Меркаванні141141

Выжыванне па Курэпіну. Студэнт БДУ жыве на 400 тысяч у месяц. І жыве!

Нават адкладае штомесяц 15 даляраў на адпачынак.

З Мікітам Курэпіным, студэнтам 1 курса гістфака БДУ, сустракаемся каля корпуса гістфака на Чырвонаармейскай і ідзём абедаць у сталовую Ліцэя БДУ. Туды Мікіта ходзіць амаль штодзень.

Пакуль я выбіраю салату, Мікіта хутка ставіць на паднос талерку макароны і талерку грэчкі. Свой месячны бюджэт ён раскладае мне гэтаксама хутка.

Мікітаў бюджэт

Мікітава стыпендыя складае 540 тысяч. 120 з іх ідуць на аплату месца ў інтэрнаце на вуліцы Свярдлова. Кожны тыдзень на ежу Мікіта выдаткоўвае каля 75 тысяч. 16 тысяч — на 3 бананы, 3 яблыкі і 3 ёгурты. Выбірае самае таннае, што са зніжкай. Макарона ці каша — 7,5 тысячы ў тыдзень. Мабільная сувязь і інтэрнэт — 10 тысяч у тыдзень. 10 сняданкаў і абедаў у сталовай — 22 500 на тыдзень. 2 тысячы — пачак печыва. 15 тысяч застаецца на гігіенічныя сродкі. «Часам грошы застаюцца пасля стыпендыі. Бывае, гляджу: «О, штосьці ў мяне шмат!» Вось у мінулым месяцы набыў фінікаў танных на 5 000… Не, такога, каб у жыцці ў мяне была нейкая разнастайнасць, — такога няма».

Таксама штомесяц Мікіта купляе расійскіх рублёў на 120 ці 150 тысяч. «Атрымліваецца нешта каля 500 расійскіх рублёў, — кажа Мікіта. — На што адкладаю, пакуль не ведаю. Магчыма, на невялікі адпачынак летам. У мяне ёсць родзічы ў Кіеве, заўсёды запрашаюць. Ну ці ў Львоў — таксама прыгожае месца».

Стаў вегетарыянцам, каб унесці навізну

«Звычайна перад парамі я не снедаю, толькі калі ёсць нейкая «фортачка». Але цяпер пайшлі залікі і з’явілася больш часу для сняданкаў.

Снедаю і абедаю ў сталовай за 2 ці 2,5 тысячы. Вячэра: ёгурт і яблык ці банан — залежыць ад таго, што лепш захавалася. І гарбата. Нармальна. І так кожны дзень», — кажа Мікіта.

Мікіта — вегетарыянец. «Я халерык-сангвінік, мне патрэбны змены. Хацелася навізны, таму я вырашыў стаць вегетарыянцам. Спачатку думаў, што не змагу без мяса. Але ж гэта эканомія плюс этычныя прынцыпы — таму паспрабаваў. Яшчэ ў студзені мінулага года пачаў ладзіць «вегетарыянскія дні», потым вырашыў цалкам перайсці на вегетарыянскую дыету ды прызначыць гэта да сімвалічнай даты. Разглядаў Дзень Волі як опцыю, але спыніў мясаедства ў пачатку красавіка на дзень нараджэння. Спачатку было цяжкавата, але потым адчуў прыемную лёгкасць. А цяпер думаю: «Чаму людзі ядуць мяса?» Нядаўна быў у краме, пабачыў цэны. Чакаў, што салямі якіх 40 тысяч, а яна за сотню! Ё-маё!.. У кожным разе, мне так падабаецца. Ды з суседзямі мне пашэнціла: ім прывязуць яблыкаў ці зефір які, дык частку мне аддадуць — сапсуецца ж».

Дыета адбіваецца на здароўі

Недаяданне адбіваецца на арганізме. Мікіта гэтага не хавае: «Цягам часу ўсё было добра, але цяпер адчуваецца нейкая стомленасць. Сёння была фізкультура — на другой палове пары ўвогуле не мог нічога зрабіць. Бывае так, што інфармацыя не ідзе, галава не працуе.
Але штосьці атрымліваецца. Канечне, трэба б унесці нейкую разнастайнасць у рацыён, але я ўжо звыкся са сваім ладам жыцця».

Ежу Мікіта захоўвае ў шафе, бо з лядоўні на кухні «ёгурты знікаюць». «А там напісана «захоўваць пры тэмпературы ад 0 да +25», вось я і эксперыментую».

А што ж мама?

Сваякі да Мікіты наведваюцца раз на паўтара месяца, прывозяць адзенне, ежу. Яны прапануюць яму грошы, але Мікіта прынцыпова не бярэ.
Адмаўляецца і ад большасці прывезенай ежы. Маці жыве і працуе ў Расіі. Яна таксама заўсёды гатовая даслаць сыну матэрыяльную падтрымку. Але Мікіта хоча быць цалкам самастойным.

«Сваякі, мама, канечне, хочуць мне грошы даць, але я адмаўляюся. Я заўжды марыў жыць на свае грошы», — кажа Курэпін.

Піша канспекты, каб не думаць пра ежу

«Снедаю аб 11-й (але часам сняданка не бывае ), абедаю а 15-й, вячэраю звычайна а 20-й. На лекцыях я звычайна пішу, каб не думаць пра ежу. Таму канспекты па прадметах, што стаяць увечары, самыя поўныя. Жывы — і нармальна».

«Не!» грамадскаму транспарту

У мэтах эканоміі Мікіта не карыстаецца грамадскім транспартам.
Не ездзіць нават зайцам, бо «не мае такой звычкі». «А навошта мне ездзіць?» — пытаецца Мікіта, пакуль мы хвілін 15 ідзём ад сталовай да інтэрната. «Я паўсюль дабіраюся пешкі. Далёка забірацца таксама няма патрэбы. Неяк былі справы ў пасольстве Расіі, дык я дайшоў да таго Камсамольскага возера.

Мне самому цікава, колькі я магу прайсці. Вось нядаўна сумаваў, трэ было нешта рабіць у выходны дзень, і я дашпацыраваў да станцыі метро «Спартыўная». І вандроўка, і для здароўя добра. Бывае раз у месяц неадкладна трэба кудысьці дабрацца. Аднойчы ўся група паехала ў Нацыянальную бібліятэку, аднойчы ездзіў у студэнцкую паліклініку. Ну і яшчэ калі родзічы прыязджаюць. А так больш не было выпадкаў, каб на транспарце ездзіў. Калі б зноў транспарт стаў бясплатным для студэнтаў — карыстаўся б з задавальненнем. А так эканомлю на чым магу. Калі мы развітваліся, Мікіта прапанаваў два жэтоны на метро: яны засталіся пасля візіту сваякоў і яму непатрэбныя.

Беларускамоўны грамадзянін РФ

Мікіта размаўляе толькі па-беларуску, і хораша. Было дзіўна даведацца, што ён з Расіі.

«Сам я ўсё сваё жыццё жыву ў Беларусі, але ўсе сваякі паходзяць з Расіі. І сам я нарадзіўся ў Смаленску. На шляху з Масквы ў Полацк», — дадае Мікіта і працягвае два свае чырвоныя расійскія пашпарты як доказ. «Бацьку я ніколі не ведаў, а маці працуе на нафтаздабычы ў Рэспубліцы Комі вахтавым метадам. Яна з’язджала надоўга, таму адправілі мяне да цёткі і бабулі ў Наваполацк. Але ў іх там свае праблемы ў Наваполацку, таму, так сказаць, яны не турбуюць мяне, а я не турбую іх».

Размаўляць па-беларуску Мікіта вырашыў праз усю тую ж неабходнасць змен.

«З гэтага мая я падумаў, што трэба пераходзіць на беларускую мову. Мая беларуская была — жах! У атэстаце 5 балаў. Спачатку вывучыў асноўныя словы, потым неасноўныя. А потым пачуў пра нейкую акцыю «аўторак беларускай мовы» і пачаў кожны аўторак размаўляць па-беларуску. З кожным разам выходзіла ўсё лепей і лепей. Неяк званіў сваім родзічам і прасіў пакласці грошы на рахунак па-беларуску. Во яны здзівіліся мове! У БДУ спачатку ўказаў мову навучання расейскую, але потым перапісаў заяву. З 1 верасня цалкам размаўляю па-беларуску. Спачатку было цяжка: масавая трасянка, г.д. А цяпер нават не задумваюся пра словы. Я сам атэіст, у Бога не веру, бо яго не бачу. Але ў касцёл хаджу паслухаць беларускую мову».

У вольны час — па горадзе

«У вольны час рыхтуюся да наступнага дня. Ці ў госці да суседзяў па інтэрнаце схадзіць. Ці ў гульню якую камп’ютарную пагуляць. А ў выхадныя — проста шпацыр па горадзе. У мяне ёсць здымач звычайненькі. Хаджу, фатаграфую адное і тое ж. Ці ад крамы да крамы хаджу — паглядзець, што ёсць. Трэба ж хоць штосьці рабіць. Мастацкую літаратуру не люблю, яна мне ўвесь час была нецікавая. А навуковае пачытаць што ці для заняткаў — калі ласка».

Мікіта трапіў, куды жадаў

«У мяне ёсць мара стаць настаўнікам гісторыі.
Вось я і паступіў на гістфак. Некаторыя не ведалі матэматыкі, але пайшлі на фізічны, проста каб паступіць. Але гэта не для мяне».

Вучыцца Мікіта пакуль што добра. «А што будзе на іспытах, я не ведаю. З цягам часу даведаюся», — кажа ён.

Мікіта кажа, што ў яго няма схільнасцяў да навуковай працы, яму бліжэйшая «малая сацыяльная група, якой можна кіраваць. То бок клас».

Мікіта не хоча вярнуцца ў Расію. У Мінску на размеркаванне заставацца таксама б не хацеў — занадта доўгі тэрмін для аднаго месца.

Па яго словах, Гродна было б выдатным месцам. Ехаць у вёску няма жадання, але калі адправяць, нічога не зробіш. Кажа, што нядрэнна было б з’ехаць на Захад, але баіцца быць нікому не патрэбным. Да таго ж, замежная мова даецца яму нялёгка.

А пакуль Мікіта вучыць профільныя прадметы, лаціну і чакае сесіі.
«Па выніках сесіі будзе пераразмеркаванне стыпендыі, — кажа ён. — Калі здам добра, магу атрымаць нават да мільёна. Калі ўмерана разумным акажуся — трохі меней за тое. Калі неразумным — трохі болей за цяперашнія грошы. Калі зусім неразумным — 540 тысяч і застанецца».

* * *

Ад Рэдакцыі. Удачы табе, Мікіта, на сесіі.

Каментары141

Цяпер чытаюць

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Усе навіны →
Усе навіны

Шрайбман: Цяперашнія канфлікты ў апазіцыі ўжо мала каго цікавяць11

Работнікі МНС выратавалі на пажары сабаку і ката, а потым зрабілі ім штучнае дыханне

Валанцёр «Вясны» Чапюк расказаў, як яго затрымаў ГУБАЗіК адразу на выхадзе з калоніі і як дапытвалі пра Міколу Дзядка2

14-гадовая Віка адмовіла ў сэксе — і гэта стала прычынай панажоўшчыны, у якой загінулі чацвёра падлеткаў у Байкальску9

На бетонным заводзе ў Гомелі загінуў кіроўца цэментавоза

«Тыдзень у Бразіліі, дзе цябе абрабуюць, або два тыдні ў бяспечнай Беларусі». Па што замежнікі едуць у нашу краіну5

Украіна атакавала тэхнапарк і завод па вытворчасці беспілотнікаў у Падмаскоўі1

Беларусь пераносіць вучэнні «Захад-2025» з заходніх межаў углыб краіны18

У назвах станцый метро на выхадах з падземкі зніклі некаторыя літары1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць