Меркаванні3838

«Беларускія казакі»: небяспечныя гульні

Казацтва апошні час даволі часта трапляла ў СМІ. Хтосьці называў казакоў прарасійскай пятай калонай, хтосьці нагадвае, што гістарычна ніякіх «беларускіх казакоў» не было. Былі толькі ва Украіне і ў Расіі. «Наша Ніва» сабрала інфармацыю пра казацкія суполкі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі нашай краіны, і высветліла, што яны сабой уяўляюць.

У адрозненне ад Расіі, казацтва і беларуская дзяржава амаль не ўзаемадзейнічаюць (у кожным разе, афіцыйна). У Расіі нават званні генералаў казакам уручае паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта. У нас жа казакі выдаюць сабе званні самі. За межамі казачай суполкі іх чыны не значаць нічога. Казацкі палкоўнік ні ў якім выпадку не роўня палкоўніку армейскаму ці міліцэйскаму. Казацкі чын — гэта проста адзнака для сваіх.

Чыны выдаюцца на Радах атаманаў, ці Вялікіх кругах. На гэтых кругах прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх суполак, якія ўваходзяць у аб’яднанне. На гэтых жа кругах прымаюцца ўзоры формы, якая ў кожнай беларускай казацкай суполкі свая, і ўзнагароды. Па вялікім рахунку, кожная суполка можа абраць сабе любы ўзор формы і любую колькасць узнагарод. Усё роўна яны вартыя чагосьці толькі ўнутры свайго аб’яднання.

У Беларусі, як і ў Расіі, казакі актывізаваліся падчас перабудовы. Раней у СССР не вельмі падтрымлівалі такую самаідэнтыфікацыю. Першыя аб’яднанні з’явіліся ў сярэдзіне 90-х. Адным з іх было ГА «Беларускае казацтва»

«Мы глядзім вачыма прэзідэнта»

З 1995 года і па сённяшні дзень «Беларускае казацтва» ўзначальвае вярхоўны атаман, казацкі генерал Мікалай Улаховіч — былы вайсковец, выйшаў у запас у чыне палкоўніка.

Мікалай Улаховіч, кіраўнік РГА «Беларускае казацтва» – арганізацыі, што падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку.

Нават на пенсіі ён мае сур’ёзную хлебную пасаду: сёння ён працуе ў «Мінскім абласным спажывецкім саюзе».

«У 1654 годзе на загад цара [Маскоўскага, Аляксея Міхайлавіча, у часе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай] быў створаны Першы казацкі полк у Беларусі. Узначаліў яго казацкі палкоўнік, праваслаўны шляхціч Канстанцін Паклонскі. Вось з тых часоў і пайшлі казакі на Беларусі», — кажа Улаховіч.

Па яго словах, «Беларускае казацтва» налічвае сёння каля 1,5 тысячы актыўных удзельнікаў, хаця пасведчанняў за 20 гадоў дзейнасці было выдадзена каля 10—15 тысяч.

Казакі дзеляцца на дзве катэгорыі: радавыя і прыпісныя. Першыя — гэта тыя, хто мае продкаў-казакоў. Другія — тыя, хто вырашыў у казакі «запісацца», не маючы ніякіх каранёў.

«Я скасаваў розніцу паміж гэтымі катэгорыямі. Бо ў нас была праблема: радавыя ўціскалі прыпісных. Былі скандалы», — прызнаецца Улаховіч.

У лютым 2014 года двух казакоў увогуле выключылі з аб’яднання з даволі сур’ёзнай фармулёўкай: «За парушэнне дысцыпліны і статута, прапаганду сіянісцкай нецярпімасці сярод казакоў, а таксама распальванне тэрарыстычнай палітыкі ў адносінах да часткі карэннага насельніцтва Рэспублікі Беларусь». Адным з іх быў сотнік Андрэй Марозаў.

«Марозаў выступіў супраць хрышчоных яўрэяў. А гэта ж вялікая група людзей, якая змяшалася даўно з беларусамі», — тлумачыць Мікалай Улаховіч.

Сам Марозаў кажа, што выказваўся супраць прыняцця грамадзяніна Ізраіля ў казацтва. Ён увогуле мяркуе, што казакі — невялікая асобная нацыя, накшталт памораў ці мардвы. Улаховіч лічыць такую пазіцыю непрымальнай.

«Мы саслоўе, а не нацыя. І ў Беларусі, і ў Расіі хапае тых, хто лічыць, што казакі пайшлі ад скіфаў, і гэта такая малая народнасць. Я супраць такой пазіцыі».

Акрамя таго, Улаховіч катэгарычна супраць любой камерцыйнай дзейнасці ў межах казацкага руху. Інакш, кажа ён, не захаваеш казацкі дух. Захаваць той самы дух дапамагае і праваслаўе. Людзей іншага веравызнання ў «Беларускае казацтва» проста не прымаюць.

Амаль кожны казак мае чын. «Гэта не воінскае званне. Што за казак без чына?» — каментуе Улаховіч.

Атрымаць чын можна за ўдзел у грамадскай дзейнасці ці за выслугу гадоў. Але пры гэтым трэба займаць адпаведную пасаду ў суполцы. То бок чын палкоўніка звычайнаму казаку, калі ён не кіраўнік раённай ці гарадской арганізацыі, дадуць наўрад ці. Пры гэтым любы чын можа атрымаць і жанчына.

Сам сябе Улаховіч называе «народным генералам». Па яго словах, свой чын ён атрымаў ад казакоў на Вялікім крузе. Акрамя яго, ёсць яшчэ два генералы. І больш не будзе.

«Мы спынілі практыку раздаваць генеральскія чыны. Вырашылі, што генерал павінен быць адзін — вярхоўны атаман», — паведамляе Улаховіч.

«Беларускае казацтва» — суполка абсалютна праўладная. Гэтага не хавае і яе кіраўнік. «Я старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, якая падтрымлівае прэзідэнта. Я быў членам аднаго са штабоў Лукашэнкі падчас выбараў 1994 года, — кажа Улаховіч. — І як глядзіць прэзідэнт, так глядзім і мы. На тую ж Украіну мы глядзім вачыма прэзідэнта. Наша аснова — служба дзяржаве, нягледзячы на ўласныя меркаванні».

Увогуле, Улаховіч асцярожны ў выказваннях. Нават пажаданні агучвае асцярожна.

«Дзяржава недаацэньвае патэнцыял нашага казацтва. Мы б з радасцю бралі большы ўдзел у грамадскім жыцці», — намякае ён.

«Бабы — беснаватыя жывёлы»

Іншае грамадскае аб’яднанне, «Усебеларускае аб’яднанае казацтва», узнікла ў 1997 годзе. На чале яго стаў казацкі генерал Мікалай Ярковіч, вярхоўны атаман.

«Ярковіч прыйшоў да нас у 1997 годзе па рэкамендацыі аднаго расійскага сябра-казака. Сам сябе прапанаваў у кіраўніцтва. Мы ад такой прапановы адмовіліся. І ён стварыў сваю суполку — «Усебеларускае аб’яднанае казацтва». Потым некаторыя з нашых казакоў перабеглі да яго», — расказаў Мікалай Улаховіч.

Дакладная колькасць удзельнікаў «Усебеларуска га аб’яднанага казацтва» невядомая. Але член аб’яднання, казацкі палкоўнік Яўген Макаранка, заяўляе, што ў іх каля 10 000 казакоў па ўсёй Беларусі.

Яўген Макаранка (з іконай, наперадзе), казачы палкоўнік ГА «Усебеларускае аб’яднанае казацтва» – больш радыкальнай структуры.

Увогуле, структура суполкі падобная да «Беларускага казацтва»: тыя ж чыны, тыя ж агульныя зборы казакоў на кругах. Праўда, па словах Макаранкі, без вышэйшай адукацыі афіцэрскі чын у іх не атрымаеш.

«Усебеларускае аб’яднанае казацтва» супрацоўнічае з ГА «Русь» (грамадскім аб’яднаннем расейцаў у Беларусі, якое знаходзіцца ў шчыльных зносінах з арганізацыяй «Русь молодая», цесна звязанай са структурамі, якія фінансуюць прарасійскія сілы ў краінах былога СССР). У «Русі» нават існуе нешта накшталт казацкай фракцыі. Яна мае назву «Казакі Святой Русі» і часта бярэ ўдзел у рознага роду мерапрыемствах.

Пры гэтым, калі верыць Яўгену Макаранку, «Усебеларускае аб’яднанае казацтва» падтрымлівае ідэю аб тым, што казакі — гэта асобная нацыя сасваімі традыцыямі. Казацкую форму, ці «справу», як яны яе называюць, Макаранка лічыць нацыянальным строем, такім жа, як вышыванка у беларусаў.

«Казакі — адзін з чатырох асноўных старажытных [рускіх] этнасаў. Астатнія тры — велікаросы, беларусы і маларосы», — кажа Макаранка.

Стаць казаком у гэтай суполцы можна таксама ці па нараджэнні, ці прыпісным. Прыпісныя павінны вытрымаць выпрабавальны тэрмін: ад 6 месяцаў да года. Нацыянальнасць асаблівай розніцы не мае. Галоўнае, ізноў жа, праваслаўная вера.

«Мы лічым, што каталіцкая царква — адна з сясцёр нашых, але сястра, якая збілася са шляху. Католік служыць не Богу, а яго намесніку на Зямлі — Папу Рымскаму. А мы служым Госпаду Богу! — кажа Макаранка. — Дзецям з самага нараджэння мы даносім такую думку, што яны належаць не сабе, а Богу і Айчыне».

Увогуле, па версіі Макаранкі, шмат казакоў выйшла з «Беларускага казацтва» менавіта таму, што там пачалі захапляцца «экуменічнай верай».

Карціна свету у самога Яўгена Макаранкі даволі простая. Ва Украіне ваююць «антыфашысты» (ДНР і ЛНР) з «фашыстамі». Парашэнкам кіруе ЗША. А беларускія нацыяналісты хочуць зладзіць Майдан у Мінску.

«Да нацыяналістаў мы ставімся рэзка негатыўна. Нацыяналізм — гэта ракавая пухліна грамадства. Тое, што яны нам насаджаюць, гэта ж нават не беларуская мова», — абураецца Макаранка.

У Еўропе, на яго думку, усёдазволенасць і гей-парады, і нам туды не трэба. А збіццё расійскімі казакамі ўдзельніц панк-гурту Pussy Riot казачы палкоўнік падтрымаў і расказаў чаму.

«Не блытайце жанчыну і бабу. Жанчын біць нельга. А баб — можна і нават трэба. Таму што жанчыны — светлыя істоты, роўныя мужчынам. Яны нясуць у сабе вобраз Божай Маці, — тлумачыць Макаранка. — А бабы — беснаватыя жывёлы».

Казацкага генерала Бакланава, які быў накіраваны на здушэнне паўстання 1863 года, Макаранка лічыць героем. Да Шкуро, казака, які быў афіцэрам Вермахта, у яго стаўленне неадназначнае: з аднаго боку, ён сапраўды герой, кажа Макаранка, але яго дзейнасць у Вермахце не падтрымлівае.

«Мы з вялікай павагай ставімся да генерала Вермахта фон Панвіца. Гэта быў камандзір казацкага корпуса Вермахта. Ён быў вельмі годным афіцэрам. Калі яго казакоў выдалі СССР, ён вырашыў застацца з імі, і ў выніку яго павесілі. Я разумею пра Вермахт, але нават да ворагаў трэба ставіцца з павагай, тым больш да такіх, хто паважаў казацтва», — удакладняе Яўген Макаранка.

«Ваенна-патрыятычныя зборы» ў Гродне, з удзелам інструктароў цэнтру «Казачы Спас». «Казачы спас» многія лічаць самай прарасійскай структурай. 

«Ніякіх інструктараў з Расіі не было на нашых мерапрыемствах»

«Вашая суполка, так званыя незалежныя СМІ, распаўсюджвае пра нас хлусню. Нашыя матэрыялы перакручваюцца, інфармацыя мэтанакіравана скажаецца», — кажа Пятро Шапко, кіраўнік цэнтра «Казацкі спас». — Я вашай газеце не давяраю».

Менавіта «Казацкі спас» часта ладзіць моладзевыя ваенна-патрыятычныя зборы, якія потым называюць у СМІ прарасійскімі». Сам Шапко гэта адмаўляе.

«У палітыку мы не лезем. Мы праваслаўныя людзі і патрыёты сваёй Радзімы. Мы не хочам, каб з моладзі вырасталі наркаманы. Мы выступаем за нармальнае, мужчынскае выхаванне для хлопчыкаў і жаночае — для дзяўчат. «Казацкі спас» — гэта цэнтр, які дзейнічае ў межах ГА «Горад без наркотыкаў». Ваенна-патрыятычнае выхаване моладзі — адзін з кірункаў нашай дзейнасці. Мы актыўна працуем з моладдзю, праводзім лекцыі, экскурсіі, займаемся прафілактыкай наркаманіі, — тлумачыць Шапко. — Сярод нашых членаў хапае тых, хто быў і ў «Беларускім казацтве», і ва «Усебеларускім аб’яднаным казацтве». Але людзі адтуль павыходзілі, бо нам не давалі там працаваць».

Кіраўнік цэнтра «Казацкі спас» Пятро Шапко абвяргае абвінавачванні ў прарасійскай дзейнасці

Сам Шапко прыйшоў да казацтва пасля ўцаркаўлення. Продкаў з казакоў ён не ведае, але лічыць, што казацкая кроў у яго ёсць. Увогуле, сябе і сваіх паплечнікаў Шапко называе новай хваляй казацтва. Напрыклад, чыноў у «Спасе» няма. Як няма і вярхоўнага атамана.

«Мы супраць таго, каб у сучасным казацтве існавалі гэтыя званні. Сама наяўнасць гэтых зорак, ордэнаў і медалёў ператварае казацтва ў кірмаш фанабэрыі. А казак павінен служыць. Мы бачым развіццё казацтва як мужчынскай суполкі, якая потым можа ўліцца ў сістэму тэрытарыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь», — кажа Шапко.

Трапіць у «Казацкі спас» не так проста. Можна браць удзел у мерапрыемствах, але, каб лічыцца паўнавартасным членам суполкі, трэба прайсці выпрабавальны тэрмін: ад 1,5 да 3 гадоў. Падчас яго прэтэндэнт павінен браць актыўны ўдзел у жыцці клуба. Праваслаўе — таксама адзін з важных крытэраў.

Праўда, колькасць членаў «Казацкага спаса» Шапко назваць адмовіўся. Абвінавачванні ў прарасійскай дзейнасці Пятро Шапко абвяргае, называе гэта палітычным заказам: «Ніякіх інструктараў з Расіі не было на нашых мерапрыемствах. Гэта хлусня. Нават упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю правярала нас пасля тых публікацый. Ніякіх парушэнняў заканадаўства не знайшлі», — кажа ён.

Такія справы.

***

Рознага роду казацкіх аб’яднанняў на Беларусі шмат. Дакладная колькасць іх невядомая. Лічаць сябе казакамі многія, але актыўных удзельнікаў «казацкага руху» не так шмат. Лічбы 10—15 тысяч — яўнае перабольшванне. Часта асобныя аб’яднанні фарміруюць тыя, хто па розных прычынах не прыжыўся ў буйнейшых казацкіх суполках.

Так, напрыклад, той сотнік Марозаў з паплечнікамі стварылі беларускую «філію» Старадубскага казацкага палка, а нейкі Сяргей Новікаў разам з бацькам Уладзімірам стварылі «Міратворчую казацкую гвардыю». Яўген Макаранка сцвярджае, што «Казацкая гвардыя» ўвогуле пазіцыянуе сябе масонскай арганізацыяй.

Што цікава, масонамі «Гвардыю» называе і інфармацыйны партал БПЦ sobor.by.

Каментары38

Цяпер чытаюць

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей11

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей

Усе навіны →
Усе навіны

Расія выставіла Украіне восем умоў21

Трамп не стаў лічыць Пуціна перашкодай на шляху да міру8

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч расказаў, як працаваў разам з будучым Папам Львом XIV1

Ціханоўская пра ўдар па маршрутцы ў Сумскай вобласці: Відавочна, што Расія не хоча міру4

У панядзелак павінна стаць цяплей

Эйсмант пра перамовы ў Стамбуле: Мы не напрошваліся на ролю пасярэдніка, але калі неабходна — арганізуем15

Пад Оршай злавілі гіганцкага залатога карася7

Пяць гадоў таму памёр Юрый Зісер3

Маладая пара вырашыла абысці ўвесь Мінск уздоўж МКАД: «Ногі потым яшчэ тры дні балелі»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей11

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць