Як сілавікі атрымалі доступ да тэлеграма рэдактара Tut.by? Магчымыя варыянты
У матэрыялах «справы БелТА» ёсць інфармацыя, атрыманая сілавікамі з тэлеграм-акаўнта рэдактара Tut.by Дзмітрыя Бобрыка — праз яго акаўнт сілавікі атрымалі доступ да рэдакцыйных чатаў.
Пра гэта стала вядома падчас судовага паседжання, адзначае сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Чытайце. Журналіст Tut.by Дзмітрый Бобрык: Падчас допыту ў Следчым камітэце мяне шантажом завербавалі
Якім чынам сілавікі змаглі атрымаць доступ да акаўнта? Лічыцца ж, што Тэлеграм гарантуе канфідэнцыйнасць перапісак. Таму давайце разбяромся.
Сайт БАЖ паведамляе, што ў справе фігуруе перапіска размоваў, якія адбыліся ўжо пасля падзей 7 жніўня, калі пачаліся затрыманні.
Таму першай і найбольш імавернай версіяй выглядае тое, што сілавікі ўвайшлі ў акаўнт Бобрыка праз канфіскаваную тэхніку, а ён па нейкіх прычынах не заўважыў актыўных сесій з іншай прылады і не адключыў іх [Тэлеграм, як і некаторыя іншыя месенджары, дае магчымасць адсачыць актыўныя падключэнні — Рэд.].
Сыходзячы з гэтай версіі, можна падумаць, што журналіст не надта пераймаўся запарольваннем і шыфраваннем інфармацыі на сваіх дэвайсах.
Другая ж імаверная версія прадугледжвае больш актыўны ўдзел сілавікоў. Справа ў тым, што прывязка тэлеграма да нумара тэлефона дае сілавікам магчымасць залезці ў акаўнт.
Як працуе гэты алгарытм? Следчыя абгрунтоўваюць сваю павышаную ўвагу да пэўнай персоны перад пракурорам, і той дае дабро на такое канфідэнцыйнае назіранне. Пры наяўнасці санкцыі пракурора і пасля запыта аператыўніка, мабільны аператар не можа адмовіцца прадаставіць сілавікам у аператыўных мэтах клон сім-карты, да якой можа быць прывязаны тэлеграм-акаўнт.
Умоўна кажучы, уначы, калі чалавек хутчэй за ўсё спіць, з клона сім-карты сілавікі могуць зайсці ў акаўнт і выгрузіць усю патрэбную інфармацыю. Далей яны могуць як выйсці з акаўнта, так і застацца ў ім, чытаючы перапіску ў рэжыме рэальнага часу.
Падобныя прэцэдэнты фіксаваліся ў Расіі, калі сілавікі пераследавалі паплечнікаў Аляксея Навальнага.
Засцерагчыся ад такога ўваходу можна, паставіўшы ў наладах прыватнасці падвойную аўтарызацыю — гэта азначае, што пры спробе зайсці ў тэлеграм з якой-небудзь прылады трэба будзе ўвесці дадатковы пароль.
Трэці варыянт прадугледжвае, што стваральнікі праграмы перадалі інфармацыю па запыце беларускіх сілавікоў.
Прынцыповая рэч у тым, што невядома, дзе і кім насамрэч захоўваецца інфармацыя, перададзеная праз Тэлеграм — напрыклад, на Захадзе мала давяраюць праграме, створанай грамадзянінам Расіі Паўлам Дуравым. Месенджар папулярны толькі ў некаторых постсавецкіх краінах, а таксама ў шэрагу азіяцкіх аўтакратый.
Варта дадаць, што і астатнія месенджары не даюць стопрацэнтнай гарантыі таго, што інфармацыя ў выніку не трапляе да спецслужбаў.
Тэлеграм раней заяўляў, што адмовіўся ад сваёй палітыкі безумоўнай ананімнасці і будзе прадастаўляць сілавым органам інфармацыю аб карыстальніках — але гаворка, нібыта, толькі пра ІР адрасы і ў выпадках выразных доказаў тэрарызму. Усе выдадзеныя дадзеныя абяцаюць апублічваць раз на паўгода.
Сам Дзмітрый Бобрык пакуль не пракаментаваў сітуацыю.
Каментары