Здарэнні1818

«Сяржант і яфрэйтар удвух збілі пяцярых салдат». У Гродне чарговы суд за дзядуху

Яшчэ адзін судовы працэс над стараслужачымі ідзе ў судзе Гродзенскага раёна.

На лаве падсудных двое хлопцаў: сяржант Уладзіслаў Ялец і яфрэйтар Максім Малышка з 6-й асобнай механізаванай брыгады, якая месціцца ў Гродне. Хлопцам пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Максім Малышка (злева). Фота з сацыяльных сетак

Фармулёўка стандартная — 20-гадовага сяржанта Яльца вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў з ужываннем гвалту, 24-гадовы Малышка праходзіць як пасобнік. Следства мяркуе, што яшчэ ўлетку 2017 года на палявым выхадзе яны ўдвух збілі пяцярых салдат — нібыта пакаралі за тое, што ў вайсковым намёце ноччу згасла буржуйка.

Гэтая справа, як і справа сяржанта, якога судзяць у Барысаве, закруцілася ў лістападзе 2017 года. Гэта чарговы вынік шматлікіх праверак, якія прайшлі ў войску пасля смерці радавога Аляксандра Коржыча ў Пячах.

Ялец і Малышка знаходзяцца на волі, працягваюць службу. Іх толькі перавялі ў іншую частку. Абодва хлопцы служаць з восені 2016 года. Да дэмбеля ім застаецца менш за месяц. Праўда, пакуль невядома, куды паедуць сяржант і яфрэйтар: дахаты ці ў калонію.

«Наша Ніва» звязалася з адным абвінавачаным, Максімам Малышкам, і даведалася яго пункт гледжання на сітуацыю.

«Я адмаўляюся даваць паказанні на судзе. Віну таксама не прызнаю. Яна не даказаная, і невядома, ці дакажуць яе. Таму што паказанні ў пацярпелых бралі чатыры разы — і ўсе чатыры разы паказанні былі розныя», — сцвярджае Максім.

Па яго словах, Ялец таксама адмовіўся прызнаць віну і даваць паказанні.

«Пацярпелыя сцвярджаюць, што калісьці летась, у адзін з дзён жніўня на палявым выхадзе яны тапілі печ. Пасля іх нібыта паднялі, пастроілі і пабілі. Але ж сінякоў у іх не было, скаргаў не было, камандзір праводзіў агляд і ўсё было нармальна. Яны да каго не звярталіся, нікому не скардзіліся. Я не ведаю, чаму яны раптам штосьці такое пачалі казаць у лістападзе. Але, магчыма, гэта не іх словы, — разважае Максім. — Там жа пацярпелымі праходзяць не толькі салдаты з малодшага перыяду, але і майго прызыва, з якімі я служыў год».

«Пасля таго, як на мяне завялі справу, я атрымаў пастанову, чаму завялі. Там указваецца дакладная колькасць удараў, як я каго нібыта біў, як ставіў… Гэта проста трызненне! — абураецца ён. — Але ж я пасля падыйшоў да аднаго з пацярпелых, і спытаў, маўляў, колькі разоў цябе ўдарылі? Ён стаіць і плячыма паціскае, не ведае».

Малышка тлумачыць гэта наступным чынам:

«Гэта салдаты. Гэта робаты. Ім сказалі, як і што зрабіць, яны так і зробяць, каб не мець праблем.

Гэта вельмі мутная гісторыя! На судзе мой адвакат пытаўся ў кожнага пацярпелага: «Гэта вы звярнуліся кудысьці наконт збіцця?» Усе адмаўляюць, ніхто з пяцярых нікуды не звяртаўся. Тады адкуль сама сітуацыя? Плюс у судзе адзін з пацярпелых сам распавёў, што следчы запісваў яго словы так, як лічыў патрэбным. Суддзя пытаўся ў салдата, чаму не супадаюць паказанні — то іх білі, то пасля ён казаў, што не білі - а пацярпелы не мог адказаць. Кажа, што не можа патлумачыць.

А я магу патлумачыць. Таму што яны самі не ведаюць свае паказанні. Іх завялі ў кабінет, сказалі падпісаць і ўсё. Не ведаю, хто і навошта.

І цяпер атрымліваецца так, што ёсць пяцёра пацярпелых, яны ж і сведкі. Больш сведкаў няма. Сінякоў няма. Скаргаў няма».

Таксама, кажа Максім, яго вінавацяць у тым, што ён быў п’яны ў тую ноч.

«І тыя пацярпелыя спачатку падпісалі, маўляў, так, ён быў нападпітку. А цяпер на судзе кажуць: ну адкуль мы ведаем, быў ён п’яны ці не.

У іх ва ўсіх розныя паказанні і версіі. Адзін кажа, што збівалі 40 хвілін, другі — што пяць ці сем. Адзін кажа, што прачынаўся і падыходзіў камандзір, другі кажа, што камандзір спаў, трэці — што камандзір прачнуўся, але крыкам паклікаў іх да сябе ў намёт…», — сцвярджае Малышка.

Акрамя таго, кажа Малышка, што падчас следства яго вінавацілі ў пасобніцтве Яльцу, але пасля выставілі абвінавачванне ў нестатутных узаемаадносінах (па гэтым артыкуле меншае пакаранне). Але, сцвярджае Малышка, калі справу перадалі ў пракуратуру, то адтуль справу вярнулі следчым. І абвінавачванне ў пасобніцтве вярнулі.

«Наша Ніва» звязалася з пракурорам Артурам Валентукевічам, які выступае на працэсе дзяржаўным абвінаваўцам, каб спраўдзіць гэты момант, але ён адмовіўся ад каментароў.

Пацярпелыя служаць у войску, таму атрымаць іх каментары пакуль не ўдалося.

Пасяджэнне па справе працягнецца 26 красавіка.

Каментары18

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою1

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою

Усе навіны →
Усе навіны

Кавалеўскі патлумачыў, за які дыялог паміж грамадствам і ўладамі ён выступае13

Дуда прасвяціў Зяленскага адносна Валынскай трагедыі. Той пра яе не ведаў18

Вось як выглядае павалены бурай лес пад Магілёвам з вышыні птушынага палёту ФОТАФАКТ1

У Мінску і ваколіцах град з паўяйка і вялікі патоп ВІДЭА2

Ксенія Луцкіна: «Усё мы рабілі правільна, калі дагэтуль Лукашэнка і прапагандысты бясконца ўспамінаюць»5

Незвычайная кашуля Лукашэнкі — выраб беларускага легпрама ФОТА24

Ціханоўскі расказаў, што трэба было рабіць у жніўні 2020-га84

Берасцеец за дзевяць гадоў прыводзіў на генетычную экспертызу шасцярых дзяцей

«Маем адну важную зачэпку». Расследавальнікі працягваюць пошук Мельнікавай6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою1

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць