By.tribuna.com прапанавала многім беларускім спартсменам ацаніць творчасць нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры Святланы Алексіевіч. На жаль, у асноўным, натыкаліся на адмовы. Патэнцыйныя героі спасылаліся на адсутнасць вольнага часу або на боязь не зразумець твор.
Пасля завяршэння чэмпіянату Беларусі Tribuna.com звярнулася да галкіпера «Тарпеда-БелАЗ» Паўла Часноўскага, які за час перадсезонных збораў адольвае прыкладна 15 кніг. Ён без праблем пагадзіўся прачытаць апошні твор пісьменніцы «Час сэканд хэнд». На гэта яму спатрэбілася ўсяго тры дні.

Вось некаторыя вытрымкі з інтэрв'ю.
«Прачытаў «Час сэканд хэнд». Вельмі спадабалася. Абавязкова прачытаю іншыя чатыры яе кнігі.
(…) Даводзілася чуць, што Алексіевіч незаслужана далі Нобеля. Маўляў, раней гэтая прэмія ўручалася за мастацкую літаратуру, а ў нашай суайчынніцы яна публіцыстычная. Шчыра кажучы, мне нашмат менш падабаецца мастацкая літаратура. Усё ж такі там больш прыдуманага, аўтар дае нейкія суб'ектыўныя ацэнкі. Я люблю сюжэты, якія рэальна здараліся ў жыцці людзей. Шмат хто кажа: «Што тут складанага? Пайшоў, пагутарыў і напісаў кнігу».
Не магу ўявіць, як людзі распавядаюць на дыктафон Алексіевіч такія шчырыя гісторыі. Не ўяўляю, што адчувае пісьменніца, наслухаўшыся такіх апавяданняў.
Дарэчы, у сваёй кнізе яна вельмі добра перадае слова героя. За выключэннем апошняга раздзела ў яе апавяданнях няма пункту гледжання аўтара. Святлана выступае пасярэднікам паміж сваім героем і чытачом. Алексіевіч не навязвае свайго меркавання, хоць негатыўна ставіцца да камунізму, а дае магчымасць чытачу самастойна зрабіць высновы».
«Наогул, тэма камунізму, ідэалогіі мне вельмі цікавая, бо вучыўся на паліталогіі ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва. Там было шмат прадметаў, звязаных не толькі з паліталогіяй, але і з гісторыяй. Бачыў у вас на сайце кнігі, якія прачытаў Віталік Радзівонаў [форвард БАТЭ — НН].
Я таксама прачытаў некаторыя з іх, напрыклад, пра Вялікае Княства Літоўскае, бо калі не ведаць сваёй гісторыі, то не будзеш ведаць, як будаваць будучыню».
Алексіевіч даносіць да чытача шмат страшных гісторый пра камунізм, ідэалогіі, якія часам складана ўсвядоміць.
Нават адвучыўшыся на паліталогіі, да гэтага часу не магу зразумець фанатычнай адданасці савецкай ідэалогіі.
Вось прыклад з яе кнігі. Падчас вайны чалавек закапаў мяшкі з хлебам у лесе. Быў голад, і ўнук гэтага мужчыны распавёў партызанам, што зрабіў яго дзед. Партызаны шашкамі засеклі старога за здраду Радзіме. Настолькі ў хлапчука ў галаве было закладзена, што яго родны чалавек паступіў няправільна. Ён ведаў, што яго сям'я будзе галадаць, сваяк загіне, але ўсё роўна пайшоў і расказаў партызанам. Дзе грань паміж дабром і злом? Як судакранаюцца гэтыя два бакі? Тым больш пасля таго, як хлопчык распавёў маці пра свой учынак, яна выгнала яго з хаты. Вось табе і агульная ідэя, што для кожнага чалавека грамадства важней за ўсё. Наколькі ж глыбока ў галовах людзей сядзела гэтая ідэалогія, раз яны маглі ахвяраваць сабой, сваімі роднымі дзеля агульнай ідэі…
У адным з апавяданняў Алексіевіч была гісторыя пра тое, як у НКУС следчыя дзвярыма ламалі абвінавачаным пальцы, а па-за працай былі нармальнымі людзьмі. Зноў жа, грань дабра і зла. (…)
Некаторыя ўспамінаюць часы камунізму з цеплынёй. Кажуць, што трэба вярнуць Сталіна, ён бы сваёй жорсткай рукой навёў парадак. Але я не лічу правільнымі сітуацыі, у якой сусед напіша данос, а на наступны дзень цябе расстраляюць. Страшныя рэчы! Вядома, усюды павінна быць дысцыпліна і парадак, але неабходна абыходзіцца без перагібаў, як у часы Сталіна».
Пры гэтым, веру, што ў часе або чалавеку не можа ўсё быць чорным ці белым. Кажуць, Сталін прыняў краіну з сахой, а пакінуў з атамнай бомбай. Можа, калі б не было такой жорсткай дысцыпліны, у СССР не з'явілася такая магутная прамысловасць. Вядома, здараліся перагіны, але вынесці адназначнае меркаванне па гэтым пытанні немагчыма.
На мой погляд, ніводная галіна прамысловасці не каштуе столькіх загубленых жыццяў.
Нядаўна прачытаў кнігу пра Сталіна і пра Гітлера. Яны абодва былі фанатыкамі. Я не вельмі добра стаўлюся да фанатызму. Вядома, трэба любіць сваю справу, надаваць яму шмат увагі, але калі людзі фанатычна хочуць кіраваць светам … Не ведаю, усё павінна быць у нейкіх рамках, нельга перабіраць. І ў Гітлера, і ў Сталіна ўсё было ў гіпертрафаванай форме, з-за чаго пацярпелі вельмі шмат людзей.
Столькі людзей загінула ні за што. Нядаўна быў дзень памяці рэпрэсій, якія мелі месца ў Беларусі. Людзі прынеслі да будынка КДБ свечкі. Лічу гэта правільна. Трэба памятаць пра тых страшных падзеях. Тым больш я, як вернік, лічу, што душа жыве вечна.
- Галоўная выснова, які ты зрабіў пасля чытання кнігі Алексіевіч?
- Кніга нездарма называецца «Час сэканд хэнд». Сэканд хэнд — тое, што ўжо было ва ўжыванні. Алексіевіч спрабавала паказаць, што ў нашым жыцці ўсё ідзе па коле, што гэты час ужо калісьці быў.
Пасля прачытання кнігі чалавек павінен зразумець, што ў фанатызме, рэвалюцыях, войнах няма нічога добрага. Нельга пастаянна варыцца ў сэканд хэнд.
У завяршэнні кнігі яна падвяла рысу цыклу «Канец чырвонага чалавека», а далей сказала, што будзе пісаць кнігу пра каханне. Гэта вельмі выдатна. Нават падчас усіх жахаў і страхаў, якія апісваліся ва «Час сэканд хэнд», знаходзілася месца для кахання і міласэрнасці. Вельмі цікава пачытаць пра гэта. Нездарма кажуць, што пасля самай чорнай ночы наступае дзень».
Каментары