Мадлен выбірае свабоду
Месяц таму ў Наваполацку зь перасоўнага заацырку зьбегла зялёная мартышка Мадлен. Завабіць назад у клетку ўцякачку ня здолелі. Цырк зьехаў, мартышка засталася ў гарадзкім парку. Ловы малпы працягваюцца да сёньня. Сярод новапалачан знайшліся людзі, якія штодня падкормліваюць зьбеглую «артыстку» — таму ня голад галоўная праблема «нелегалкі», а холад. За сваю ўпартасьць Мадлен можа паплаціцца жыцьцём, бо ночы робяцца ўсё халаднейшымі. 23 верасьня мартышку спрабаваў «зьняць» снайпэр з дапамогай снатворнай кулі. Аднак як ні заваблівалі мартышку бананамі ды булкамі, яна не наблізілася да снайпэра на адлегласьць стрэлу.
Васіль Кроква, Наваполацак
Пранесла
21 верасьня ў Воршы знайшлі гранату Ф-1. Маленькі хлопчык пайшоў па патрэбе ў кустоўе, дзе ўбачыў вядомы па кінафільмах небясьпечны прадмет. Пра гэта ён расказаў свайму дзядулю, а той патэлефанаваў у міліцыю. Гэтым разам яна дзейнічала прафэсійна. Так, пазалетась у Доме быту таксама была знойдзена граната. Міліцыянт, які выносіў яе з будынку, загінуў, чацьвёра ягоных калегаў былі параненыя. Цяпер для абясшкоджваньня гранаты была выклікана група разьмінаваньня зь Віцебску. Але яе паслугі скарыстаць не давялося: самаробны ўзрывальнік не спрацаваў. Хто ж падкінуў гранату ў кустоўе побач зь людным прыпынкам, высьвятляе сьледзтва. Дарэчы, таго зламысьніка, які прынёс баявую гранату ў Дом быту, так і не знайшлі. Сьпісалі на крымінальныя разборкі.
Не пасьпелі мінэры даехаць да абласнога цэнтру, як зноў тэлефануюць з Воршы. Пад адным з мастоў цераз Дняпро ў цэнтры гораду супрацоўнікі выратавальнай станцыі заўважылі на дне нейкі боепрыпас. Як высьветлілася, сапраўдны. 152-мілімэтровы артылерыйскі снарад часоў Другой сусьветнай быў узарваны за горадам.
Даўгабуд на старых падмурках
У Воршы, на вуліцы Савецкай, асьвячоная новая царква Раства Багародзіцы. Першае набажэнства правёў у ёй архіяпіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітры. Каб годна сустрэць уладыку, мясцовым сьвятарам давялося ў аўральным рэжыме ладзіць часовыя цэляфанавыя дах, дзьверы, вокны, бо сталых пакуль няма. Будуецца храм марудна. Першы яго камень мітрапаліт Філарэт заклаў яшчэ ў 1998 г. Асаблівасьць храму ў тым, што ён будуецца на месцы царквы XVII ст., разбуранай саветамі. Яе падмуркі засталіся пад новым храмам. Будаваць новую царкву на іх — тэхнічна немэтазгодна.
Яўген Жарнасек, Ворша
Хакей у крэпасьці
Нарэшце высьветлілася, дзе ў Бабруйску будзе пабудаваны Лядовы палац. Спартовая арэна разьмесьціцца на тэрыторыі гістарычнага помніка «Бабруйская крэпасьць» і зможа ўмяшчаць ажно восем тысяч гледачоў. Мяркуецца, што адначасова з будаўніцтвам палацу рэканструююць і гістарычны помнік.
Надзея Лісоўская, Бабруйск
Каментары