У сувязі з заявай прэм'ер-міністра Арсенія Яцанюка аб адстаўцы прэзідэнт Украіны познім вечарам 24 ліпеня звярнуўся да спікера Вярхоўнай Рады Аляксандра Турчынава з патрабаваннем ўжо ў пятніцу «вызначыцца наконт вотуму даверу Кабінету міністраў».
Распад кіруючай парламенцкай кааліцыі не з'яўляецца прававой падставай для адстаўкі ўрада, лічыць Парашэнка, ліст якога спікеру ВР прыводзіць прэс-служба ўкраінскага кіраўніка. «Як прэзідэнт, я пазітыўна ацэньваю антыкрызісныя намаганні цяперашняга Кабінета міністраў. Разумею, што працуе ён у надзвычай складаных умовах, з якімі не сутыкалася яшчэ ніводзін урад. Разлічваю на тое, што гарачыя эмоцыі сціхнуць, а верх возьмуць халодны розум і пачуццё адказнасці, з прычыны чаго ўвесь Кабінет міністраў працягне сваю працу», — напісаў Парашэнка.
Паводле яго слоў, выхад дэпутатаў з кааліцыі не павінен паралізаваць працу парламента, неабходна неадкладна вярнуцца да пытанняў змяненняў у дзяржбюджэт і Падаткавы кодэкс. «Гэтыя змены патрэбныя нам як для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці і фінансавання арміі, так і для аднаўлення вызваленых ад тэрарыстаў тэрыторый і аказання дапамогі мірным жыхарам пацярпелых гарадоў, сёлаў і пасёлкаў», - падкрэсліў прэзідэнт.
Арсень Яцанюк сышоў у адстаўку, прапрацаваўшы на пасадзе прэм'ер-міністра менш за пяць месяцаў. Прычынай такога кроку ён назваў распад кіруючай кааліцыі, з якой выйшлі фракцыі «УДАР» і «Свабода», і нежаданне дэпутатаў падтрымліваць прапановы ўрада. В.а. прэм'ер-міністра прызначаны віцэ-прэм'ер - міністр рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзімір Гройсман.
Каментары