Грамадства5959

Дырэктар Ястрамбельскай кадэцкай вучэльні прабачыўся перад Мікітам Гвоздзевым за адлічэнне і просіць вярнуцца

У якасці пакарання кадэтаў маюць проста пазбавіць звальнення за парушэнне ўстаноўленай формы адзення.

Мікіта Гвоздзеў другі справа. Ён выклаў фота ў інтэрнэт са старонкі са змененым прозвішчам

На мінулым тыдні чацвёра навучэнцаў Брэсцкай абласной кадэцкай вучэльні ў Ястрамбелі (Баранавіцкі раён) выклалі ў інтэрнэт свае фота ў майках з «Пагоняй» пад уніформай.

Што такое кадэцкая вучэльня? Гэта напаўзакрытая школа, дзе дзеці жывуць і вучацца амаль па вайсковым статуце з 8 па 11 класы.

Карыстацца мабільным там можна толькі пару гадзін у спецыяльна адведзеныя дні, з камп’ютарам — тое самае.

Выпускнікі «кадэткі» маюць права паступаць у вайсковыя ВНУ без здачы ЦТ, калі адзнакі ў вучня вышэйшыя за 7 балаў па ўсіх прадметах.

У кадэцкіх вучэльнях таксама вучацца і дзяўчаты. Гэта дае ім перавагу пры паступленні ў Акадэмію МУС.

З бацькамі навучэнцы бачацца рэдка, раз на тыдзень. За добрыя паводзіны ці пэўныя поспехі можна атрымаць дазвол з’ездзіць дадому на выходных.

Гэтым і тлумачыцца тое, што ўся інфармацыя з Ястрамбеля была ўрыўкавая, часам супярэчлівая. 

У гэтую «школу» нельга проста так зайсці і пагутарыць з настаўнікамі. На ўваходзе стаіць КПП, а ў будынках арганізаваныя пасты з навучэнцаў, якія дакладваюць сваім куратарам пра тых, хто ўваходзіць.

Самі ж дзеці вельмі запалоханыя: калі я ўчора быў у Ястрамбелі, то кадэты выказваліся ў духу «мы не разумеем, пра што вы, а калі і разумеем, то гаварыць не будзем».

Дырэктар таксама ад журналістаў хаваўся. З дома замест яго выйшла ягоная жонка з сабачкам на руках і папрасіла не турбаваць.

Больш разняволена навучэнцы кантактавалі ў сацыяльных сетках. У тым жа «Кантакце» амаль усе кадэты падпісаныя несапраўднымі імёнамі (героі фота з «Пагоняй» таксама»), таму і адказнасць за свае словы там адчуваецца менш.

Аднакласнікі хлопцаў з фота з «Пагоняй» распавялі, што ў той жа дзень, як здымак з’явіўся ў «Нашай Ніве», пра гэта стала вядома адміністрацыі.

Дырэктар вучэльні Аляксандр Калько, маўляў, быў проста раз’юшаны — прайшло ўсяго толькі пару дзён ад выбараў, а ягоныя навучэнцы выкладаюць у інтэрнэт фота з «Пагоняй». Магчыма, ён баяўся, што ў нелаяльнасці абвінавацяць яго самога. Вось і паднялі бучу. У школу нават выклікалі міліцыю. Аднак тыя адмовіліся займацца справай, не вартай выедзенага яйка — парушэнне формы адзення.

Пасля хуткага разбору дырэктар дабіўся прызнання, хто выклаў фота ў інтэрнэт — гэта хлопец Мікіта Гвоздзеў, які на фатаздымку другі справа. Увечары ў пятніцу «Гвозд» — такая ў яго мянушка між кадэтаў — зайшоў да сваіх аднакласнікаў развітацца. Яму паведамілі пра адлічэнне.

Лёс астатніх таксама быў няпэўны — дырэктар вучэльні наказаў бацькам хлопцаў «рыхтавацца» да адлічэння.

Але інфармацыя пра рэпрэсіі супраць кадэтаў пайшла ў СМІ. У краіне пачала разгортвацца акцыя падтрымкі малых патрыётаў Беларусі з тэгам #Пагоняпобач. Свае фоты разам з нацыянальным беларускім гербам выклалі тысячы людзей, у падтрымку хлопцаў выказалася Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, назваўшы тых «сапраўднымі афіцэрамі» у будучыні. У Ястрамбель з'ехаліся карэспандэнты.

Пакаранне школьнікаў-кадэтаў за беларускі патрыятызм нагадала грамадству змрочныя гады іншаземных акупацый.

Аднакласнікі Мікіты кажуць, што дырэктар вучэльні забраў назад свае словы пра адлічэнне трох хлопцаў. Кадэты таксама расказваюць, што дырэктар выбачыўся перад Мікітам Гвоздзевым і ягонымі бацькамі за рэзкую рэакцыю і прасіў хлопца вярнуцца ў Ястрамбель. Але пакуль Мікіта не вярнуўся — хлопцы мяркуюць, што ён яшчэ сам узважвае, ці варта.

Завуч школы таксама пацвярджае, што «ўсе хлопцы вучацца», «толькі Мікіту бацькі забралі па заяве на выходныя. Учора патэлефанавала мама і папярэдзіла, што ён на даведцы, таму што кепска сябе адчувае».

Як расказалі «Нашай Нівы» аднакласнікі, Гвоздзеў паходзіць са Стаўбцоўскага раёна, з сям'і вайскоўца.

Сёння а 16-й гадзіне мае адбыцца пастраенне ўсёй вучэльні, дзе, меркавана, да ўсіх кадэтаў давядуць высновы з гэтай гісторыі.

Прайшла інфармацыя, што пакараннем для нон-канфармістаў стане пазбаўленне звальнення за парушэнне ўстаноўленай формы адзення.

«Пагоня» — гэта вядомы з канца ХІІІ стагоддзя старажытны герб Беларусі. Чаму «Пагоня»? Так называўся высакародны звычай, пашыраны ў нашых землях. У выпадку раптоўнага налёту ворагаў — вось наляцелі чужынцы, схапілі каштоўныя рэчы і дзяцей у палон — усе мужчыны, якія маглі трымаць зброю, сядалі на коней і пераследавалі захопнікаў, каб вызваліць забраных суайчыннікаў.

Выявай «Пагоні» ўпрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі «Метрыкі» і «Статутаў». У 1918-м «Пагоня» стала дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі — першай незалежнай беларускай дзяржавы. У 1991—1995 яна была першым дзяржаўным гербам РБ. Сёння яна застаецца папулярным патрыятычным сімвалам, які адсылае да старажытнай гісторыі беларускага народа, і ўнесеная ў дзяржаўны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Каментары59

Цяпер чытаюць

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі прапанаваў правесці трохбаковую сустрэчу з Пуціным і Трампам

Шрайбман: Цяперашнія канфлікты ў апазіцыі ўжо мала каго цікавяць14

Работнікі МНС выратавалі на пажары сабаку і ката, а потым зрабілі ім штучнае дыханне

Валанцёр «Вясны» Чапюк расказаў, як яго затрымаў ГУБАЗіК адразу на выхадзе з калоніі і як дапытвалі пра Міколу Дзядка2

14-гадовая Віка адмовіла ў сэксе — і гэта стала прычынай панажоўшчыны, у якой загінулі чацвёра падлеткаў у Байкальску11

На бетонным заводзе ў Гомелі загінуў кіроўца цэментавоза

«Тыдзень у Бразіліі, дзе цябе абрабуюць, або два тыдні ў бяспечнай Беларусі». Па што замежнікі едуць у нашу краіну6

Украіна атакавала тэхнапарк і завод па вытворчасці беспілотнікаў у Падмаскоўі1

Беларусь пераносіць вучэнні «Захад-2025» з заходніх межаў углыб краіны18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць