Меркаванні

Прэзумпцыя вінаватасці, альбо Базавы прынцып — камертон тыдня ад Сяргея Ваганава

Вось што я вам скажу: пасля 70­-ці кожны няўчасны тэлефонны званок выклікае страсенне сэрца, нявызначаную трывогу і сумятню думак. Карацей кажучы, стрэс.

Яно так, бо раз­-пораз сыходзяць блізкія табе людзі — сваякі, сябры дый проста добрыя знаёмыя, побач з якімі тваё ўласнае жыццё мела хаця б нейкі стваральны сэнс. Сумная з’ява. Але спрэс людская. Ці ж былі б мы людзьмі, калі б не хварэлі ды не паміралі?

Не паміраюць робаты.

Менавіта робат абудзіў мяне ў тую раніцу, каб нагадаць пра абавязак разлічыцца за камунальныя паслугі да 25-­га… Інакш…

Не, я не даслухаў яго, кінуў слухаўку, як раблю кожны раз, калі пасля доўгага, падобнага да хваравітага дыхання, патрэсквання чую металічны, накшталт камісарскага, жаночы голас: «…ждите сообщения… ждите сообщения…» Гэта недзе з паўгода, калі ён (ці яна?) упершыню ўціснуўся ў маё жыццё, я, стрымліваючы трывожныя прадчуванні, чакаў «сообщения», ліхаманкава згадваючы, дзе тут найбліжэйшае бамбасховішча. Але я не ведаў, што ён толькі прыглядаўся да мяне, намацваў, так бы мовіць, межы маёй цярплівасці. І калі зразумеў, што мая цярплівасць бязмежная, вырашыў, што я знудзіўся па ім, чакаў усю ноч. І з’явіўся зрання…

Што праўда, уся ноч прайшла ў паўсне, ва ўспамінах пра нядаўна пахаванага сябра і змрочных думках пра несупынны бег часу…

Пацягнуўся па валідол і кінуў позірк на каляндар. 28 мая — амаль тыдзень, як я з ім разлічыўся. Чаго яму яшчэ трэба?!

І ў гэты момант ён з’явіўся ізноў. Я ізноў кінуў слухаўку. Праз паўгадзіны — ізноў… І так да апоўдня…

Мабыць, пакрыўдзіўся, вырашыў я. І патэлефанаваў у разліковы цэнтр, які штомесяц дасылае так званыя жыроўкі. Нарэшце! Нарэшце я пачуў мілагучны жаночы голас. «Слухайце, — сказаў я, — ваш упаўнаважаны робат з’ехаў з глузду… Я ж разлічыўся з дзяржавай ажно тыдзень таму». — «Як прозвішча?» Раптам мілагучны голас набыў усё тую ж камісарскую металёвасць: «Не маніце! Грошай ад вас няма».

У рэшце рэшт размова пацякла ў да болю знаёмым рэчышчы: «Вы што, не ведаеце, колькі ў нас неплацельшчыкаў?» — «Не ведаю. Навошта мне гэта ведаць?» — «Як гэта навошта? Вас не цікавіць, у якім стане наша дзяржава?!» — «Ну, у пэўным сэнсе цікавіць. Але ў дадзеным выпадку ў мяне з дзяржавай асабістая замова. І прычым тут…» — «Пры тым, што вашых грошай няма. Вы — неплацельшчык!» — «Добра, неплацельшчык… А самі вы ведаеце, колькі іх? Хаця б на вашай тэрыторыі». — «Навошта мне гэта ведаць?»

Кола замкнулася. Адзіным выйсцем з яго стала паступовае высвятленне таго, што і пошта дрэнна працуе, і банкі марудзяць, і… «Дык разбярыцеся з поштай, банкамі, з неплацельшчыкамі — у судзе… Навошта людзей вашым робатам тыраніць?» — «Ну што вы прычапіліся да яго? Ён проста нагадвае, што трэба плаціць… Па праграме… Калі вы дасцё гарантыі, што будзеце плаціць, і абавязкова ў дамоўлены тэрмін, мы прыбярэм вас з базы…» — «А ў якім выглядзе даць вам гарантыі?» — «Ну… ну… Проста паабяцайце…»

…Нядаўна я ўдзельнічаў у журналісцкім семінары. Высвятлялася, чаму і адкуль з’яўляецца ў СМІ мова варажнечы. Чаму, да прыкладу, на гэтай мове ўсе каўказцы — махляры і забойцы, усе ўкраінскія нацыяналісты — фашысты і «бендэры», усе рускія — ушчэнт імперцы, а ўсе апазіцыянеры — адмарозкі і «пятая калона»…

Чаго ж яшчэ чакаць ад дзяржаў, нашчадкаў разваленай камуністычнай імперыі, што ад пачатку размаўляла са сваімі грамадзянамі на мове варажнечы?!

Пад падазронасцю ўсе. Такі вось базавы прынцып.

Вось і лічыце, хто тут насамрэч вораг — людзі дзяржаве ці дзяржава людзям.

Хтосьці мо палічыць гэту гісторыю выпадковай дробяззю.

Ну, гэта як паглядзець.

P.S. Праз два дні, калі мяне нібыта «прыбралі з базы», я выцягнуў з паштовай скрыні вось такі «ліст шчасця».

Што ж, глядзіце.

Каментары

Цяпер чытаюць

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!

Усе навіны →
Усе навіны

Падземны пераход пад галоўным скрыжаваннем Мінска ўтрымліваюць падпоркамі. Ці ёсць тут небяспека для людзей?

Прызналі «экстрэмісцкай» кнігу з успамінамі экс-супрацоўніка НКВД, арыштаванага ў 1937 годзе5

«Ваша звычка есці макароны як гарнір…» Што шакуе італьянца ў Беларусі20

УСУ нанеслі ўдар па заводзе «Крэмній Эл» у суседнім з Беларуссю Бранску6

Ціханоўская, магчыма, адзначыць Дзень Волі ў Кіеве14

Прыбытак Volkswagen упаў на 44%. Канцэрн скароціць 50 тысяч працоўных месцаў у Германіі20

Зяленскі: Структура расійскіх страт — 62% забітых і 38% параненых3

У Мінску пачалі будаваць вялікі падземны фудкорт4

У Польшчы паведамілі пра затрыманне беларускага «злодзея ў законе». Вось толькі незразумела, што з ім рабіць далей

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць