Грамадства2626

«Матулі 328» і «Легалайз Беларусь» правялі мітынг: патрабуюць вызваліць асуджаных па наркатычным артыкуле

30 мая ў Кіеўскім скверы ў Мінску прайшоў дазволены мітынг. Яго арганізавалі жанчыны з руху «Матулі 328», чые дзеці асуджаныя за распаўсюд наркотыкаў, а таксама актывісты грамадскай кампаніі «Легалайз Беларусь».

Хто такія «Матулі 328»?

Гэта рух, які складаецца з беларускіх жанчын, чые дзеці ці блізкія сваякі адбываюць пакаранне па «наркатычным» артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу («Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў»). Адсюль, адпаведна, і назва руху.

Жанчыны ўжо не першы год патрабуюць зменшыць гіганцкія турэмныя тэрміны, якімі караюць тых, каго бяруць за распаўсюд наркотыкаў ці іх захоўванне.

У сваёй барацьбе «Матулі 328» выкарыстоўвалі розныя метады. Самы вядомы крок — галадоўка ў 2018 годзе, у якой узялі ўдзел больш за 10 жанчын. Тады «Матуляў» запрасілі на сустрэчу з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, дзе жанчынам паабяцалі, што змякчэнне наркатычнага заканадаўства будзе разгледжана. Але ж плёну не дало — пра галадоўку «Матуляў» даведаўся Лукашэнка і назваў іх дзеянні «недапушчальным ціскам» і ўмяшаннем у правасуддзе. Ён заявіў, што ніякіх паслабленняў у антынаркатычным заканадаўстве не будзе.

Цяпер «Матулі 328» працягваюць сваю барацьбу. На гэты раз — аб’яднаўшыся з Пятром Маркелавым і яго рухам «Легалайз Беларусь».

Што за Маркелаў, што за «Легалайз»

Пятро Маркелаў — 24-гадовы юнак. Выхадзец з «Руху за Свабоду», пасля расколу «Руху» на прыхільнікаў Юрыя Губарэвіча і Алеся Лагвінца Маркелаў застаўся на баку апошняга і яго «Дзеі».

Раней Маркелаў неаднаразова быў заўважаны ў беларускай медыяпрасторы. Нагоды былі самыя розныя.

У 2014 ён вырашыў стаць кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў і зладзіў нават штосьці падобнае на перадвыбарчую кампанію. Праўда, варта прызнаць, што ў сваіх дзеяннях Маркелаў перадусім адзначаўся тролінгам (напрыклад, інтэрв’ю тут).

Пятра затрымлівалі, калі ён быў назіральнікам на парламенцкіх выбарах у 2016 годзе. У 2017 Маркелаў браў удзел у Маршы недармаедаў (і сядзеў на сутках за відэа затрымання студэнтаў у тралейбусе).

А затым Маркелаў стварыў «Легалайз Беларусь» — рух за легалізацыю наркотыкаў. Туды ўваходзіць шэраг маладых людзей і немалады «актывіст» Алесь Таўстыка.

Займаюцца «легалайзаўцы» розным: ладзяць сустрэчы, чытаюць лекцыі «Як зменшыць шкоду ад наркотыкаў», выпускаюць налепкі і футболкі. Але больш вядомыя розныя «перформансы» Маркелава і кампаніі: «Канапляная каляда», ці пікет у фоташопе, калі Маркелаў у фотарэдактары дадаў сваю выяву з плакатам на здымак будынка МУС. За гэта, дарэчы, ён правёў трое сутак у ізалятары і пасля атрымаў штраф.

Але на мітынгу самога Маркелава не было: па словах паплечнікаў, сёння Пятро недзе за мяжой. Ад «Легалайз Беларусь» удзел у сходзе ўзяў «каардынатар камунікацый» Стас Шашок.

«Сыну было 17, а далі 10»

Агулам мітынг сабраў каля 50 удзельнікаў. Ён быў дазволены, таму нездалёк дзяжурыла хуткая, стаяла міліцыя. Ляніва шпацыравалі туды-сюды «непрыкметныя» ціхары з відэакамерамі.

Большасць удзельніц — жанчыны, тыя самыя «Матулі 328». Яны разгарнулі на ўваходзе каля Кіеўскага сквера плакаты, расцяжкі з фота і зладзілі сапраўдную інсталяцыю. Разлічана гэта было ў асноўным на прэсу, бо мінакоў у сярэдзіне працоўнага дня ў раёне сквера няшмат.

Гісторыі жанчын, канечне, трагічныя. У кожнай хтосьці пад вартай: муж, сын, брат.

«У мяне пад вартай 18-гадовы сын, далі 7 гадоў…»

«20-гадовы сын. Далі 14 гадоў». 

«Сыну было 17 гадоў. Пасадзілі на 10».

«У калоніі муж. Далі 7…»

Артыкулы розныя. Але вельмі шмат тых, чые сваякі былі асуджаныя менавіта па частцы 4 артыкула 328. Гэта распаўсюд групай асоб, пакаранне — ад 10 да 20 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Дарэчы, гэта падабаецца не ўсім жанчынам. Ліяна Шуба, якая брала ўдзел у леташняй галадоўцы, выйшла з «матчынага руху». Яна тлумачыць гэта тым, што спачатку рух аб’ядноўваў жанчын, чые дзеці сядзяць відавочна несправядліва, напрыклад, за зусім нязначную колькасць марыхуаны. А цяпер, кажа Шуба, у руху шмат тых, чые сваякі асуджаныя за гандаль і распаўсюд у буйных памерах. Гэта выклікае пытанні, кажа Ліяна.

На пачатку мітынгу жанчыны разгарнулі плакаты з рознымі заклікамі: «Патрабуем сустрэчы з прэзідэнтам», «Не прымушайце нас галадаць», «Шуневіча ў адстаўку».

Быў і велізарны плакат з тэкстам:

«Я за тое, каб спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў каралі нашмат больш жорстка, чым забойцаў і гвалтаўнікоў. Я супраць таго, каб хворыя людзі атрымлівалі лекі. Я за тое, каб міліцыя падштурхоўвала дзяцей набываць у іх канфіскаваныя наркотыкі. Я супраць дабрабыту і эканамічнага росту. Я за тое, каб наркадылеры прадавалі ўсё больш няякасныя і шкодныя рэчывы, БО Я СУПРАЦЬ НАРКОТЫКАЎ».

Праўда, трохі падумаўшы, жанчыны вырашылі, што іранічны падтэкст гэтага меседжу, можа, і не кожны зразумее. Таму зверху сінім маркерам на ўсякі выпадак некалькі разоў напісалі: «Іронія».

Таксама жанчыны прынеслі па пары абутку сваіх дзяцей. Іх выставілі, «каб паказаць колькасць асуджаных».

Адна з жанчын — Алена Кузьміна — апранулася ў нейкі панкаўскі парык, начапіўшы на грудзі шыльду «нявызначаная асоба».

«Я хачу, каб звярнулі ўвагу, што ў справах вельмі часта фігуруюць фармулёўкі пра «нявызначаных асоб», «нявызначаны час», «нявызначанае месца». Але гэта нікога не засмучае пры вынясенні прысуду», — патлумачыла Кузьміна.

Затым жанчыны па чарзе бралі слова. Таццяна Канеўская — адна з тых, хто летась галадаў, — паведаміла, што на наступных парламенцкіх выбарах збіраецца ісці ў дэпутаты.

Праваабаронца Алег Воўчак у сваім выступе адзначыў, што ў калоніях па-ранейшаму прысутнічае падзел на «наркатычных» асуджаных і «звычайных».

Таксама Воўчак нагадаў пра праблему спатканняў — маладым людзям вельмі цяжка трываць зняволенне з сённяшняй сістэмай, калі спатканні даюць вельмі рэдка і неахвотна. Адна з матуляў паведаміла, што яе сына ўвогуле пастаянна пазбаўляюць спатканняў, як правапарушальніка. На яе думку, гэта таму, што «яго маці надта актыўная».

«Нам нярэдка кажуць: маўляў, паглядзіце ў вочы жанчын, якія страцілі дзяцей праз наркотыкі. А я бачу гэтыя вочы кожны дзень — у люстэрку. Гэта я, гэта мы — тыя маці, якія таксама страцілі сваіх дзяцей праз наркотыкі», — выказалася іншая жанчына.

Падымалася і пытанне размежавання пакаранняў у залежнасці ад ступені небяспечнасці рэчыва. Каб не было аднолькавага пакарання за марыхуану — легалізаванае ў некаторых краінах рэчыва — і «спайсы», пасля якіх школьнікі рэзалі адзін аднаго.

Але надзеі на тое, што гэты мітынг хоць штосьці зменіць, асабліва няма. Пазіцыя дзяржавы вядомая.

Выступіў і прадстаўнік «Легалайз Беларусь» Стась Шашок. Малады чалавек выказаў пазіцыю сваёй суполкі: людзі вольныя ў сваіх учынках, спайсы небяспечныя, а фраза, што наркотыкі — зло ёсць крывадушнаю, і ўвогуле, трэба казаць «псіхаактыўныя рэчывы», а не наркотыкі.

«Няма рэчываў, ад якіх з’яўляецца залежнасць пасля аднаго ці некалькіх ужыванняў!» — мяркуе Шашок. Алкаголь і тытунь — гэта ж таксама наркотыкі, нагадаў хлопец і параўнаў пасадкі па артыкуле 328 з генацыдам у нацысцкай Германіі.

Яго выступ жанчыны сустрэлі апладысментамі.

Варта адзначыць, што беларускае заканадаўства сыходзіць з таго, што наркатычныя рэчывы нашмат больш небяспечныя, чым алкаголь і тытунь. Медыкі іншых краін у большасці сваёй трымаюцца такой жа думкі.

Шашок — юрыст, дапамагае жанчынам складаць петыцыі. «Легалайзаўцаў» жанчыны хваляць, кажуць, што «добрыя хлопцы, нам дапамагаюць». Шмат хто з жанчын падзяляе ідэю дэкрыміналізацыі марыхуаны, бо іх дзеці сядзяць за нязначную колькасць «травы».

Некаторыя іншыя патрабаванні жанчын могуць быць прынятыя грамадствам у штыхі. Напрыклад, прапанова амністыі для ўсіх, асуджаных па артыкуле 328.

Між тым у рэзалюцыі, якую прынялі ў канцы мітынгу, акурат патрабаванне амністыі прагучала, а таксама патрабаванні пераглядзець усе справы, дзе ёсць фармулёўкі «нявызначаныя асобы». Мітынгоўцы патрабуюць таксама падзяліць дробных распаўсюднікаў і буйных пастаўшчыкоў і ўвесці тэрмін «нязначная колькасць рэчыва», адмяніць крымінальнае пакаранне для спажыўцоў.

Каментары26

Цяпер чытаюць

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай19

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам машына збіла лася — загінулі два чалавекі, пацярпеў вядомы комік1

У Расіі хлопец на «Лексусе» эфектна вылятаў на набярэжную дзеля прыгожага відэа. Загінуў сам і дзве сяброўкі15

«Вітаем на радзіме». Беларус распавёў пра затрыманне на мяжы за лайк і сапсаваны адпачынак10

У Італіі знайшлі цела 18-гадовай украінскай студэнткі. У дзень смерці ёй адмовілі ў працягу стажыроўкі

Начальнік сувязі 8-й арміі загінуў у выніку ўдару ўкраінскімі ракетамі

Толькі адзін выпускнік здаваў цэнтралізаваны экзамен па гэтым прадмеце3

Наталля Пяткевіч працягвае выгульваць амерыканскі гардэроб16

Кінолаг расказала пра просты тэст на выхаванасць сабакі1

Трамп абяцаў Пуціну разбамбіць Маскву к чортавай мацеры, калі Расія нападзе на Украіну6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай19

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць