Грамадства88

Як вілейскія валанцёры шукаюць катам і сабакам новы дом ФОТЫ

Навіна аб тым, што ў Вілейцы з’явіўся прытулак для бадзяжных жывёл, на слыху ў віляйчан. 

Напатканая на цэнтральнай плошчы жанчына з дзіцячым вазком паказвае рукой у бок вуліцы Партызанскай: прытулак недзе там, у дварах. Сама яна там не была, але аб прытулку ведае. А вось наступныя два мінакі аб ім не чулі і самі задаюць пытанні.

Прытулак пад пра­цоў­най назвай «Хачу дамоў» існуе з кастрычніка мінулага года і ўжо мае чым пахваліцца: за гэты час новы дом знайшлі 29 катоў і 7 сабак.

«Арганізуем прытулак? Давай!»

Валанцёры ахвотна паказваюць сваіх гадаванцаў і сам будынак. У двух маленькіх пакоях месціцца ўсё, што неабходна катам: міскі з кормам і малаком, домікі і каробкі для сну, абагравальнік, латок. Адзінае, чаго не хапае для паўнаты кацінага шчасця, — свайго гаспадара, які б іх любіў.

— Ідэя арганізаваць прытулак прыйшла проста: сяброўка займаецца катамі і сабакамі ў Маладзечне, я ёй дапамагаў, — распавядае Павел Хаванскі, заснавальнік прытулку. — Пасля падумаў, што ў нас для гэтага і ў Вілейцы ёсць памяшканне. Кажу ёй: давай у нас зробім прытулак! Яна адказала: крута, давай! Прыехала, мы разам паглядзелі месца і пачалі шукаць валанцёраў у сацсетках.

Абагравальнік ратуе жывёл у моцныя маразы.

Неабыякавых людзей у Вілейцы аказалася шмат. Цяпер прытулку дапамагае каля 12 валанцёраў, пераважная большасць з іх — дзяўчаты.

Настасся Збераноў­ская даведалася аб прытулку з сацсетак і не змагла прайсці міма.

— У мяне самой дома жывуць два каты, і вулічных пастаянна падкормліваю, — кажа дзяўчына. — Таму прыйшлі разам з сястрой, агледзеліся і вырашылі, што зможам сюды прыходзіць. Спачатку думалі толькі ежу прыносіць, але пасля я ўцягнулася. Цяпер прыходжу рэгулярна, каб пачысціць латкі, наліць малака, пагладзіць коцікаў, праверыць жывоцікі-лапкі. Калі бачым, што з нейкай жывёлінкай ёсць праблемы, усе разам абмяркоўваем, што рабіць далей.

Узяць восем шчанюкоў дадому — не праблема

Ёсць у прытулку і свой «сямейны атрад» — Васіль і Аксана Чыжыкавы-Кузьміны. Яны настолькі пранікліся праблемамі бадзяжных жывёл, што прынеслі ў прытулак свой абагравальнік. Без яго кацянятам нашмат цяжэй было б перажыць маразы ў -32 градусы.

— Мы даведаліся аб прытулку перад новым годам з сацсетак, дзе пабачылі фота коцікаў, — узгадвае Аксана. — Я вельмі здзівілася і ўсцешылася адначасова, нават ледзь слязу не пусціла: няўжо ў нас у Вілейцы ёсць такая добрая ініцыятыва? І мы прыйшлі валанцёрамі.

Муж з жонкай ужо некалькі месяцаў наведваюцца ў прытулак і нават маюць сваю «спе­цыялізацыю» — займаюцца шчанюкамі.

Пачалося гэта з канца снежня, калі ў мікрараёне Шанхай ў падвале аднаго з дамоў сучка нарадзіла шчанят. Жыхары дома былі супраць такога суседства і выкінулі сабачую сям’ю на вуліцу, збіраючыся выклікаць супрацоўнікаў ЖКГ.

— І што было рабіць? Я вырашыла, што трэба дапамагаць! У мяне якраз была вольная летняя кухня, таму сабак забрала сабе.

Вось дагэтуль з імі гуляемся, — усміхаецца Аксана, паказваючы на двух шчанюкоў, якім пакуль не атрымалася знайсці новую сям’ю.

Валанцёры кажуць, што не паспяваюць «прыкіпець» да гадаванцаў і лёгка аддаюць іх новым людзям. Тым больш калі бачаць, што жывёла трапляе ў добрыя рукі.

Гэтыя два шчанюкі ўсё яшчэ чакаюць новых гаспадароў.

— Мы заўсёды цікавімся сям’ёй, у якую аддаём ката ці сабаку, — заўважае валанцёрка. — Пасля сочым за лёсам жывёлы. Абавязкова даём свае кантакты — каб звязваліся з намі, калі раптам узнікнуць праблемы. З новымі гаспадарамі кантактуем у сацсетках ці па тэлефоне. Яны пішуць, як назвалі новых сяброў, як з імі жывецца.

Валанцёры ўжо крыху авалодалі ветэрынарнымі навыкамі. Падчас размовы Васіль і Аксана спрытна ў чатыры рукі перавязваюць лапу чорна-белай котцы Мілцы. Котку жартаўліва называюць баявой — пасля бойкі з сабакам ёй нават хацелі ампутаваць пашкоджаную лапку. Але абышлося без аперацыі, і чатырохлапая Мілка ўжо чакае новых гаспадароў.

Без прафесійнай ветэрынарнай дапамогі ўсё ж не абыходзіцца. Часам даводзіцца звяртацца па кансультацыю праз тэлефон, часам трэба несці жывёлу да доктара.

— Раз ёсць магчымасць, хацелі б праз газету падзякаваць вілейскаму ветэрынару Ула­дзіміру Качкану, — дадаюць валанцёры. — Ён нас бясплатна кансультуе і вельмі дапамагае. 

Заліваць лекі кацянятам — для валанцёраў ужо звыклая справа.

«Хочацца, каб аб прытулку ведала як мага больш людзей»

Аксана паказвае вялікую кардонную каробку з надпісам «Прытулак «Хачу дамоў». Кожную нядзелю валанцёры са­дзяць у яе сваіх гадаванцаў і выходзяць на вілейскі рынак. Гэта магчымасць і аддаць жывёл у добрыя рукі, і заявіць аб існаванні прытулку.

 Не ўсе бяруць жывёлак, але ўсе падыходзяць. Міма такіх пысак прайсці немагчыма! — кажа Аксана. — Мінулым разам нам на рынак прынеслі вялікі пачак корму, мяса, давалі грошы. Мы вельмі ўдзячныя ўсім!

У прытулку кажуць, што віляйчане — людзі добрыя і чулыя да праблем жывёл. Ледзь не кожны мае сваю гісторыю пра дваровага ката, якога пастаянна падкормлівае. Але ёсць і тыя, хто пры дапамозе прытулку хоча пазбавіцца ад уласных клопатаў: своечасова не стэрылізавалі котку, а пасля кацянят падкідваюць у прытулак.

Падчас перавязкі.

На пытанне, чаму свой вольны час цягне прысвяціць чатырохлапым, Васіль адказвае каротка: — Шкада іх. Без нас прападуць.

— Да таго ж хочацца даць добры прыклад дзецям, — дадае Аксана. — Сярод валанцёраў шмат школьнікаў. Хай бачаць, што, нягледзячы на розны ўзрост, мы разам робім адну важную справу.

У будучыню прытулку валанцёры глядзяць упэўнена.

— Я перакананы, што ён не знікне, — кажа Павел. — Ёсць запатрабаванасць, ёсць зацікаўленасць людзей. Вясной збіраемся зрабіць вальер для сабак, падрамантаваць будынак. Так што прытулак будзе жыць.

Валанцёр Васіль з баявой коткай Мілкай.

Чым вы можаце дапамагчы прытулку?

Самае неабходнае і важнае, што вы можаце прапанаваць гадаванцам, — гэта, вядома, сваю любоў, пяшчоту і новую сям’ю.

Калі ж прыняць пухнатага сябра няма магчымасці, то дапамагчы можна справай: у прытулку заўсёды рады новым валанцёрам.

Сюды можна прыносіць ежу — мяса, рыбу, сухі корм. У матэрыялах для ўцяплення будынка патрэбы ўжо няма. Валанцёры кажуць, што з дапамогай неабыякавых віляйчан ужо назбіралі неабходныя.

Асабліва ўдзячныя ў прытулку будуць за пераноскі для катоў і сабак. З імі лягчэй хадзіць на рынак і да ветэрынара.

Таксама заўсёды трэба грошы — на іх набываюць лекі, стэрылізуюць жывёл, утрымліваюць будынак, у якім месціцца прытулак.

Грошы можна і перадаваць наяўнымі, і пераводзіць на адмысловы банкаўскі рахунак: Беларусбанк, 9112000160693632, дзейсны да 12/21.

Справаздачы за кожны патрачаны рубель валанцёры выкладваюць на сваіх старонках у сацсетках.

Па агульных пытаннях можна звяртацца да Паўла Хаванскага (8029 567 50 70), пытанні па шчанюках можна накіроўваць Аксане Чыжыкавай-Кузьміной (8029 761-86-83).

Каментары8

Цяпер чытаюць

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі6

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі

Усе навіны →
Усе навіны

Вальфовіч: У Беларусі венесуэльскі сцэнарый немагчымы, бо сілавікі не маюць права здрадзіць Лукашэнку41

Адзенне дзяўчыны, знойдзенай у Сляпянцы, падобнае да вопраткі Яны Кастранковай — дачкі дырэктара буйнога агракомплексу4

У Мінску зноў выстраілася вялікая чарга. Па што гэтым разам?4

Расійскія сістэмы СПА падчас аперацыі ЗША ў Венесуэле аказаліся ні да чаго не прыдатнымі9

Пятая частка піва, спажыванага ў свеце, прыпадае на Кітай

Малады ксёндз беларусізаваў парафію на радзіме Францішка Багушэвіча9

Ці можа пасажыр патрабаваць кампенсацыі, калі транспарт спазніўся праз завіруху?1

Ва Уроцлаве на вакзале затрымалі беларуса, які знаходзіўся ў вышуку

Беластоцкі актывіст Анатоль Вайцяхоўскі, які цішком вярнуўся ў Беларусь, даў інтэрв’ю прапагандыстам29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі6

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць