Міністр замежных спраў Уладзімір Макей распавёў у інтэрв'ю праграме «Контуры» тэлеканала АНТ аб выніках сустрэчы міністраў краін — удзельніц Усходняга партнёрства, якая прайшла ў Люксембургу. Як чакалася, пагадненне аб прыярытэтах партнёрства з ЕС можа быць падпісана ўжо сёлета, звяртае ўвагу TUT.BY.

«Як бы хто ні хацеў, гэтая ініцыятыва (Усходняе партнёрства) не ператварылася ў канфрантацыйную канцэпцыю, накіраваную супраць трэціх краін. Мы і сёння ў чарговы раз падкрэслілі, што яна павінна насіць неканфрантацыйны характар, быць накіравана на збліжэнне, аб'яднанне», — адзначыў Макей.
Ён асабліва пахваліў праграму эканамічнага ўзаемадзеяння і заклікаў больш увагі надаваць менавіта гэтым праектам. «Ёсць нейкія зрухі, але рэальнага прагрэсу, які быў бы заўважаны нашымі простымі людзьмі, няма», — прызнаў міністр.
Каментуючы прагрэс у пагадненні аб прыярытэтах супрацоўніцтва з ЕС, які стане базай для будучых адносінаў Беларусі і ЕС, Макей адзначыў, што з еўракамісарам Ёганесам Ханам яны гаварылі па ўсім спектры супрацоўніцтва, у тым ліку пра перспектывы падпісання ў бліжэйшы час прыярытэтаў партнёрства. «На жаль, нашы партнёры ўключылі ў апошні час некаторыя пасажы, якія мы павінны дадаткова вывучыць. Цяпер адбываюцца адпаведныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры», — заявіў міністр. Пры гэтым ён адзначыў, што ў апошні час паміж Беларуссю і ЕС з адносінаў сышлі ўзаемныя папрокі.
Уладзімір Макей правёў у Люксембургу шэраг перамоваў. На іх у тым ліку абмяркоўваліся магчымыя візіты прэзідэнта Беларусі ў краіны ЕС, дадае БЕЛТА.
«Ёсць рэчы, на якія мы глядзім вельмі ўважліва: якая тэматыка візіту, ці будзе канкрэтная карысць ці аддача ад таго ці іншага візіту. Прапановы, дакладваюцца прэзідэнту. Пазіцыя кіраўніка беларускай дзяржавы заўсёды складаецца ў тым, што няма сэнсу рабіць візіт дзеля візіту. Візіт павінен прынесці канкрэтныя дывідэнды, вынікі для краіны і народа. і гэтыя вынікі павінны быць адчувальныя і значныя», — падкрэсліў міністр.
Усходняму партнёрству — ініцыятыве Еўрапейскага саюза па развіцці інтэграцыйных сувязяў Еўрасаюза з шасцю краінамі былога СССР: Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай — у наступным годзе будзе ўжо 10 гадоў. Малдова, Грузія і Украіна за гэты час ўзялі арыенцір на інтэграцыю з ЕС, атрымалі бязвізавы рэжым. Арменія падпісала дамову аб усёабдымным партнёрстве.
Каментары