У мэмарыяльным комплексе «Хатынь» знойдзеныя падчас будаўнічых работ артэфакты ляжаць нікому не патрэбныя проста пад адкрытым небам.

Днямі мне зь сям’ёй давялося наведаць мэмарыяльны комплекс Хатынь. Упэўнены, што большасьць чытачоў там была (можа, нават неаднаразова), таму адразу перайду да зробленага мною цікавага назіраньня. У комплексе зараз вядуцца нейкія працы, пракапаныя траншэі паміж хаткамі. Відаць пракладваюць кабэль.
Каля адной з самых крайніх хатак, каля самага лесу рабочыя раскапалі рэчы, якія знаходзіліся ў зямлі і, відаць, калісьці належалі жыхарам вёскі. Рэчы так і пакінутыя на бэтонных вянцах, ляжаць абсалютна свабодна: прыходзь і бяры. На мой розум, такія рэчы ўяўляюць гістарычную каштоўнасьць, павінны быць сабраны, можа быць, перададзеныя ў музэі, бо гэта ж асабістыя рэчы жыхароў вёскі.
Мая жонка сказала пра нашую знаходку экскурсаводцы, якая пацьвердзіла, што рабочыя сапраўды знаходзяць рэчы, але адразу прыносяць іх у адміністрацыю. Цікаўнасьці да таго, што артэфакты ляжаць зараз проста так, яна не праявіла.
Каментары