Свет88

Бяспека Ірана пад пытаннем: ягоны ўрад няздольны абараніць нават сам сябе

Нават для многіх прыхільнікаў Ісламскай Рэспублікі Іран маштаб нападаў Ізраіля, забойства галоўных камандзіраў Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) і іншых вайскоўцаў ды супрацоўнікаў службаў бяспекі стала шокам і нечаканасцю. Калі заявы Ізраіля праўдзівыя, то Іран сутыкнуўся з найбуйнейшым авіяўдарам у сваёй гісторыі, тлумачыць карэспандэнт Персідскай службы Бі-бі-сі Кейван Хасейні.

Вярхоўны кіраўнік Ірана Алі Саед Хаменеі (у цэнтры) са сваімі сілавікамі ў 2019 годзе. Фота: Iranian Leader Press Off. / Handout/Anadolu via Getty Images

Нават падчас ірана-іракскай вайны ў 1980-х гадах Іран не сутыкаўся з такой колькасцю авіяўдараў і забойствамі вышэйшых вайсковых чыноў за некалькі гадзін. Прытым Ізраіль заяўляе, што атакі яшчэ не скончыліся.

Поўныя справаздачы пра тое, колькі страт панёс Іран, пакуль не апублікавалі.

Забойства дзясяткаў высокапастаўленых камандзіраў КВІР, а таксама паспяховыя атакі ізраільскіх знішчальнікаў пры адсутнасці хоць бы якой-небудзь СПА — цяжкі ўдар па аўтарытэце, уладзе і нават легітымнасці ўрада, які, як нечакана аказалася, няздольны абараніць сябе.

Гэтыя атакі ў беспрэцэдэнтных маштабах паказалі свету шматлікія слабасці іранскіх сіл бяспекі і абароны, а таксама таго, што стратэгія бяспекі Тэгерана, якая на працягу больш за 40 гадоў грунтавалася на тактыцы асіметрычнай вайны, страціла эфектыўнасць як стрымальны фактар.

Атака таксама істотна змяніла баланс сіл на Блізкім Усходзе на карысць Ізраіля. Гэта будзе мець наступствы, якія выходзяць за рамкі ірана-ізраільскага канфлікту, і можа паўплываць на тое, што ўзнікнуць новыя кааліцыі і міжнародныя альянсы.

Усё гэта адбываецца ў той час, калі народная незадаволенасць у Іране нарастае. Давер да ўрада пахіснуўся яшчэ да атакі Ізраіля. Некаторыя іранцы ў сацыяльных сетках радуюцца перамогам Ізраіля і называюць «камандзіраў-пакутнікаў» рэпрэсіўнымі вайсковымі сіламі.

Стрымлівання няма

Гэта не першы выпадак, калі Ізраіль непасрэдна нападае на Іран. Аднак гэта першы выпадак, калі Ізраіль робіць гэта ў такіх маштабах. Гэта відавочная прыкмета таго, што ў Ірана не застаецца сіл, каб прадухіляць такія буйнамаштабныя атакі.

Каб вытрымаць гэты ўдар і аднавіць тое, што Іран страціў за адну ноч, краіне неабходныя меры ў адказ, сувымерныя з маштабам нападаў Ізраіля.

Згодна з прапагандай КВІР і яго філіялаў, падчас двух удараў Ірана па Ізраілі ў 2024 годзе ў рамках аперацыі «Праўдзівае абяцанне» краіне ўдалося ўтрымаць Ізраіль ад новых нападаў. Атака 13 чэрвеня 2025 года паказала, што гэта не так.

Прынамсі, тыя ў Ізраілі, хто вырашыў атакаваць 13 чэрвеня, паказалі, што гатовыя справіцца з любым магчымым адказам і лічаць, што Іран не здольны на падобную адплату. Пасля гэтай атакі яны апынуліся ў выключным становішчы і спрабуюць зацвердзіцца як дамінантная вайсковая сіла ў рэгіёне.

Вайсковая моц Ізраіля і тое, што ў краіны ёсць шырокі доступ да самай сучаснай і складанай абарончай зброі і тэхналогій — не навіна. Ключавы момант у сітуацыі, якая склалася — гэта тое, што ў рамках абароннай дактрыны Ірана заўсёды сцвярджалася, што КВІР распрацаваў эфектыўную стратэгію, як стрымліваць Ізраіль і прадухіляць магчымыя атакі гэтай краіны.

Палітыка-эканамічная ізаляцыя Ірана за апошнія чатыры дзесяцігоддзі і вопыт васьмігадовай ірана-іракскай вайны стварылі бачнасць, што ў краіны ёсць эфектыўная стратэгія абароны, калі Ірану не трэба змагацца тварам да твару са значна больш сучаснымі і навучанымі вайсковымі сіламі.

Эліты КВІР гэтым ганарыліся, апраўдваючы гэтым сваё існаванне як вайсковай сілы і паралельнай арміі. Аднак гэта ўсё аказалася прапагандай.

Адным з першых наступстваў атакі 13 чэрвеня стала тое, што праявіліся істотныя слабасці і абмежаванні гэтай стратэгіі. Тое, што адбылося, паказвае, наколькі бездапаможныя і нямоглыя органы бяспекі і абароны Ірана перад абліччам добра забяспечанай і перадавой арміі.

Крызіс бяспекі

У краіне, якая за сваю 200-гадовую гісторыю перажыла некалькі зневажальных ваенных паразаў, дзве буйныя акупацыі і нават змену манарха замежнымі дзяржавамі, эліты заўсёды асцерагаюцца, што такія падзеі паўторацца.

Адным з найважнейшых «дасягненняў» сучаснага Ірана, які ўзнік у 1979 годзе, было тое, што скончылася эпоха паразаў, іншыя краіны перасталі навязваць краіне сваю волю.

Падчас руска-персідскіх войнаў у XIX стагоддзі Іран страціў частку тэрыторый, а пад кіраўніцтвам клерыкальнага ўрада ў XX стагоддзі краіна не дала Іраку анексаваць правінцыю Хузестан. Падчас іранскай аперацыі 1941 года замежныя войскі акупавалі Тэгеран, што прыхільнікі сучаснага ўрада і прыхільнікі ідэалогіі шыізму апісваюць таксама як слабасць свецкай улады.

Аднак цяпер гэты гістарычны вобраз, расказы пра бяспеку Ірана, яго вайсковую моц, незалежнасць і нацыянальны суверэнітэт сутыкнуліся з сур'ёзнымі пытаннямі. Ці было ўсё, што гаварылася пра вайсковую моц КВІР, яго ракетныя і беспілотныя праграмы, пустой прапагандай? Як «больш за 200» ізраільскіх знішчальнікаў змаглі заляцець у Іран за адну ноч і скінуць на больш чым 100 мішэняў у Іране «330 бомбаў» і «розныя боепрыпасы»?

Удар па Іране нават не скончыўся класічнай ваеннай аперацыяй, а забойства іранскіх камандзіраў выразна паказала, што бяспека і вайсковы істэблішмент краіны ўразлівыя перад «Масадам».

Ізраільцяне маюць доступ да канфідэнцыйных даных Ірана вельмі высокага ўзроўню, што пацвярджалася шмат разоў. Адзін з нядаўніх прыкладаў — гэта забойства ў Тэгеране найважнейшай фігуры ХАМАС Ісмаіла Ханіі.

Але нават гэта, падобна, не прымусіла іранскія органы бяспекі прыняць эфектыўныя меры, каб абараніць жыццёва важную інфармацыю. Або контрразведвальныя і разведвальныя меры, якія распачаў Іран, аказаліся недастатковымі.

Сітуацыя настолькі крытычная, што міністр замежных спраў Ірана Абас Аракчы назваў яе «абвяшчэннем вайны» з боку Ізраіля.

Паводле міжнароднага права і Статута ААН, афіцыйнага «абвяшчэньня вайны» Ізраілем Ірану няма, але тое, што адбылося — гэта неафіцыйнае абвяшчэнне вайны.

Артыкул 2, пункт 4 Статута ААН забараняе выкарыстоўваць сілу членам ААН, і таму краіны ўстрымліваюцца ад таго, каб афіцыйна аб'яўляць вайну. Замест гэтага Ізраіль заяўляе, што ён атакаваў «прэвентыўна» ў адпаведнасці з правам на самаабарону, якое таксама замацавана ў Статуце ААН.

Прэвентыўныя ўдары незаконныя ў адпаведнасці са Статутам ААН. Тое, што гаворыцца ў артыкуле 51 Статута адносна права дзяржаў на самаабарону, відавочна адносіцца да сітуацыі, калі адна дзяржава нападае на іншую. Іран у апошні час наўпрост не нападаў на Ізраіль. Нават погляд на палітычныя падзеі апошніх месяцаў паказвае, што пагрозы таго, што Іран немінуча нападзе на Ізраіль, не было.

Усё гэта прыводзіць да складанага і шматграннага крызісу, які можа працягвацца няпэўна доўга пад ударамі разбуральнай адплаты.

Каментары8

  • Ёсік
    14.06.2025
    Іран выхваляўся сваёй арміяй, ды мы, калі што, ды ў раз зьнішчым, сатрэм усіх у попел. А вунь як атрымалася. Так і лукашэнку, не трэба хваліцца ды праз раз абяцаць невядомым нападнікам, якія чвэрць стагодьдзя хочуць гэтае зрабіць, што беларуская армія адкажа моцна. Глядзі, калі прыляціць, дык і расея нічым не дапаможа, толькі ляпаць усе могуць, якія яны моцныя, а на самой справе, як пё.днуць у ваду.
  • Карціна маслам!
    14.06.2025
    Ізраіль знішчыць аятолаў, як перад гэтым знішчыў хезбалу, хамас і асадаў.
    Усе дыктатарскія рэжымы могуць дэманстраваць сваю сілу толькі перад бязззбройнай інтэлігенцыяй уласнай краіны, перад студэнткамі.
    Тое датычыцца Сірыі, Ірана, Ірака, Беларусі і КНДР, якую і Расія і Кітай трымаюць на сваіх руках. Тое датычыцца і Расіі, нягледзячы на яе неабмежаваныя людскія і сыравінныя рэсурсы.
  • Карціна маслам!
    14.06.2025
    Калі заявы Ізраіля праўдзівыя... , ізоаільскія бамбавікі і ракетаносцы спакойна, як камень скрозь ваду, праходзяць тры дзяржавы, Іарданію, Сірыю, Ірак, спакойна бамбяць вызначаныя цэлі за амаль 2000 км, і спакойна за паўтары тысячы кіламетраў вяртаюцца дадому.
    Заправіліся-загрузіліс, і зноў райўлі на вызначаныя цэлі.
    Гэта будзе яшчэ адна "сямідзенная вайна".

Цяпер чытаюць

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп вымушана спыняе рэйды супраць імігрантаў у сельскай гаспадарцы і гатэльным бізнэсе3

Навукоўцы знайшлі просты спосаб паспрыяць росту раслін — музыка, але не кожная20

Ryanair будзе штрафаваць пасажыраў, якія парушаюць парадак1

У Гомелі 7 гадоў таму пабудавалі прыбіральню ледзь не за мільён даляраў. Як у ёй цяпер?4

У Дубаі загарэўся 67-павярховы хмарачос3

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Лукашэнка парэкамендаваў беларусам не налягаць на бульбу13

Ізраільцянам прыходзяць шпіёнскія паведамленні ад карэспандэнткі АНТ10

Усплёскі заказаў піцы каля Пентагона маглі сведчыць пра будучую атаку на Іран9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць