Архіў

7 ліпеня ў Лёндане вачамі беларуса

Я працую ў Сіці. 7 ліпеня выехаў з дому раней — заскочыць перад працай у трэнажэрную залю. Ехаў на цягніку з паўночнага Лёндану да станцыі «Moorgate»…

Ліст Паўла Шаўцова зь Лёндану.

Я працую ў лёнданскім Сіці. 7 ліпеня выехаў з дому раней — заскочыць перад працай у трэнажэрную залю. Ехаў на цягніку з паўночнага Лёндану да станцыі «Moorgate». Усё як заўжды: Лёндан сьпяшаецца на працу.

Выйшаў з трэнажэрнай залі, а людзі кажуць, што адбыўся выбух на адной са станцый мэтро. Але быццам бы ня бомба, а сутыкненьне двух цягнікоў. Ахвяраў нібы не было. Ужо ў офісе прыходзіць навіна, што адбыліся шматлікія выбухі на розных станцыях мэтро і нават у аўтобусе. У тым ліку, кажуць, і на станцыі «Moorgate», на якой я быў за паўгадзіны да гэтага. Ну ўсё, думаю: каб не пайшоў раней у трэнажэрную залю, то быў бы ўжо на тым сьвеце (праўда, празь некалькі гадзін сказалі, што выбухаў было толькі чатыры і на станцыі «Moorgate» нічога не адбывалася).

Жонка тэлефануе:

— Як ты там?

— Пакуль жывы.

— Як будзеш да хаты дабірацца? Увесь транспарт у горадзе спынены.

— Ня ведаю, — кажу, — пакуль паліцыя загадала заставацца ў будынках і на вуліцу не выходзіць.

Інтэрнэт перагружаны, мабільная сувязь таксама. Цяжка знайсьці інфармацыю. Паступова прыходзяць жахлівыя навіны — дзясяткі забітых і параненых людзей недалёка ад нашага будынку.

Тэлефаную маці ў Гомель, каб зьняць напружанае хваляваньне. Маці, на шчасьце, яшчэ ня чула пра бомбы ў Лёндане. «Едзь, — кажа, — дадому, і беражыце сябе, а я буду за вас маліцца».

Потым пачалі прыходзіць электронныя лісты, а таксама тэлефанаваньні ад маіх кліентаў з розных краін. Зьвязваліся таксама мае сябры з Оксфарду і Лёндану.

У другой палове дня частку транспарту — аўтобусы і пару цягнікоў — зноў запусьцілі. Жонка ўжо дома. Яна працуе недалёка ад дому, а я сядаю ў аўтобус і рыхтуюся да доўгай дарогі.

Народ вакол маўклівы і сур’ёзны, але чытаю ў вачах рашучасьць. Маўляў, ворагі нас не запужаюць. Для Лёндану бомбы і тэрарызм ня новыя. У Другую сусьветную вайну горад няшчадна бамбіла нямецкая авіяцыя, а ў 1970—1980-я гады горад жыў з тэрарыстычнымі актамі ІРА.

Адчуваецца, што сярод лёнданцаў ізноў ажывае той дух маўклівай стойкасьці. Жыцьцё будзе працягвацца, як і раней, тэрарызм і бомбы не перамогуць.

Ужо каля хаты сустракаю знаёмага баўгарына, які жыве ў брытанскай сталіцы пад 15 гадоў.

— Ну што, дружа, падумваеш, як усё тут кінуць і назад у Баўгарыю, далей ад тэрарызму, у якую ціхую вёсачку на Чорным моры?

— Можа, гадоў так праз 20—25, калі на пэнсію пайду, — усьміхаецца баўгарын.

Каментары

Цяпер чытаюць

У загінулай у Сляпянцы дзяўчыне апазналі Яну Кастранкову2

У загінулай у Сляпянцы дзяўчыне апазналі Яну Кастранкову

Усе навіны →
Усе навіны

Уначы ў Беларусі было да мінус 25°С1

Блогерка добра зарабляла ў Чэхіі, але з'ехала ў Беларусь адным днём — хаваецца ад ЛГБТ35

Трамп заявіў пра перасячэнне Іранам чырвонай лініі9

У Гомелі адбылося адключэнне халоднай вады

Юрыста, які пайшоў у геймдызайнеры і ствараў «Свет караблёў», пасадзілі за палітыку на тры гады7

Трамп: ЗША атрымаюць Грэнландыю так ці інакш5

«Хамнет» і «Бітва за бітвай» выйгралі «Залаты глобус» 2026 года

Сем фактаў пра Уладзіміра Мулявіна, якому сёння споўнілася б 85 гадоў8

«Новы этап паўстання»: кронпрынц Ірана заклікаў захопліваць дзяржаўныя ўстановы і пасольствы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У загінулай у Сляпянцы дзяўчыне апазналі Яну Кастранкову2

У загінулай у Сляпянцы дзяўчыне апазналі Яну Кастранкову

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць