Здароўе77

Беларуска пасля платнай медыцыны пайшла ў дзяржаўную і расказала свае ўражанні

Дзяўчына ўсё жыццё наведвала ў асноўным прыватныя клінікі. А нядаўна вырашыла звярнуцца ў дзяржаўную ўстанову. Яна расказала «Точка», што яе прыемна здзівіла, а што моцна расчаравала.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Точка»

Беларусы нярэдка скардзяцца на ўзровень дзяржаўнай медыцыны, асабліва ў рэгіёнах.

Галоўны тэзіс — далёка не ўсе паслугі можна атрымаць бясплатна, а прайсці нармальны чэкап у звычайнай паліклініцы няпроста, часам прыходзіцца ісці ў прыватны медцэнтр.

Сваю гісторыю расказала мінчанка. Яна нядаўна вырашыла праверыць: ці можна разлічваць у дзяржаўнай установе на нешта большае, чым кансультацыя тэрапеўта і звычайны аналіз крыві. 

У гэтым матэрыяле суб'ектыўны погляд на дзяржмедыцыну з яе плюсамі і мінусамі. Паглядзелі, ці такая бясплатная медыцына бясплатная, колькі ўдасца сэканоміць на паходзе ў паліклініку і колькі яшчэ прыйдзецца выдаткаваць па-за яе сценамі.

Страхоўка ўсё вырашала

Алене 32 гады. Досведу хаджэння па паліклініках у яе не так і шмат: кажа, што ўсё дарослае жыццё карысталася медыцынскай страхоўкай.

«У дзяцінстве — звычайная раённая паліклініка, дзе заўсёды шмат чэргаў і вечна стомленыя, таму і грубаватыя ўрачы. У студэнцтве — пекла ў 33-й паліклініцы, дзе з табой абыходзяцца жудасна (прайшло больш за 10 гадоў, можа, што і змянілася). А потым — усе цуды прыватнай медыцыны», — кажа Алена.

Дзяўчына абазначае: хварэе яна нячаста, сур'ёзных пытанняў па здароўі няма, таму звяртаецца да ўрачоў рэдка. Пакуль была страхоўка, раз на год праходзіла прафілактычныя абследаванні.

«Гэта гінеколаг, эндакрынолаг, часам афтальмолаг, магла зрабіць МРТ, бо ёсць пытанні з пазваночнікам, праверыць гармоны і здаць іншыя аналізы. Тады я зразумела ўсю прыгажосць прыватных клінік: тут зусім іншае стаўленне да пацыента, ніякага хамства, ніякіх чэргаў. Ды і ўрачы заўсёды гатовыя прызначыць поўны спектр абследаванняў па неабходнасці. Зразумела, за вашы грошы любы капрыз», — дадае Алена.

Потым была змена працы — страхоўку на медпаслугі новы працадаўца не прапануе. Прыйшлося надоўга забыць пра прафілактычныя агляды, толькі самыя важныя візіты да ўрачоў заставаліся ў спісе абавязковых.

«І толькі ў прыватныя медцэнтры. У мяне было некалькі спроб звярнуцца ў дзяржаўныя ўстановы ў розных раёнах сталіцы, дзе я калісьці пражывала. Калі казаць мякка, вопыт быў няўдалы. Потым доўгія гады я належала да вельмі старэнькай перапоўненай 15-й паліклінікі. Там наогул усё было дрэнна», — успамінае дзяўчына.

Паводле яе слоў, некаторыя спецыялісты там і зусім адсутнічалі. Напрыклад, да траўматолага са зламанай нагой прыходзілася ездзіць на іншы канец горада. Плюс пастаянныя чэргі да ўрачоў (і спадарожныя блытаніна і лаянка пацыентаў з-за адсутнасці электроннай чаргі). У выніку Алена больш не звярталася ў дзяржаўную паліклініку.

«Некалькі гадоў таму дабудавалі новы будынак 15-й паліклінікі — усё выглядала супер, заходзіла туды па нейкім дробным пытанні. А нядаўна вырашыла, што хачу правесці эксперымент і паглядзець, ці рэальна там прайсці мінімальны чэкап», — расказвае Алена.

«Дыспансерызацыя — нейкі сюр»

Пачаўся паход Алены ў паліклініку з кабінета дыспансерызацыі. Ніводнага чалавека ў чарзе, малады спецыяліст. Некалькі дзяжурных пытанняў: узрост, рост, вага, ці ёсць хранічныя захворванні і шкодныя звычкі. У выніку ў руках у дзяўчыны аказалася некалькі прызначэнняў на аналізы: крыві — агульны і біяхімія, мачы. І накіраванне на ЭКГ.

Увогуле на гэтым дыспансерызацыя і скончылася. Дзяўчына кажа, што настойвала на дадатковых даследаваннях.

«Раз на год жанчынам рэкамендуецца праходзіць УГД органаў малога таза і УГД малочных залоз — гэта заўсёды стаіць у мяне ў спісе абавязковых абследаванняў. У выніку спецыяліст накіраваў мяне да гінеколага», — працягвае аповед дзяўчына.

Спачатку была здача аналізу крыві. У чарзе яна правяла крыху больш за гадзіну. Наперадзе было 85 пацыентаў.

«Электронная чарга, працуюць тры кабінеты. Прымалі людзей вельмі нават хутка. Яшчэ я здзівілася, калі ўбачыла ў кабінеце сучасныя шпрыцы-прабіркі, як у прыватных лабараторыях», — кажа Алена.

УГД зрабіць нерэальна

Да гінеколага дзяўчына запісалася без праблем. Для гэтага яна нават не тэлефанавала ў рэгістратуру, усё зрабіла праз анлайн-платформу. Прыём таксама не прыйшлося доўга чакаць — на яго можна было трапіць ужо на наступным тыдні.

«Вельмі прыемная і акуратная жанчына-доктарка. Усё было ветліва і тактоўна. Я звярталася з некаторымі праблемамі. Спецыяліст сабрала падрабязны анамнез, паглядзела мае старыя абследаванні і адразу ж дала мне кучу прызначэнняў на здачу гармонаў. Але далей намалявалася праблема», — успамінае Алена.

Гармоны трэба было здаць па васьмі паказчыках. Алена кажа, што гэта прыстойная сума, калі б яна рабіла ўсё платна.

Урач настойвала, што трэба дзяўчыне правесці і УГД органаў малога таза, — узніклі пытанні. Але адразу ж удакладніла: ці зможа пацыентка зрабіць яго самастойна, за свае грошы. Маўляў, можна запісацца ў ліст чакання, але ён расцягнуты на некалькі месяцаў наперад.

«Я вырашыла, што калі ёсць пытанні па здароўі, то не буду столькі чакаць. І запісалася ў самы недарагі медцэнтр. За гэта я аддала Br50. Дарэчы, платна ў маёй жа паліклініцы можна было зрабіць у два разы танней. Праўда, прыёму чакаць прыйшлося б больш за тыдзень», — падлічвае Алена.

Без праблем прызначаюць аналізы

Да эндакрынолага аказалася запісацца крыху складаней, але чакаць доўга таксама не прыйшлося. На руках у дзяўчыны было старое УГД шчытападобнай залозы. Яно паказала некаторыя паталогіі, была рэкамендацыя назірацца ў спецыяліста.

Урач паглядзела папярэдняе абследаванне. Яно рабілася чатыры гады таму. Запэўніла, што новае даследаванне праводзіць няма неабходнасці. У той жа час падкрэсліла, што праверыць некаторыя гармоны не перашкодзіць. І прызначыла правесці гарманальныя даследаванні яшчэ па чатырох паказчыках.

Зноў паход у лабараторыю на здачу аналізаў (прыйшлося ісці двойчы, таму што гармоны трэба было здаваць у пэўныя дні). Кожны паход — па гадзіне ў чарзе.

«Адзіны, але не істотны мінус — тэрмін чакання вынікаў, да 10 дзён. У прыватнай лабараторыі гэта ўсё значна хутчэй, плюс ёсць магчымасць атрымаць вынік на пошту. У паліклініцы ж ты не ўбачыш вынік, пакуль зноў не запішашся на прыём да ўрача. Збольшага гэта і правільна, каб урач, а не ты сам інтэрпрэтаваў вынікі», — лічыць дзяўчына.

На прыём да гінеколага Алена пайшла са сваім УГД, калі дачакалася вынікаў. Урач прызначыла пераздаць некаторыя гармоны праз некалькі месяцаў — былі вышэй за норму. І дала чарговыя накіраванні на паўторныя даследаванні па двух паказчыках. Тое ж самае зрабіў і эндакрынолаг: адзін паказчык парэкамендавала пераздаць. Ніякіх праблем з атрыманнем накіравання тут не было.

Лішнія хаджэнні па кабінетах

Паралельна дзяўчына запісалася на прыём да траўматолага-артапеда: у яе астэахандроз. У прыватных клініках рэкамендавалі перыядычна назірацца ў спецыяліста, раз у год праходзіць МРТ. З усімі гэтымі прызначэннямі яна накіравалася ў дзяржаўную паліклініку.

«Урач адразу адправіў на рэнтген. Я здзіўлялася. Навошта? Бо ў мяне былі і вынікі рэнтгена, а потым рабіла і МРТ. Мне ўжо калісьці рабілі больш інфарматыўнае даследаванне, навошта марнаваць час на лішнія паходы па кабінетах? На гэта ўрач адказаў: «Прайшло шмат часу, трэба паглядзець», — кажа дзяўчына.

Рабіць няма чаго. Здымак прыйшлося рабіць у два заходы: праводзіць даследаванне дзвюх зон за раз нельга па нейкіх нарматывах. У выніку прыйсці ў паліклініку трэба было двойчы.

Потым траўматолаг адправіў да неўролага.

«А да яго проста так не трапіць — толькі праз тэрапеўта. Я запісалася, усё роўна трэба было даведацца яшчэ і вынікі аналізаў крыві і мачы. Але гэта лішні паход у паліклініку. У прыватнай можна адразу запісацца да патрэбнага спецыяліста», — кажа Алена.

Увесь гэты час, адзначае дзяўчына, да спецыялістаў практычна не было чэргаў: усё ж электронныя талоны дадалі вельмі шмат камфорту.

«Тэрапеўт прызначыла больш інфарматыўнае даследаванне — убачыла штосьці ў звычайным аналізе. Дала накіраванне да неўролага. І парэкамендавала зрабіць флюараграфію — я даўно не праходзіла гэта даследаванне. Дарэчы, зноў усё прайшло хутка і без чаргі», — здзіўляецца дзяўчына.

МРТ дабіцца складана

Да неўролага было запісацца цяжэй — адзін спецыяліст на ўсю паліклініку. На руках у дзяўчыны ўжо аказаліся здымкі пазваночніка і заключэнне: «Рэкамендуецца больш інфарматыўны метад даследавання». Алена спадзявалася прайсці МРТ.

«Доктар паглядзеў вынікі майго папярэдняга МРТ, заключэнне пасля рэнтгена, сабраў анамнез, правёў агляд і выпісаў таблеткі. А вось на просьбу зноў прайсці МРТ, якое ўсё ж такі мне было рэкамендавана і прыватнымі клінікамі, і нават спецыялістам з гэтай жа паліклінікі, неўролаг накіраванне не даў. Сказаў, няма падстаў», — здзіўляецца Алена.

Што ў выніку?

У цэлым свой досвед наведвання паліклінікі Алена ацэньвае як станоўчы. Але з адной агаворкай: усё з папраўкай на тое, што гэта новая сталічная ўстанова.

«Я бачыла і іншыя паліклінікі ў Мінску, пакуль жыла на здымных кватэрах, — усё адносна. Але ў цэлым мяне здзівіла, што ўрачы без пытанняў даюць прызначэнні на некаторыя даследаванні. У прыватнай лабараторыі я б выдаткавала толькі на адны аналізы каля Br315», — кажа Алена.

У той жа час дзяўчына адзначае: чым складаней даследаванне, тым цяжэй яго атрымаць. Здаецца, што МРТ наогул не дабіцца, хаця, на думку гераіні, для гэтага былі і паказанні, і прызначэнні. А шматмесячныя чэргі на УГД, вядома, прымушаюць усё роўна звяртацца да платных паслуг.

Безумоўна, узровень бясплатнай медыцыны ў рэгіёнах моцна адрозніваецца ад сталічнай. Калі ў вас быў іншы досвед наведвання дзяржаўных устаноў або вам прыйшлося запісвацца ў прыватныя клінікі з-за адсутнасці патрэбных спецыялістаў у паліклініцы, дзяліцеся ў каментарах.

Каментары7

  • %defacto%
    10.07.2025
    на мрт принципиально не дают направление во многих поликлиниках. и это при прямом показании. вот вам и бесплатная медицина
  • Гиппократ в угаре
    10.07.2025
    А она точно здоровая с такими хожденияии по врачам?
  • даведка
    10.07.2025
    В поликлиниках центральных районных больниц может быть с пяток аппаратов УЗИ и кабинетов ультразвуковой диагностики, но бесплатно и по записи сможете туда попасть хорошо если только через полгода, а вот за деньги вас обслужат сразу же.

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі расказаў, што трэба было рабіць у жніўні 2020-га62

Ціханоўскі расказаў, што трэба было рабіць у жніўні 2020-га

Усе навіны →
Усе навіны

«Не ведаю, што вы там выпраўлялі, але мінус як быў так і застаўся». Кліенты банкаў працягваюць скардзіцца на няправільныя балансы3

Папулярная мінская шаўрменная трапіла ў скандал. Што здарылася2

У Магілёве падчас непагадзі жанчыну забіла дрэвам, яшчэ чатыры чалавекі пацярпелі

Беларуска пасля платнай медыцыны пайшла ў дзяржаўную і расказала свае ўражанні7

У Абу-Дабі пачаліся перамовы Пашыняна і Аліева3

Чарга на польскай мяжы канчаткова рассмакталася2

Келаг: Украіне патрэбны новы «План Маршала»4

Не толькі «кітайцы». Якія бюджэтныя новыя аўто прапануе беларускі рынак8

Кіеў зазнаў масіраваную атаку дронамі і балістыкай

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі расказаў, што трэба было рабіць у жніўні 2020-га62

Ціханоўскі расказаў, што трэба было рабіць у жніўні 2020-га

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць