Грамадства11

Перамовы наконт газу зайшлі ў тупік?

Намесьнік старшыні праўленьня «Газпрому» Валеры Голубеў, які ачольвае дэлегацыю расейскага канцэрну на перамовах аб пагашэньні беларускіх даўгоў за газ, пакінуў Менск і сёньня знаходзіўся ў Маскве.

Намесьнік старшыні праўленьня «Газпрому» Валеры Голубеў, які ачольвае дэлегацыю расейскага канцэрну на перамовах аб пагашэньні беларускіх даўгоў за газ, пакінуў Менск і сёньня знаходзіўся ў Маскве. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі ў прэсавай службе «Газпрому». Там таксама пацьвердзілі, што беларускіх перамоўнікаў сёньня ў іхным канцэрне не было. Ніякіх афіцыйных паведамленьняў пра вынікі перамоваў на гэты момант няма.

Адзін з супрацоўнікаў «Газпрому» на пытаньне нашага радыё, ці адбываюцца сёньня газавыя перамовы, на ўмове ананімнасьці адказаў так: калі яны і працягваюцца, дык толькі на ўзроўні экспэртаў. Ён таксама дадаў, што да 30 ліпеня навінаў, мабыць, ня будзе. Менавіта ў гэты дзень чакаецца візыт у Маскву беларускага прэм’ера Сяргея Сідорскага.

Сёньня аб праблеме запазычанасьці нагадаў і А. Лукашэнка. На сэлектарнай нарадзе ён адзначыў, што ня варта выкарыстоўваць газ для зернесушылак, а трэба пераходзіць на дровы:

«У нас і так праблемы з аплатай прыроднага газу. Урад, барукаючыся, вядзе гэтыя перамовы».

Беларускі бок па‑ранейшаму просіць расейскіх партнэраў адкласьці тэрмін поўнай аплаты за выкарыстаны сёлета газ. Беларусь пацьвярджае гатоўнасьць плаціць пэню з сумы амаль у 500 мільёнаў даляраў.

Разьлічыцца за газ патрэбна было не пазьней за 23 ліпеня. Некаторыя эканамісты гавораць, што неабходныя для гэтага грошы ёсьць. Чаму ж тады Беларусь так просіць адтэрміноўкі?

Дацэнт Маскоўскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш лічыць, што гэта зьвязана з дрэнным фінансавым станам Беларусі:

«Я б не сказаў, што ў Беларусі надта багата грошай. Ну, ёсьць беларускія рублі. Але ж ёсьць і слабая магчымасьць канвэртаваць іх у больш моцныя валюты. Мне здаецца, што валюты моцна не хапае. Што ж тычыцца нежаданьня вяртаць «Газпрому» доўг, з тых даляраў, што атрыманыя ад «Газпрому» за акцыі «Белтрансгазу», дык гэта якраз аргумэнт на тое, што Беларусі патрэбныя грошы».

Былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч лічыць інакш:

«Грошы ёсьць. Але гэта, шчыра кажучы, ужо пэўная псіхалягічна‑наркатычная залежнасьць, якая нават не дазваляе падумаць лягічна і прыняць рынкавае рашэньне. Можна было б ужо і не прыніжацца, а проста выконваць дамоўленасьці».

Кірыл Коктыш не бярэцца спрагназаваць, чым скончыцца гэтая газавая гісторыя:

«Калі расейскі прэзыдэнт неаднаразова заяўляў, што пераход на рынкавыя дачыненьні з усімі — гэта пытаньне вырашанае, дык павесьці сябе нярынкава Расея ўжо ня можа, не згубіўшы пры гэтым свайго твару. Што ж тычыцца Беларусі, дык для яе гэта таксама надзвычай важнае пытаньне. І таму наперадзе відаць тупік, які ня факт, што будзе вырулены нават на найвышэйшым узроўні».

А Міхаіл Марыніч упэўнены, што Масква гэтым разам не саступіць:

«Яна скажа яшчэ раз: не хапае грошай, ну дык прадайце яшчэ нешта. Напрыклад, гарадзенскі «Азот». Але цэны будуць ужо ня рынкавыя, а тыя, што прадыктуе Масква».

Запазычанасьць Беларусі за газ ўзьнікла, бо ў першым паўгодзьдзі за кожную тысячу кубамэтраў газу беларускі бок пераводзіў на рахункі «Газпрому» ня 100 даляраў (кошт адной тысячы кубамэтраў), а толькі 55. Расейскі канцэрн пагадзіўся на такую разьліковую форму, але папярэдзіў, што запазычанасьць трэба будзе ліквідаваць не пазьней за 23 ліпеня.

Уладзімір Глод, Радыё Свабода

Каментары1

Цяпер чытаюць

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы4

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

Усе навіны →
Усе навіны

Лідарка літоўскіх лібералаў: Пераезд Ціханоўскай у Польшчу — страта для Літвы10

Беларус вядзе канал пра будаўніцтва і рамонт. У яго ўжо больш за мільён падпісчыкаў4

У Мінску на пешаходным пераходзе збілі жанчыну і 12‑гадовую дачку 8

Затрымалі 19‑гадовага пінчука за «рэабілітацыю нацызму»12

Беларусы масава нясуць грошы ў банкі. Чаму так і наколькі выгадна класці рублі на дэпазіты?8

У Венесуэле вызвалены яшчэ каля 80 палітычных зняволеных. Гэтага патрабавалі ЗША1

«Гэта не «надзень швэдар». Гэта холад, ад якога нікуды не схавацца». Як украінцы выжываюць без святла і цяпла ў халодных кватэрах7

Цана на золата ўпершыню перавысіла адзнаку $5 тысяч, працягваючы гістарычны рост

«Жыве!» ці «Жыве вечна!»? Як правільна? Вакол гэтага пытання разгарнулася палкая дыскусія32

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы4

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць