Усяго патроху4444

Памятаеце Курэпіна? Студэнт жыў на 400 тысяч у месяц, а цяпер зарабляе $80 за дзень

«Выжыванне па Курэпіну. Студэнт БДУ жыве на 400 тысяч у месяц. І жыве!» — гэты артыкул стаў адным з самых папулярных у «НН» у 2012 годзе. Студэнт гістфака жыў на даляр у дзень, еў пустую кашу, але адкладаў 15 даляраў на месяц яшчэ і на адпачынак.

У 2012 годзе звычайным абедам Мікіты былі пустая макарона і грэчка.

Мама прапаноўвала Мікіту грошы, але ён прынцыпова не браў. Хацеў быць цалкам самастойным. Нагадаю, што Мікіта, хоць нарадзіўся ў Расіі і меў расійскі пашпарт, у Мінску прынцыпова размаўляў толькі па-беларуску і выбраў белмоўную плынь на гістфаку…

Мы сталі шукаць яго: што стала з упартым юнаком за тры гады? Аказалася, Мікіта Курэпін цяпер у Ізраілі. Ён расказаў «Нашай Ніве», як жывецца і вучыцца яму там.

У Ізраілі Мікіта па-ранейшаму часам карыстаецца беларускай мовай і сочыць за беларускім жыццём. Паўдзельнічаў у перапісе «Мовы нанова».

…Калі я гляджу на адказы Курэпіна пра лад жыцця ў Ізраілі, мне чарговы раз думаецца: калі ўжо і беларусы ўладкуюць сваю краіну так, як здолелі тое зрабіць яўрэі?

«НН»: Вы з канцамі пераехалі ў Ізраіль? Як апынуліся там?

Мікіта Курэпін: Так, я цяпер пражываю ў Ізраілі. Я габрэй — галахічны (па матчынай лініі), і маю права на рэпатрыяцыю ў Ізраіль. Рэпатрыяцыя для мяне — запланаваны крок. З верасня 2013 года я хадзіў на курсы іўрыта ў Мінску і па іх сканчэнні пераехаў.

«НН»: Дзе там жывяце? Маеце стыпендыю?

МК: У Ізраіль я рэпатрыяваўся праз праграму МАСА. Яна ідзе для моладзі з габрэйскім паходжаннем, якая жадае паспрабаваць пажыць у Ізраілі, зразумець яго жыццё ўнутры, паездзіць па краіне. Мне аплачваюць жыллё, навучанне і медыцынскую страхоўку, плюс я атрымліваю каля 320$ на харчаванне і асабістыя патрэбы. Гэтых грошай цалкам хапае, і нават застаюцца.

Мікіта Курэпін можа іграць двайніка Дзімы Білана.

«НН»: Што вывучаеце? Якія дадатковыя курсы праходзіце?

МК: Мая праграма складаецца з дзвюх частак. Першыя 5 месяцаў— вывучэнне мовы, і астатнія 5 месяцаў — вывучэнне графічнага дызайну. У вольны час раблю ўхіл на паляпшэнне ведаў па іўрыце і займаюся самавывучэннем арабскай мовы.

«НН»: Што было самым цяжкім пры «акліматызацыі»?

МК: Як такой, «акліматызацыі» у мяне не было, бо людзі ў цэлым тут — з маім наборам характараў. Моўнага бар’еру не існавала, але была праблема ў тым, што ў горадзе, дзе я жыву (Беэр-Шэва), пражывае каля 25% выхадцаў з СССР, і большасць з іх не жадае інтэгравацца. Так склалася, што я жыву ў рускім квартале, і тут ёсць шмат крамаў, рэстарацый і паркаў, дзе выкарыстоўваць толькі расейскую мову. Я іх не наведваю, але той факт сутыкнення з расейкамоўнасцю выклікаў у мяне найбольшыя складанасці. Мне хацелася поўнага пагружэння ў іўрыт. Праўда, цяпер я супакоіўся і перастаў заўважаць расейскую мову і цярплю расейскі акцэнт у мове.

Мікіта жыве ў Беэр-Шэве — горадзе сярод пустыні.

«НН»: Ці шмат там беларусаў тыпу вас?

МК: Мая праграма разлічана на людзей з краін, дзе раней панавала савецкая ўлада. Там ёсць некалькі чалавек з Беларусі, праўда, яны даволі індыферэнтныя. Жыхары ж Беларусі, што пераехалі ў 90-я, растварыліся ці ў расейскамоўным асяроддзі, ці ў іўрытамоўным (значна менш), дзеці іх размаўляюць выключна на іўрыце, і расейская мова для іх — гэта мова для размовы з бацькамі. Ведаю, што ў Ізраілі ёсць некалькі беларускамоўных спадароў, але іх становіцца ўсё менш і менш, бо ўсюды пануе іўрыт.

«НН»: Як жывецца на тыя грошы, што маеце? Колькі траціце за месяц, колькі ўдаецца адкладаць?

МК: Мая стыпендыя складае недзе каля 320$. На жыццё разыходзіцца недзе 175— 200$. Заўжды ёсць магчымасць падзарабіць. Не буду распавядаць, колькі атрымліваю за месяц, але за дзень у сярэднім можна зарабіць недзе 80$. Гэта сума невялічкая для Ізраіля, бо тут сярэдні заробак 2700$, а мінімалка — 1300$, але падпрацоўка нелегальная, а грамадзянства ўдзельнікі праграмы атрымліваюць толькі па яе сканчэнні. У маім выпадку гэта недзе ў чэрвені.

Дзяды ваявалі… Сярод помнікаў у Беэр-Шэве — вось гэты самалёт.

«НН»: А як у вас з медыцынскім абслугоўваннем?

МК: У мяне бясплатная медыцынская страхоўка, яна таксама распаўсюджваецца на рэпатрыянтаў, якія жывуць першы год у Ізраілі. Медыцынская сістэма падзяляецца на 4 бальнічныя каcы (сеткі бальніц). Абслугоўванне ў іх высокай якасці, вельмі сучаснае (асабліва, калі параўноўваць з Беларуссю). Медыкаменты пры гэтым выдаюцца таксама бясплатна. Цікавы факцік: часам у іх складзе ёсць канабіс (у Ізраілі ёсць медыцынскі легалайз), і таму ў мяне была не так даўно праблема з правозам наркатычных сродкаў на ўкраінскай мытні. Калі прыехаў, праверылі медыкаменты, якія аказаліся наркатычнымі псіхатропамі. Вымушаны быў заплаціць штраф памерам 75$. На зваротным шляху, дарэчы, украінцам не спадабаўся мой расейскі пашпарт, абвінавацілі ў сепаратызме (цікава, што я шмат разоў ахвяраваў на антытэрарыстычную аперацыю), прыйшлося і там заплаціць 20$, каб атрымаць дазвол на 36-гадзінны транзіт па краіне.

«НН»: Вакол Беэр-Шэвы не страляюць?

МК: Я жыву за 30 кіламетраў ад сектару Газа. Арабы пакуль слаба абстрэльваюць Ізраіль, да населеных пунктаў яшчэ нічога не далятала. Звычайна, калі што выпускаюць, яно ўзрываецца недзе ў самім сектары. Каля нас цяпер канцэнтруюць ваенныя базы, таму жыццё горада ў вялікай бяспецы на выпадак пачатку антытэрарыстычнай аперацыі.

«НН»: Што цікавага ў арганізацыі жыцця беларусам варта запазычыць у ізраільцян?

МК: Я б сказаў, што запазычыць трэба найперш стаўленне да свету. Ізраільцяне — шчаслівыя людзі, яны ўвесь час усміхаюцца. Ізраільцянам уласціва дапамагаць усім пры кожным выпадку, нават калі гэта і не трэба. Ізраільцяне размаўляюць гучней (я таксама) і шмат, беларусы ж вельмі маўклівыя. А яшчэ ізраільцяне вельмі непасрэдныя, любяць даваць парады. Сярод беларусаў даваць незнаёмым жыццёвыя парады не прынята, а шчырасць пры размовах з незнаёмымі мне ўвогуле ніколі не сустракалася. У той жа час ізраільцяне таксама вельмі паважаюць чужую свабоду і нават асабістую прастору. Праз гэта тут у крамах вялікія чэргі, бо людзі не спяшаюцца, і ўсё ідзе даволі павольна і без канфліктаў. З той жа сферы — талерантнасць і неўмяшанне ў асабістае жыццё. У беларусаў жа, мне здаецца, ёсць праблема з разуменнем, што такое свабода і як ёй правільна карыстацца.

«НН»: А што арабы? Праблем з імі не было?

МК: Вакол нас шмат бедуінскіх пасяленняў. Адзін раз быў тэракт. У цэлым жа арабы паводзяць сябе даволі спакойна, некаторыя з іх працуюць у крамах. У мяне нават аднойчы быў доктар-араб, які абслугоўваў мяне вельмі якасна і пажадаў заўжды заставацца здаровым.

«НН»: Карацей, з людзьмі не канфліктавалі…

МК: З людзьмі — не. Былі канфлікты з аўтаматамі. На вакзалах, станцыях амаль не бывае касаў. Усюды стаяць аўтаматы. Мне з імі было складана пасябраваць. Але навучыўся. Цяпер часта дапамагаю старому пакаленню пасябраваць з імі.

«НН»: Ці дапускаеце Вы магчымасць вярнуцца ў Беларусь?

МК: Не дапускаю. У Беларусі мяне нічога не трымае. Да таго ж у Беларусі вялікі побытавы антысемітызм, і мне гэта было зусім не даспадобы.

«НН»: Як вы ўспамінаеце тыя дні, калі ў Мінску жылі на 1 даляр у дзень? Што Вам найбольш успамінаецца з тых дзён?

МК: Цяпер, калі ў мяне ў лядоўні стабільна 3—4 гатункі сыру, нават не ведаю, як я мог пражыць на гэтыя грошы. Узгадваю з жахам і адначасова з неразуменнем і настальгіяй. Узгадваецца, як бессэнсоўна галадаў у той час.

Бліц-пытанні

— Улюбёная страва ў Ізраілі

— Фалафель. Але дазволю тут больш «кулінарных уражанняў». Тут неймаверна смачная садавіна. Свежая, духмяная. Ёсць звычныя памаранчы ды клеменціны, але ёсць таксама і шышкі кактусаў, лічы, кумкваты. Тут вельмі развітая вулічная нацыянальная кухня — фалафельні, швармарні, хумусарні і пякарні шакшуку радуюць мяне на кожным кроку ў горадзе. Вельмі смачнае тут і малочнае, але яно і каштуе адпаведна. Напрыклад, 250 мл малочнага напою каштуе 1,30$.

Смачнае ўсё, акрамя… хлеба. Хлеб тут белы, чорны мала дзе прадаецца, я часам сумую па яго водары і смаку… А са шпротаў перайшоў на тунец.

— Што робіце ў шабат?

— Сплю і адпачываю.

— Ці Святая там Зямля?

— Святая, але не для ўсіх.

— Самае прыгожае месца Ізраіля — гэта…

— Стары горад Ерусаліма.

— Ізраільскія дзяўчаты...

— Адны з самых прыгожых у свеце.

— Ізраільская кава…

— Аказалася, што кава з малаком — гэта не кашэрна.

— З беларускага вам у Ізраілі найбольш бракуе…

— Чорнага хлеба.

— Вы за прызнанне палесцінскай дзяржавы ці супраць?

— Немагчыма прызнаць, чаго не існуе.

* * *

Фалафель

шарыкі з нуту (турэцкага гароху) і спецый, якія вараць у алеі.

Шварма

або шаурма, можа быць з курыцы, ялавічыны ці індыка. Таксама, як фалафель, бывае, кладуць у ляпёшку-піту, дадаюць шмат прысмакаў і заліваюць хумусам (соусам з нуту) ці тхінай (соусам з кунжуту).

Шакшука

памідоры з перцам + яйкі, засмажаныя на патэльні. Вострая і вельмі смачная страва.

Каментары44

Цяпер чытаюць

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам9

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Усе навіны →
Усе навіны

У Рэчыцы гарэў прыватны сектар1

Макс Корж выступіць на стадыёне ў Варшаве. Некалькі вуліц перакрыюць і зменяць рух транспарту 9 жніўня9

Генплан Мінска будуць змяняць. Гараджане могуць агучыць прапановы7

Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды пятай гадавіны пратэстаў24

У Мінску ўзброеныя сілавікі затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка1

«Байсол» выставіць на аўкцыён лімітаваную серыю гадзіннікаў6

ChatGPT прадставіў новую мадэль GPT-5. Вось што ў ёй новага і што абяцаюць распрацоўшчыкі2

Памятаеце фота з мускулістым беларусам, які ў 2020-м ішоў у счэпцы з амапаўцам? Цяпер ён здымаецца ў кіно ў Англіі2

Ізраільскія ўлады ўхвалілі план Нетаньяху па акупацыі горада Газа16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам9

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць