Грамадства2323

Лукашэнка ў Гомелі: дворнікі з рацыямі, прадаўцы квасу ў вышыванках

Раніца пятніцы, 17 чэрвеня, у Гомелі была напружанай: тут чакалі Лукашэнку, пра прыезд якога шмат казалі апошнім часам.

Амаль два тыдні таму горад пачалі актыўна добраўпарадкоўваць: у цэнтры пераклалі асфальт, пафарбавалі фасады дамоў і нават некаторыя шыферныя дахі. Напярэдадні гамяльчане заўважалі, як уздоўж будучага маршруту кіраўніка краіны па Гомелі ў некаторых месцах мыюць плітку, а падвалы і паддашкі дамоў у цэнтры горада апячаталі.

Да апошняга моманту пра прыезд у абласны цэнтр кіраўніка дзяржавы не было ніякай афіцыйнай інфармацыі, але пра гэта казалі і бабулі на лавачках ля пад'ездаў, і нават бяздомныя.

У планах візіту Лукашэнкі было адкрыццё руху электрацягнікоў па маршруце Гомель — Мінск. Праўда, электрычкі ходзяць па гэтым кірунку ўжо з 3 чэрвеня, таму да прыезду Лукашэнкі з Гомеля вырашылі запусціць першы грузавы цягнік на электрацязе.

У ноч на пятніцу стаянкі на Прывакзальнай плошчы ачысцілі ад машын, працавала шмат эвакуатараў. Раніцай у цэнтры горада рух цалкам не перакрывалі, але транспарту на дарогах было значна менш. Рух спынялі толькі падчас праезду картэжа.

У форме на вуліцах дзяжурылі толькі даішнікі, а ўсе сілавікі былі ў цывільным. На ходніках вуліцы Савецкай праз кожныя сто-дзвесце метраў стаялі групы мужчын у майках, кашулях, бейсболках, некаторыя з заплечнікамі, сумкамі і нават пакуначкамі — як простыя людзі. Але пад адзеннем і ў кішэнях яны хавалі рацыі. Кагосьці нават апранулі ва ўніформу дворнікаў, але зноў жа выдавалі рацыі. У будзённым цывільным адзенні хадзілі нават прадстаўнікі кіраўніцтва УУС.

Да 11 гадзін вакзал у Гомелі закрылі і пачалі спыняць пешаходаў. Грамадскі транспарт праязджаў вакзал без прыпынку, на бліжэйшай да будынка паркоўцы выстраіліся чорныя машыны з мінскімі нумарамі. Людзі ў цывільным цалкам ачысцілі праход ад вакзала да машын, а пасажыраў і мінакоў спынілі ля падземнага пераходу да шляхоў. На другім баку дарогу перагарадзілі ля прывакзальнага кафэ.

«А як на цягнік патрапіць? Мы спазняемся!» — абураліся некаторыя. «Ніякія цягнікі цяпер усё роўна не ходзяць, паспееце», — адказвалі людзі ў цывільным. Дарэчы, яны паводзілі сябе вельмі карэктна і нават часам усміхаліся.

Усе чакалі, што прэзідэнцкі картэж пад'едзе да паркоўкі, але раптам Лукашэнка ў суправаджэнні выйшаў з-за вакзалу. «А, ён на электрычцы прыехаў!» — падумалі людзі.

Лукашэнка паглядзеў у бок людзей, якія сабраліся за ачапленнем (іх было каля двухсот), і падышоў да іх. Людзі заапладыравалі і дасталі мабільнікі, каб сфатаграфаваць Лукашэнку. На пару хвілін ён спыніўся каля натоўпу і ў мікрафон прывітаў усіх:

— Дзе б я ні быў, што б ні рабіў, я заўсёды кажу — самае лепшае, што ў нас ёсць, гэта людзі.

Народ зноў запляскаў, а Лукашэнка на развітанне памахаў рукой і сеў у машыну.

Фота прэс-службы кіраўніка Беларусі

Аляксандр Лукашэнка наведаў таксама будаўнічую пляцоўку, на якой узводзяць новы корпус дзіцячай бальніцы, і кандытарскую фабрыку «Спартак». Яшчэ з красавіка кіраўніка краіны чакаў гігант «Гомсельмаш», які знаходзіцца ў сур'ёзным крызісе. Тэрыторыю завода таксама актыўна добраўпарадкоўвалі, але ў плане візіту не аказалася наведвання праблемнага прадпрыемства.

Пасля другой гадзіны дня з вуліц зніклі сілавікі ў цывільным і пасты даішнікаў. Затое ў цэнтры горада часова засталіся вулічныя прадаўцы квасу і марозіва, адзетыя ў кашулі з беларускім арнаментам і саламяныя галаўныя ўборы.

Дарэчы, пакуль Лукашэнка быў на вакзале, мясцовага актывіста АГП Уладзіміра Няпомняшчых, які, як звычайна, хадзіў у майцы «За Беларусь без Лукашэнкі», затрымалі ў цэнтры горада.

«Каля 11 гадзін я зайшоў на пошту на праспекце Перамогі, паклаў грошы на інтэрнэт, і калі выйшаў з аддзялення сувязі, невядомыя грамадзянскія літаральна скруцілі мяне ў барановы рог і сілай пасадзілі ў аўтамабіль, дзе трымалі за рукі і ногі. Нумар машыны — 5566 ЕМ-3. Тыя ў цывільным не назваліся, не патлумачылі прычыну затрымання, даставілі мяне ў Чыгуначны РАУС, дзе перадалі мясцовым супрацоўнікам міліцыі, але я прачытаў лекцыю, што часы зменяцца, яны будуць адказваць за гэтае беззаконне», — распавёў Няпомняшчых.

Па словах актывіста, у РАУСе склалі пратакол адміністрацыйнага затрымання, дзе прычынай было пазначана высвятленне асобы. Але ў пратаколе не было пазначана, кім быў затрыманы актывіст і на якіх падставах.

Каментары23

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Усе навіны →
Усе навіны

Сяргей Ціханоўскі прыедзе на фэст «Тутака» на Падляшшы10

Bild публікуе «сакрэтны спіс» зброі, якую Украіна просіць у Германіі6

У 2026 годзе беларусы будуць адпачываць меней, чым у гэтым годзе

Ціханоўская — Трампу: Лукашэнку трэба пакараць, а не заахвочваць40

Пажар у Пухавіцкім раёне, дзе загінулі ўнучка і бабуля, быў выкліканы падпалам1

Беларус знайшоў рэдкую манету. За яе даюць ужо 18 тысяч рублёў, але таргі працягваюцца6

22-гадовы каліновец Ціхан «Франц» Клюкач атрымаў кантузію3

25 гадоў таму быў выкрадзены тэлеаператар Дзмітрый Завадскі1

У Віцебску асвоілі будаўніцтва тэхнічнага флота: зрабілі ўласны цеплаход4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць