Меркаванні4242

Беларус з батальёна «Правага сектара»: Калі хтосьці марыць пра ўзброеную барацьбу ў Беларусі, то ў яго праблемы з галавой ВІДЭА

21-­гадовы Ян амаль год ваюе ва Украіне. У Мінску ён быў грамадскім актывістам, а таксама фанатам футбольнага клуба «Партызан». Мы адшукалі байца ў Кіеве, куды ён прыехаў на кароткачасовы адпачынак з Пяскоў. 

«Наша Ніва»: Яне, раскажы крыху пра сябе.

Ян: Я з Мінска, мне 21 год. Я прыехаў на Майдан яшчэ тады, калі адбылося забойства Міхаіла Жызнеўскага. Цяпер я змагаюся ў батальёне ДУК «Правы сектар».

«НН»: Чаму ты паехаў ва Украіну?

Ян: Бо я хацеў заспець той час, калі Украіна пачала скідаць кайданы Крамля. У сакавіку планаваў вярнуцца дахаты, але ў той час у Крыме з’явіліся барадатыя чачэнскія «самаабаронцы». Я зразумеў, да чаго гэта ўсё ідзе. Я быў у «Правым сектары» на Майдане. Гэта была адзіная сіла, якая аказвала супраціў, якая не грала ні пад чыю дудку. Яны не маюць зацікаўленасці ў грошах ці партфелях.

«НН»: Наколькі я ведаю, то ты антыфашыст, «лявак», а тут трапляеш у батальён «Правага сектару».

Ян: Калі я пажыў ва Украіне, то спакайней стаўлюся да ўсялякіх ярлыкоў — левыя, правыя, цэнтральныя, антыфашысты, фашысты. Я — нацыяналіст. Для мяне нацыяналізм — гэта права быць роўнымі сярод роўных на гэтай зямлі. Для мяне Еўропа — гэта адна вёска. Беларусь — гэта адна хата, Украіна — іншая. Калі ў суседа бяда, то нельга быць абыякавым. Сёння на ўсходзе Украіны вырашаецца геапалітычны лёс усёй Еўропы. Праблема суседа — наша праблема.

«НН»: У цябе на форме бел-­чырвона-­белы сцяг. Табе важна ваяваць пад ім?

Ян: Канечне, гэткім чынам я паказваў, што ў Беларусі далёка не ўсе ватнікі. Ёсць у батальёне яшчэ некалькі беларусаў, я не скажу, што іх шмат. Мы не ехалі групай, кожны прыехаў сам. У кожнага свой шлях у батальён.

«НН»: Калі ты трапіў непасрэдна ў баявыя дзеянні?

Ян: У жніўні. У Аўдзееўцы. Пасля вызвалення горада дапамагалі мірнаму насельніцтву, трымалі там блокпост з боку Спартака, які належаў сепаратыстам. Аўтаматны бой непасрэдна я ўжо бачыў у Пясках, гэта тры кіламетры да данецкага аэрапорта. Выходзілі разведачна-дыверсійныя групы ад іх, нават былі спробы штурму. Мы трымаем абарону з кулямётамі, якія нам выкапалі валанцёры Закарпацця, часоў Другой сусветнай вайны. Ёсць мінамёты 1943 года. Любая сусветная дзяржава проста смяялася б з нашага ўзбраення. Прыязджалі амерыканскія спецыялісты, яны дзівіліся, як хлопцы, якія ніколі не служылі ў арміі, здольныя самі разбіраць і збіраць за два дні зенітную ўстаноўку.

«НН»: У цябе таксама хутка атрымліваецца вучыцца?

Я: Калі казаць пра аўтаматы, то я меў з імі справу яшчэ ў Беларусі. Быў такі патрыятычны лагер «Доблесць» для цяжкіх падлеткаў на базе вайсковай часткі 3214. Нават сам Паўлючэнка выступаў перад намі. Я, праўда, тады не ведаў, хто гэта такі.

«НН»: Як бацькі ставяцца да твайго выбару?

Ян: Маці тэлефануе час ад часу. Хвалюецца, канечне. Кажа, каб ехаў дамоў. Але ж яна разумее, што вяртацца ўжо немагчыма. Спецслужбы прыходзілі да мяне дадому, яны ведаюць, хто я такі, што раблю ва Украіне. Я і не збіраюся хавацца. Я не злачынца. Я не ваюю за грошы. Цяпер хачу атрымаць грамадзянства Украіны, каб у Беларусі ў мяне не было праблем.

«НН»: Якія твае абавязкі ў батальёне?

Я: Падчас аперацый я кулямётчык. У мяне РПК, то бок ручны кулямёт Калашнікава. Я другі нумар кулямётчыкаў, прыкрываю камандзіра. Я страляў і з РПГ, і мінамёта. Людзі мяняюцца, бо часта не хапае кадраў.

«НН»: Страх адчуваеш?

Ян: Канечне, калі ты яго не адчуваеш, то ты ці дурны, ці мёртвы. Я ўвесь час канцэнтруюся на камандах камандзіра і сваім перыметры, які я мушу прыкрываць. Увесь час ваюе толькі артылерыя. Вельмі рэдка бываюць аўтаматныя ці танкавыя баі. На баку баевікоў працуюць расійскія спецыялісты, рэгулярная расійская армія.

«НН»: Ва ўкраінцаў ёсць шанец спыніць баевікоў?

Ян: Калі б не было, то мяне б не было ў батальёне. Ва Украіне ёсць людзі, ёсць зброя, якой хапае, каб спыніць баевікоў. Толькі вось часам узнікае пытанне: чаму гэта не робіцца?..

«НН»: Ты сябе бачыш у будучыні вайскоўцам?

Ян: Не­не­не. У мяне нехта быў спытаўся, а калі мы тут скончым, то паедзем у Беларусь, Бацьку скідваць? Я кажу: пасля таго, што я перажыў тут, малю Бога, каб больш ніколі не ўзяць у рукі зброю.

Калі я жыў у Беларусі, то захапляўся ЭТА і ІРА, якія вялі ўзброены супраціў, я думаў, што так трэба дзейнічаць і ў Беларусі. Цяпер жа лічу, што людзі, у якіх падобныя думкі, маюць ці псіхалагічныя праблемы, ці ў розуме. Самае горшае для Беларусі будзе тое, калі там адбудзецца такая ж рэвалюцыя, як ва Украіне, з такой колькасцю ахвяр. Мне здаецца, што Расія паспрабуе скінуць Лукашэнку, бо цяпер ён ім нявыгадны, бо працуе не ў інтарэсах Крамля.

«НН»: Пра што цяпер марыш?

Ян: Мне проста хочацца, каб гэта хутчэй скончылася. А Украіна была свабоднай і незалежнай дзяржавай, прыкладам іншым народам.

Каментары42

Цяпер чытаюць

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек16

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне задумаліся пра пераезд у Беларусь. Чаму для іх тут так мёдам намазана?23

Імпарт аўто прыватнікамі расце, а ў дылераў — падзенне продажаў. Таму дылеры хочуць, каб было, як у Расіі1

Выйшаў на свабоду палітвязень Дзяніс Болтуць. Ён цалкам адбыў шасцігадовы тэрмін

Упершыню ўсе члены НАТА дасягнулі 2% ВУП на абарону8

«Медсястра турбуе, абнаўляю вашу медкарту». Махляры прыдумалі новую схему падману праз тэлеграм6

У Беларусь прыязджаў афіцыйны прадстаўнік Германіі6

ЗША афіцыйна знялі санкцыі з «Беларуськалія», Белінвестбанка і Мінфіна9

У мінскім метро чалавек захацеў набыць адразу 3 тысячы жэтонаў4

Пентагон можа перанакіраваць пастаўкі зброі, прызначанай для Украіны, у Іран5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек16

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць