Савет ААН па правах чалавека яшчэ на год працягнуў мандат спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Адпаведнае рашэнне было прынятае 1 ліпеня на сесіі СПЧ ААН у Жэневе.За рэзалюцыю аб працягу мандата спецдакладчыка прагаласавалі 15 краін — сяброў СПЧ, супраць — 9, устрымаліся — 23.
Выступаючы перад галасаваннем, прадстаўнік Нідэрландаў, якія ўнеслі рэзалюцыю на разгляд СПЧ ад імя Еўрасаюза, адзначыў, што ў дакуменце адлюстраваныя як пазітыўныя крокі, зробленыя Беларуссю, так і праблемныя моманты. У рэзалюцыі, якая грунтуецца на інфармацыі з папярэдніх справаздач спецдакладчыка па Беларусі, падкрэсліваецца, што пасля вызвалення летась палітвязняў іншых станоўчых зменаў у сферы правоў чалавека больш не было. Як прыклад існуючых праблем прадстаўнік Нідэрландаў назваў складанасці з рэгістрацыяй палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, а таксама захаванне смяротнага пакарання ў Беларусі. Акрамя таго, ён заклікаў беларускія ўлады супрацоўнічаць са спецдакладчыкам.
У сваю чаргу прадстаўнік Расійскай Федэрацыі заявіў, што Расія не прызнавала і не прызнае мандат спецыяльнага дакладчыка па Беларусі. «Штучнае нагнятанне напружанасці вакол беларускага сюжэту як сюжэту, які патрабуе спецыяльнай увагі ААН да Беларусі, носіць заказны і палітызаваны характар, — сказаў ён. — ЕС зноў ярка праявіў двайныя стандарты і нежаданне разглядаць праваабарончыя сюжэты на раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове. З Беларуссю быў абраны цалкам іншы метад — бесперспектыўны метад абвінавачвання і націску на суверэнную дзяржаву».
Прадстаўнік Расіі таксама заявіў, што прапанаваная рэзалюцыя з'яўляецца «абсалютна непрымальнай спробай умяшання аўтараў рэзалюцыі ў выбарчыя працэсы ў краіне». «Палітычна матываваныя рэзалюцыя і мандат спецдакладчыка дыскрэдытуюць СПЧ. Гэта марнаванне рэсурсаў. Заклікаем усіх галасаваць супраць», — сказаў ён.
У сваю чаргу прадстаўніца Швейцарыі ад імя сваёй краіны, а таксама Аўстраліі, Ісландыі, Нарвегіі, Ліхтэнштэйна, Новай Зеландыі заявіла пра поўную падтрымку прадаўжэння мандата спецдакладчыка па Беларусі. Яна таксама падкрэсліла, што названыя краіны асуджаюць выкарыстанне смяротнага пакарання ў Беларусі. «Перакананыя, што няма месца смяротнаму пакаранню ў цывілізаванай краіне, і хацелі б, каб фармулёўкі ў рэзалюцыі былі больш жорсткімі з нагоды недапушчальнасці гэтага віду пакарання», — сказала яна.
Кіраўнік пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэневе Юрый Амбразевіч адзначыў: «На фоне гуманітарных крызісаў, войнаў, тэрарызму і галечы, якія рэальна пагражаюць сучаснаму свету і забіраюць тысячы жыццяў, Беларусь не лічыць, што сітуацыя ў нашай краіне заслугоўвае асаблівай увагі савета. Мы шкадуем, што ААН у чарговы раз робіцца прыхільнікам палітычных рознагалоссяў паміж суседзямі, адзіным рашэннем якіх з'яўляецца двухбаковы дыялог. Мы вядзем такія дыялогі з аўтарамі рэзалюцыі. І зноў выказваем неразуменне іх пазіцыі па вынясенні ў рэзалюцыю пытанняў, якія разглядаюцца ў двухбаковым парадку».
Паводле яго слоў, беларускія дзяржава і грамадства не маюць патрэбы ў саветах спецдакладчыка. «Мы з самага пачатку адкрыта заяўлялі пра гэта. Мы не прымаем аргументы суаўтараў рэзалюцыі і заклікаем членаў савета галасаваць супраць», — сказаў Амбразевіч.
Прадстаўнік Кубы, які ўзяў слова затым, заявіў, што яго краіна выступае супраць прыняцця рэзалюцый па палітычных матывах. «Мы заклікаем Беларусь па-ранейшаму абараняць незалежнасць сваёй краіны і адстойваць права на самавызначэнне. Гэтая рэзалюцыя — прыклад падвойных стандартаў. Не падтрымліваем мандат. Будзем галасаваць супраць», — адзначыў ён.
Прадстаўнік Кітая заявіў, што яго краіна выступае супраць выкарыстання СПЧ як інструмента маніпулявання. «Гэта не вядзе да ўрэгулявання праблем, — адзначыў ён. — Праект гэтай рэзалюцыі ніяк не асвятляе пазітыўныя крокі і прагрэс Беларусі ў галіне правоў чалавека і ўяўляе сабой спробу палітызацыі, падвойных стандартаў і выбіральнасці. Мы будзем галасаваць супраць».
Прадстаўнік Венесуэлы падкрэсліў, што гэтая рэзалюцыя парушае «прынцыпы захавання суверэнітэту і неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржавы». «Не прызнаем падобныя мандаты, якія закліканыя задаволіць карыслівыя інтарэсы толькі некаторых бакоў. Беларусь цалкам супрацоўнічае з СПЧ і дзеліцца сваімі поспехамі», — сказаў ён.
Прадстаўніца Батсваны сказала, што яе краіна цалкам падтрымлівае дзейнасць спецдакладчыка і рэзалюцыю, грунтуючыся на тым, што «ёсць патрэба ў вырашэнні праблем з правамі чалавека» і спыненні «пакут беларускага народа». У папярэднія гады Батсвана галасавала за рэзалюцыі аб працягу мандата спецдакладчыка, але сёлета ўстрымаецца з-за наяўнасці ў рэзалюцыі пункта аб асуджэнні смяротнага пакарання ў Беларусі і закліку да яе адмены. Як патлумачыла прадстаўніца Батсваны, у яе краіне таксама ўжываецца смяротнае пакаранне і, у выпадку падтрымкі рэзалюцыі з асуджэннем гэтай меры пакарання, у батсванскага боку ёсць асцярогі, што да яго таксама выставяць прэтэнзіі з гэтай нагоды.
Прадстаўнік Мексікі адзначыў, што цяперашняя рэзалюцыя з'яўляецца больш збалансаванай, чым у папярэднія гады, бо ў ёй адзначаецца супрацоўніцтва Беларусі з АБСЕ і ўдзел краіны ў механізмах праваабарончага характару ААН, у тым ліку Універсальным перыядычным аглядзе. «Заклікаем Беларусь працягваць гэтае супрацоўніцтва, — сказаў ён. — Выказваем сваю заклапочанасць у сувязі з праблемамі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку абмежаваннем свабоды слова, дзейнасці праваабаронцаў і грамадскіх арганізацый, прымяненнем смяротнай кары. Будзем галасаваць за прыняцце рэзалюцыі».
У рэзалюцыі выказаная занепакоенасць з нагоды сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, выкарыстання катаванняў і жорсткага абыходжання ў месцах пазбаўлення волі, адсутнасці адказу ўрада па фактах гвалтоўнага знікнення апазіцыйных палітыкаў, беспакаранасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека. Таксама выказваецца занепакоенасць у сувязі з парушэннямі правоў працоўных, націскам на праваабаронцаў і адсутнасцю апазіцыі ў парламенце. Акрамя таго, у дакуменце звяртаецца ўвага на факты прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі і недахоп інфармацыі пра колькасць пакараных людзей.
Мандат спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі быў заснаваны Саветам па правах чалавека ААН у ліпені 2012 года, а затым штогод прадаўжаўся, нягледзячы на негатыўную рэакцыю беларускіх уладаў. Увесь гэты час афіцыйны Мінск адмаўляецца ад супрацоўніцтва са спецдакладчыкам Міклашам Харасці, бо лічыць праблему з правамі чалавека ў Беларусі надуманай.
Напярэдадні адкрыцця цяперашняй сесіі СПЧ беларускія і міжнародныя праваабаронцы заклікалі ААН прадоўжыць мандат спецдакладчыка па Беларусі. Паводле іх ацэнкі, «характар беларускага рэжыму, што знаходзіцца ва ўладзе амаль 22 гады, не змяніўся».
Цяпер чытаюць
«Я супраць. Мовы, якія пакінулі пасля сябе каланізатары ў Афрыцы, сталі шляхам да цывілізацыі». Алексіевіч адказала, як ставіцца да адмовы ад рускай мовы ва Украіне
«Я супраць. Мовы, якія пакінулі пасля сябе каланізатары ў Афрыцы, сталі шляхам да цывілізацыі». Алексіевіч адказала, як ставіцца да адмовы ад рускай мовы ва Украіне
«Як Вольскі прыходзіў з ператрусам да Коласа, а Крапіва і Глебка даносілі на калег». Апублікаваныя жахлівыя ўспаміны Рыгора Бярозкіна пра рэпрэсіі 1920—1940-х
Каментары