Нерухомасць6363

Былы міністр просіць за катэдж у Драздах $1 400 000 + ФОТЫ інтэр'ераў

Віктар Галаванаў спрабуе абнаявіць «бонус», атрыманы ад дзяржавы.

Віктар Галаванаў, фота Антона Матолькі.

Колькі каштуе элітнае жыллё беларускіх чыноўнікаў у Драздах? Рыэлтары не даюць аргументаванага адказу на гэтае пытанне, раячы лічыць ад $1 мільёна.

Міністраў можна лічыць мільянерамі, аднак за апошнія гады ніхто з сотні лукашэнкаўцаў, якім выдалі зямлю ў Драздах і Вяснінцы, не абмяняў свой «бонус» на жывыя грошы.

Былая старшыня Нацбанка Надзея Ермакова спрабавала здаць адзін са сваіх асабнякоў у арэнду (падрабязнасці ў №31 ад 19 жніўня 2015 года — «Надзея Ермакова здавала катэдж у Драздах за $6 тысяч»), але, найхутчэй, марна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

І вось з’явіўся першы ахвотны атрымаць поўны кошт катэджа. На сайтах агенцтваў нерухомасці з’явілася аб’ява аб продажы дома на Ціхім завулку за $1,4 мільёна. І гэта за адзін з самых маленькіх, сціпленькіх катэджаў у Драздах!

Гаспадар дома — выкладчык міжнароднага права Беларускага інстытута правазнаўства (БІП) Сяргей Галаванаў. Элітная нерухомасць дасталася яму ў падарунак ад бацькі, былога міністра юстыцыі Віктара Галаванава. Цяпер адстаўны чыноўнік працуе рэктарам у тым самым БІПе.

Зрэшты, перапісваць элітную нерухомасць на сваякоў — нярэдкая практыка для чыноўнікаў пасля сыходу з пасады.

Здымкі, далучаныя да аб’явы, дазваляюць убачыць, як выглядае катэдж міністра ўнутры.

Госці Галаванавых трапляюць у прасторны хол (30 м2). Адтуль разыходзяцца дзверы ў гасціную (39 м2), жылы пакой (22 м2) і гараж (32 м2). Таксама ўнізе знаходзяцца кухня (20 м2), гардэробная (8 м2), санвузел і топачная. Праз шкляныя дзверы можна выйсці ў двор з двух бакоў дома.

Калі ўзняцца па драўлянай лесвіцы на мансардны паверх, апынешся ў чарговым холе (40 м2). Вакол яго тры жылыя пакоі (каля 20 м2 кожны), яшчэ адна гардэробная і яшчэ два санвузлы.

Інтэр’еры выглядаюць простымі. На сценах развешаныя карціны і нейкія граматы. Над працоўным сталом — дартс.

Від з балкона таксама не ўражвае, суседнія катэджы стаяць ушчыльную. Затое можна вітацца са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, якая жыве насупраць.

Агульная плошча дома складае 267 м2, гэта нямнога ў параўнанні з суседзямі. Калі пералічыць запытаную Галаванавым цану на квадратныя метры, атрымліваецца $5235 за м2.

У камплекце ідзе яшчэ і ўчастак (менш за 10 сотак), але фармальна ён не знаходзіцца ва ўласнасці Галаванава. Сям’я былога міністра валодае ім на праве пажыццёвага спадчыннага валодання.

Калі жыць на сярэдні беларускі заробак і сплачваць падаткі, на катэдж былога міністра давядзецца ашчаджаць 330 гадоў.

За якія заслугі Галаванаў атрымаў элітнае жыллё? Ён узначальваў міністэрства ў 2001—2011 гадах. За гэты час у краіне не зарэгістравалі ніводную новую палітычную партыю, ліквідавалі сотні грамадскіх арганізацый. Была ўведзена крымінальная адказнасць за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Адвакаты, якія абаранялі ўдзельнікаў Плошчы-2010, атрымалі воўчыя білеты і былі выкінутыя з прафесіі.

За гэта Галаванаў патрапіў у чорны спіс Еўрасаюза. «Гэта, канечне, непрыемна для нашай краіны і людзей, супраць якіх уведзеныя санкцыі», — заявіў ён і даводзіў, што рашэнне Еўрасаюза — «пазаправавое».

Прадаўшы дом у Драздах, Галаванаў на вуліцы не застанецца. Яшчэ з 1990-х у яго была прасторная трохпакаёўка ў «чырвоным доме» на вуліцы Максіма Танка. Яе цяперашняя цана — каля 110 тысяч.

***

Віктар Галаванаў

Нарадзіўся ў 1952 у Барысаве. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ (1979), Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання КПБ (1991). Кандыдат юрыдычных навук.

У 1980—1987 быў на партыйнай працы, у 1987—1988 — кіраўнік аддзела юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама. У 1988—1992 — інструктар дзяржаўна-прававога аддзела ЦК КПБ, начальнік аддзела, намеснік начальніка ўпраўлення Міністэрства юстыцыі Беларусі. У 1992—1995 — намеснік старшыні Дзяржаўнага патэнтнага ведамства. У 1995—1996 — член Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

У 1996—2000 — намеснік, першы намеснік міністра юстыцыі. У 2000—2001 — начальнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта. У 2001—2011 — міністр юстыцыі. 

Цяпер — рэктар Беларускага інстытута правазнаўства.

Жанаты. Мае дваіх дзяцей.

Каментары63

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: Раман Пратасевіч — даўні супрацоўнік беларускай разведкі51

Лукашэнка: Раман Пратасевіч — даўні супрацоўнік беларускай разведкі

Усе навіны →
Усе навіны

Сустрэчу Трампа і Пуціна ў Будапешце адмянілі з-за мемарандума МЗС Расіі3

«Гэты гук як катаванне вадой — спаць немагчыма». Мінчук скардзіцца на гул, які даносіцца з падвала

У Мінску расследуюць два выпадкі гібелі людзей за адзін дзень

У Свяцкім палацы раскрылі галерэю партрэтаў рымскіх імператараў. Яны былі схаваныя ад вачэй больш за стагоддзе6

Сацсеткі ў захапленні ад метыленавага сіняга. Ён сапраўды дапамагае?7

Пакроўск і Мірнаград на мяжы падзення. Наколькі там крытычная сітуацыя для Украіны і што будзе далей?13

Абноўлены мост праз Прыпяць у Мазыры засвяціўся ўначы. Яго правяраюць на трываласць1

«Савушкаў прадукт» ад пачатку года атрымаў рэкордныя $135 мільёнаў чыстага прыбытку6

Беларуская фатографка не разумее, чым беларусаў вабіць Еўропа. Ёй папулярна растлумачылі14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: Раман Пратасевіч — даўні супрацоўнік беларускай разведкі51

Лукашэнка: Раман Пратасевіч — даўні супрацоўнік беларускай разведкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць