18 сакавіка ў болей як ста гарадох Эўропы і іншых кантынэнтаў маюць адбыцца акцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Мерапрыемства прымеркаванае да гадавіны непрызнаных міжнароднай супольнасьцю прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе.
Акцыю арганізуюць міжнародная палітычная няўрадавая арганізацыя «Маладыя эўрапейскія фэдэралісты» (JEF), якая базуецца ў Брусэлі, і яе партнэры.
У закліку да ўдзелу ў акцыі арганізатары тлумачаць, што яна прысьвечаная менавіта Беларусі, бо тая зьяўляецца апошняй дыктатурай у Эўропе. Людзі ў болей, чым ста гарадох будуць пратэставаць супраць несправядлівага рэжыму і патрабаваць, каб барацьба з дыктатурамі была сярод прыярытэтаў у замежнай палітыцы Эўразьвязу. «Маладыя эўрапейцы нагадаюць нашым лідэрам і грамадзянскай супольнасьці, што Эўропа – не свабодны ад дыктатураў кантынэнт», – падкрэсьлівае кіраўніцтва «Маладых эўрапейскіх фэдэралістаў».
Сярод гарадоў, дзе мае адбыцца акцыя – Брусэль, Прага, Капэнгаген, Парыж, Хэльсынкі, Бэрлін, Варшава, Жэнэва, Стакгольм, Лёндан, Кіеў, Пецярбург, Рыга, Нью‑Ёрк, Дубаі, Прэторыя... Што тычыцца Беларусі, дык у паведамленьні гаворыцца, што акцыя адбудзецца, але з гледзішча бясьпекі месца яе правядзеньня загадзя не раскрываецца.
Каментары