыму, падышоў да плятформы, скалануўся, як курэц опіюму ад добрай зацяжкі, і сьцішыўся. Людзі памкнулі займаць свае месцы. Марк крыху пастаяў на пэроне, шчыра абняў Бэлу зь Ідай і сеў у вагон. Праз хвіліну жалезна-драўлянае цела цягніка тарганулася. Шыба апусьцілася, і зь цемры купэ паўстаў Марык. Ён несупынна пасылаў паветраныя пацалункі і нешта казаў, але перастук колаў і сьвіст паравоза заглушалі словы. Абрысы родных на пэроне рабіліся ўсё меншымі, і раптам Марку здалося, што перад ім малевічаўская Сялянка з каромыслам і дзіцем. «Цур мяне», — на момант Шагал заплюшчыў вочы, а калі расплюшчыў ды зноў зірнуў у акно, перад ім ужо мільгалі неахайныя, касабокія хаткі Маркаўшчыны — ускраіны, што атрымала назву ад Маркавага кляштара.
* * *
Мінулі часы. У доме на Бухарынскай нічога не мянялася. Усе сьцішана чакалі разьвязкі. Нават праца Малевіча «О Я и коллективе» нікога гэтак не цікавіла, як працяг дэбатаў пра ўмеранасьць у мастацтве і прадметнасьць. Дзень пры дні чакалася вяртаньне Шагала з Масквы…
…Цягнік прыбыў у Віцебск са спазьненьнем на пяць гадзін. Палымяны, рашучы мастак, Марк не паехаў на трамваі, а пайшоў пешкі, разважаў, спадзяваўся, што ўлады павысяць яму аклад, вучні кінуць незразумелыя супрэматычныя формулы і вернуцца, але яго чакала расчараваньне. На будынку, дзе раней разьмяшчалася шыльда «Вольная акадэмія», цяпер красавалася іншая — «Акадэмія супрэматызму». Марка Захаравіча ніхто не сустрэў. Ён адчыніў дзьверы, але ніхто ня выйшаў яму насустрач. Прышчаваты малады хлопец, які некалі вучыўся ў акадэміі, але амаль усе заняткі прагульваў, цяпер вылецеў аднекуль з-за рога і закрычаў ад радасьці:
— Марк Захаравіч, Вы?!
— Я. Слухай, Васька, а дзе ўсе?
— Дык Вас паехалі сустракаць, Марк Захаравіч, няйначай!
Шагал пакруціў галавой і пайшоў далей. І ў гэты момант да яго выйшла Бэла, як заўсёды элегантная, прыгожая, з гонарам. «Марык! Якая я радая бачыць цябе! Як мы цябе чакалі! А нам зь Ідачкай ніхто не гаварыў, што ты прыедзеш!»
— Так, ніхто… — адлучана паўтарыў Марк.
— Марык, ты не захварэў? — Бэла спужана памацала мужаў лоб. І ў гэты ж момант яе азарыла: — Я зразумела. Я ўсё зразумела. Нам неадкладна трэба зьехаць адсюль. Цябе ненавідзяць, як і раней. Ты загінеш тут як майстар, аддаўшы гэтаму гораду сябе дарэшты. Давай зьедзем адсюль.
Мастак прамаўчаў, толькі спагадліва ўсьміхнуўся ў адказ, узяў Бэліну руку і пацалаваў яе.
У гэты момант пачулася, як расчыніліся ўваходныя дзьверы. Гэта вярнуліся Лісіцкі, Малевіч, Ермалаева і Суэцін. Па ўсім будынку разносіўся вясёлы голас Казімера Севярынавіча: «…его академия была как заплесневевший погреб, в котором самобичуют искусство. Он — торговец старьем. С гордостью я плевать хотел на его предметность, плевал на академизм. Сколько раз я твердил ему: «Марк, брось любовь, брось эстетизм, брось чемоданы мудрости, ибо в новой культуре твоя мудрость смешна и ничтожна. Мы, супрематисты, бросаем тебе дорогу. Спеши! Ибо завтра не узнаешь нас». А он, что бы вы думали? Молчит! Ну, молчит и молчит, молчит и молчит. И-и-ить, мать его так!»
Гэта стала апошняй кропляй, якая перапоўніла душу. «Мы больш тут не застанёмся», — рашуча заявіў Марк. Некалькі дзён Шагалава сям’я не выходзіла з пакою, а потым назаўсёды пакінула Віцебск.
19 чэрвеня на пасаду Марка Захаравіча прызначылі Веру Міхайлаўну Ермалаеву.
Каментары