«Мы сувеніры купіць» — дэлегаты Усебеларускага сходу
Каб паразмаўляць з дэлегатамі Пятага усебеларускага сходу, еду ў гатэль «Беларусь». Кажуць, менавіта там будуць жыць у бліжэйшыя дні прадстаўнікі народа адразу некалькіх абласцей краіны.
У фае гатэля мяне сустракаюць міліцыянты, супрацоўнікі службы бяспекі гатэлю і службы бяспекі «вось гэтага вось усяго» (менавіта так патлумачыў свае паўнамоцтвы мужык у чырвонай кашулі і са срэбраным крыжыкам на ланцужку), а таксама ратавальнікі з МНС. Правяраюць мае дакументы, рэдакцыйнае пасведчанне, некуды тэлефануюць, паўшэптам гаворачы ў трубку: «Ён з Еўрарадыё, што гэта?», і ў выніку ласкава дазваляюць застацца ў холе гатэлю. Дэлегатаў чакаю больш за дзве гадзіны. Першым, каго атрымліваецца злавіць, з'яўляецца старшыня Ельскага раённага савета дэпутатаў:
«Будзем намячаць планы на пяцігодку і ператвараць іх у жыццё. Галоўная мэта - узняцце эканамічнага ўзроўню краіны, адпаведна, і дабрабыту насельніцтва нашага. Калі будзе працаваць эканоміка, то будуць расці і прыбыткі, яны накіроўваюцца на дабрабыт нашага насельніцтва».
Пытаю ў дэлегата Усебеларускага нацыянальнага сходу, ці атрымалася, на яго думку, рэалізаваць планы на мінулую пяцігодку. Дэлегат моршчыць лоб і пачынае ўспамінаць часы СССР:
«Штосьці атрымалася, нешта — не. Вы ведаеце, калі браць некалі СССР, то гэта была закрытая прастора. У нас быў адзіны рубель. Ён хадзіў, як адзіная валюта, незалежна ад замежнай. На сённяшні дзень такой дзяржавы, як СССР, няма, і мы ўжо ўвязаныя ў сусветную эканоміку. А калі мы ўвязаныя ў сусветную эканоміку, то тое, што адбываецца ў свеце, мы ад яго не можам быць у баку».

Старшыня савета дэпутатаў Ельскага раёна Гомельскай вобласці сыходзіць у нетры гатэлю «Беларусь». Замест яго адтуль у фае выходзяць дзве святочна апранутыя дэлегаткі з чырвона-зялёнымі значкамі «Пяты Усебеларускі сход» на грудзях. Падбягаю да іх з уключаным дыктафонам:
- Скажыце калі ласка, вы дэлегаты? Адкуль вы?
- Мы турысткі.
- Але ж я бачу вашы значкі. Раскажыце, адкуль вы, каго прадстаўляеце?
- Мы з Гомельскай вобласці. А вашы дакументы можна?
- Вось, калі ласка. Раскажыце, чаму вы вырашылі прыехаць сюды?
- Мы не вырашылі самі. Нас выбралі, і мы прыехалі. Працоўныя калектывы.
- Якія? Адкуль вы?
- З Гомеля мы.
- Але з якога канкрэтна прадпрыемства?
- Ну што мы ужо на асобы будзем пераходзіць.
- Добра. А праграму кароткую на будучую пяцігодку чыталі? Магчыма, хочаце за нешта прагаласаваць, альбо супраць?
- Вядома, мы чыталі. Але на месцы будзе бачна, будзем абмяркоўваць. Мы за квітненне роднай Беларусі.
- Як думаеце, праграму на мінулую пяцігодку атрымалася выканаць?
- У кожнага па-свойму, у нас удалося.
- Магчыма, вы маеце свае прапановы нейкія на сход, агучыце?
- Вось, мы ідзём сувеніры паглядзець. Магчыма, нават нешта купім. Будзем усіх частаваць.
На гэтым гамяльчанкі пад прыхаваныя смяшкі сыходзяць у кірунку сувенірнай крамы і нейкі час насамрэч штосьці там выбіраюць. Праз хвіліну заўважаю іх ужо за столікам у буфеце.

Тым часам дэлегаты выходзяць з ліфтаў гатэля ўсё часцей, праўда, размаўляць ніхто з іх не хоча. Некаторыя адмаўляюцца, праверыўшы маё журналісцкае пасведчанне з надпісам вялікімі літарамі «Картачка акрэдытацыі замежнага журналіста», некаторыя праходзяць міма, нават не рэагуючы на мае прывітанні. Хвілін праз дзесяць у пастку трапляе сціплы і невысокі хлопец. Кажа, што яго імя Дуброўскі Яўген, ён з Буда-Кашалёўскага раёна і прадстаўляе тут, адпаведна, Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж. «Я актыўна ўдзельнічаю ў яго жыцці і мяне выбралі прадставіць каледж», - жвава тлумачыць хлопец. Вырашаю не разменьвацца на дробязі і адразу задаю самае вострае пытанне:
- Натуральна, вы чыталі кароткі змест праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады. За што будзеце галасаваць, а за што — не?
Дуброўскі Яўген з Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа глядзіць на мяне, як на ідыёта і адказвае:
- Я буду галасаваць за моцную і квітнеючую Беларусь. А больш канкрэтна нават і не скажу.
На развітанне Яўген паведамляе мне, што арганізацыя Нацыянальнага сходу яму «вельмі-вельмі падабаецца» і нават, што ён «уражаны-уражаны».

Апошняя мая ахвяра - жанчына ў чырвонай сукенцы. Гэта старшыня раённага савета Хойнікаў Галіна Віктараўна. Галіна Віктараўна паведамляе, што «была выбраная працоўнымі калектывамі, дзе раней працавала»:
- Вам спадабаўся кароткі план развіцця на пяцігодку?
- Мне вельмі спадабаўся.
- Што канкрэтна?
- Мне спадабалася, што мы будзем развівацца, што мы не стаім на месцы. І што галоўнае, нашы чарнобыльскія раёны ніколі не забываюць.
- А пяць гадоў таму вы таксама ўдзельнічалі ва Усебеларускім сходзе?
- Так.
- На ваш погляд, план на мінулую пяцігодку атрымалася выканаць альбо не?
- Я вам за дзве секунды не магу сказаць. Прыязджайце ў Хойнікі, усё убачыце, што мы зрабілі за пяць гадоў. Наш хойніцкі народ.
На гэтым мае размовы з дэлегатамі Пятага усебеларускага сходу заканчваюцца. Іх арганізавана грузяць у аўтобусы і вязуць у невядомым накірунку. Верагодна, дэманстраваць грандыёзныя дасягненні. Я вяртаюся ў рэдакцыю, а па дарозе думаю, што заўтра гэтыя людзі абавязкова прагаласуюць правільна.

Каментары