Міліцыя адшуквае магчымых пацярпелых ад дзеянняў цыганкі-махляркі.

Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, у Фрунзенскае РУУС звярнулася мінчанка з заявай аб тым, што ў дачыненні да яе ўчыненыя махлярскія дзеянні. Урон быў ацэнены ў 150 млн. рублёў.
Аказалася, што на прыпынку грамадскага транспарту да заяўніцы падышла цыганка, якая, расказаўшы жанчыне пра чараду цяжкасцяў, праблем і няўдач, што спасціглі яе, параіла тэрмінова зняць сурокі. Пасля працяглай гутаркі і ўмелага псіхалагічнага націску цыганка здолела пераканаць сваю суразмоўніцу ў неабходнасці дапамогі, для чаго дамовілася зноў сустрэцца праз дзве гадзіны. Для правядзення рытуальных дзеянняў трэба было прынесці з сабой грошы для аплаты паслугі, ваду і каштоўнасці з дому.
Сустрэча адбылася ва ўмоўлены час. Рытуал па зняцці сурокаў вырашылі правесці ў бязлюдным месцы — на Кальварыйскіх могілках.
Там пасля атрымання грошай і правядзення пэўных маніпуляцый «сурокі паспяхова былі знятыя». Пасля гэтага цыганка растлумачыла, што абавязкова трэба ачысціць і каштоўнасці. Праўда, ювелірныя вырабы для гэтага на час трэба было забраць з сабой. Літаральна на дзень. Дамовіліся сустрэцца назаўтра.
На наступны дзень на сустрэчу ніхто не прыйшоў. Па пакінутым нумары тэлефона таксама не адказвалі.
Нягледзячы на тое што супрацоўнікі крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС асобу махляркі ўстанавілі даволі хутка, затрымаць цыганку аператыўна не ўдалося. Грамадзянка суседняй краіны кінулася на ўцёкі, яе аб'явілі ў вышук.
Затрымалі махлярку ў Бабруйску. 34-гадовую раней судзімую за крадзяжы і махлярства падазроную даставілі ў Мінск.
З улікам абставінаў здарэння ў супрацоўнікаў крымінальнага вышуку ёсць падставы меркаваць, што апісаная вышэй гісторыя можа быць не адзінай. Цыганка можа мець дачыненне да шэрагу іншых аналагічных або падобных схем падману. Прычым не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах краіны.
Тых, хто пацярпеў ад дзеянняў махляркі (яе фота размешана на сайце ГУУС), просяць звяртацца ў дзяжурную частку Фрунзенскага РУУС сталіцы.
Каментары