У Мінску прайшла акцыя Статкевіча за сапраўдныя выбары
19:20
Ацэньваючы акцыю ў каментары «Нашай Ніве», Статкевіч сказаў, што гэта «годная акцыя годных людзей». «Так, народу выйшла не шмат, бо грамадства пакуль не гатовае да шырокіх пратэстаў і не лічыць парламенцкія выбары значнай падзеяй, вартай пратэстаў. Хто прыйшоў — малайцы», — дадаў ён.

19:15
Славамір Адамовіч пачаў чытаць вершы і заадно прадаваць свае кнігі.

19:10
Калона дайшла да плошчы Незалежнасці і спынілася ля Чырвонага касцёла. Статкевіч кажа, што парламент не прымае рашэнняў, а выбарчая камісія нікога не абірае. Натоўп гукае «Ганьба!»
Статкевіч дзякуе прысутным і абяцае, што «мы прыйдзем на гэтыя вуліцы яшчэ, пакуль нашая краіна не будзе вольнай, нас будуць сотні тысяч».
На гэтым ён заклікае разыходзіцца, берагчы сябе, згортваць сцягі. Абяцае, што праблем у тых, хто не выступаў, не будзе, а калі будуць, заклікае звязвацца з ім праз сацсеткі.
19:05
Аператарам дзяржаўных каналаў далі ахову. Мужчыны ў сінім і шэрым не адыходзяць ад аператара ні на крок.

19:00
Таварышаў у такіх кепках было прынамсі трое.

18:55
18:50
Калона праходзіць ля будынка КДБ, перадае супрацоўнікам ведамства «прывітанне» воплескамі. Людзі гукаюць «Незалежнасць!» і «Жыве Беларусь!»
Тым часам у натоўпе былі заўважаныя два чалавекі, якія крычалі «пайшоў на…» на ўсе прапановы прамоўцаў. Ад калоны яны не адстаюць, але скардзяцца, што цяжка ісці з «гэтымі».

18:45
У калоне, якая рухаецца па праспекце Незалежнасці, каля 200 чалавек.

18:35
Арганізатары абвясцілі аб намеры прайсці шэсцем да ЦВК. Статкевіч павёў людзей па праспекце. Тым часам міліцыя прыйшла складаць пратаколы на выступоўцаў.

Пачаліся сутычкі з міліцыяй, моцная штурханіна. У сілавікоў літаральна адбілі Севярынца і Дашкевіча. Усе міліцыянты, акрамя аднаго, у цывільным. Тым часам асноўная калона пайшла на праспект.
18:30
Зміцер Дашкевіч заклікаў 19 верасня на акцыю «праспект нацыянальнага сцягу».

18:20
Пачаўся мітынг. Уладзімір Някляеў заклікае да новых выбараў, кажа, што вынікі выбараў многія палічылі «перамогай дэмакратыі», а гэта быў «чарговы фарс і падман народа».

«Балюча і сорамна, — выказаўся Мікалай Статкевіч пра ўчорашнія выбары. — Гэта ганебны спектакль». «Лукашэнка прадасць нас за пару мільярдаў і з'едзе ў Венесуэлу», — дадаў ён. Палітык абвясціў кампанію па вяртанні ў краіну сапраўдных выбараў.

18:15
На плошчы ўжо каля 100 чалавек. Заўважаныя некалькі падазроных асоб у кепках Russia. Прысутнічае міліцыя ў цывільным, але асабліва не «свеціцца».

18:10
Лайк, калi падабаецца гэты пратэст pic.twitter.com/kNka5hQHwc
18:00
Каля Палаца Рэспублікі каля 50-70 чалавек. Лунаюць некалькі сцягоў Маладога Фронту. Сярод прысутных — Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Віталь Рымашэўскі, Уладзімір Някляеў, Павел Вінаградаў, Вольга Нікалайчык. Гучыць Belarus freedom «Ляпісаў».


***
Грамадскі дзеяч Мікалай Статкевіч заклікаў беларусаў дамагацца правядзення сапраўдных выбараў. Для гэтага ён прапанаваў сабрацца 12 верасня а 18-й на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.
«Выбараў не было — быў фарс. Мы павінны змагацца за сапраўдныя выбары. Я думаю, эканамічны крызіс будзе нарастаць, і ў наступным годзе магчыма так, што ў нас ёсць шанцы дамагчыся сапраўдных выбараў. Яны паддаюцца — трэба ціснуць», — сцвярджае Статкевіч.
Каментары