Свет99

Ці можа сацыяліст стаць прэзідэнтам Амерыкі? Хто такі Бэрні Сандэрс

Бэрні Сандэрс у Дэмакратычнай партыі аўтсайдар — у тым значэнні гэтага слова, якое процілеглае слову «інсайдар». Ён уступіў у Дэмакратычную партыю толькі ў 2015 годзе, каб пазмагацца за кандыдацтва ў прэзідэнты, а ў 2016-м выйшаў. І другі раз уступіў у 2019-м. 

На сёння ён першы па папулярнасці сярод кандыдатаў у прэзідэнты ад дэмакратаў. У Аёве ён крыху саступіў Бутыджыджу, а ў Нью-Гемпшыры і Невадзе перамог.

Чаму дэмакраты масава галасуюць за палітыка, які нават у партыі амаль не быў? Чаму 78-гадовы самы папулярны сярод моладзі? Таму што Сандэрс рэзкі, шчыры і інакшы. А шараговыя дэмакраты sick and tired ад «правільных», традыцыйных палітыкаў. Так 4 гады таму ў рэспубліканцаў перамог аўтсайдар Трамп, так цяпер збірае натоўпы Сандэрс.

Сенатар ад малюпасенькага штата Вермонт усё жыццё стаяў на больш левых пазіцыях, чым ліберальная Дэмакратычная партыя, нават сімпатызаваў Савецкаму Саюзу.

Было б вельмі незвычайна, калі б ён стаў кандыдатам. І цяжка нават сабе ўявіць, што такі чалавек зможа стаць прэзідэнтам.

Па-першае, на момант выбараў яму будзе 79. Ніколі ніхто не рабіўся прэзідэнтам у такім паважным веку. Па-другое, ён перанёс інфаркт, а амерыканцы раней заўсёды былі зацыкленыя на здароўі і спартовасці сваіх публічных лідараў. Па-трэцяе, ён яўрэй, а яўрэі ніколі раней не былі прэзідэнтамі ЗША (але і цемнаскурыя ж не станавіліся да Абамы). Аднак, самае галоўнае, Сандэрс не баіцца называць сябе сацыялістам, хоць само гэтае слова доўгі час у Амерыцы было знявагай: Новы свет гэта ж не Швецыя ці Францыя з іх сацыял-дэмакратычнымі традыцыямі.

Варта заўважыць, у чым заключаецца «сацыялістычнасць» у ЗША. Сандэрс прапануе стварыць сістэму бясплатнай аховы здароўя — у большасці еўрапейскіх краін і Канадзе такія існуюць, але не ў Амерыцы. Тут, калі ты не маеш страхоўкі, ніхто цябе за так лячыць не будзе. Па-другое, Сандэрс хоча зрабіць вышэйшую адукацыю бясплатнай. Ізноў жа, у большасці еўрапейскіх краін нам гэта здаецца нормай, але не ў ЗША. У прынцыпе, ад такіх перамен неба не ўпадзе на зямлю, але гэта б'е па вялікіх фінансавых інтарэсах і гэта нязвыкла, а таму будзе выклікаць вялікае процідзеянне. СМІ, блізкія да Уол-стрыт, ужо цяпер малююць Сандэрса чортам з рагамі, а Трамп, які за словам у кішэню не лезе, называе свайго патэнцыйнага канкурэнта Crazy Bernie — стукнуты Бэрні.

На сёння Сандэрс карыстаецца падтрымкай толькі прыкладна 30% дэмакратаў. Але лагер «памяркоўных» падзелены, там прэтэндэнтаў, як той казаў, «завозна». Галасы там падзеленыя між экс-віцэ-прэзідэнтам Байдэнам, прадстаўніком маладога пакалення Бутыджыджам, мільярдэрам Блумбергам і сенатаркай Клабучар. У выніку Сандэрс можа аказацца першы.

Трэба аддаць яму належнае: ён выдатны аратар, палымяны, але з мяккім і цёплым інтэлігентным гумарком.

А што ў яго з грашыма? Сандэрс маладым быў бедны як царкоўная мыш. І калі быў мэрам маленькага гарадка Бурлінгтан — таксама. Але калі яго абралі дэпутатам палаты прадстаўнікоў, а пасля сенатарам (ён доўгі час быў адзіным незалежным сенатарам, астатнія былі дэмакратамі ці рэспубліканцамі), гэта азначала вялізны заробак. Сандэрс з розумам уклаў грошы ў нерухомасць, купіў дом і дачу, якія пасля выраслі ў цане. А паспяховая кампанія 2016 года, калі ён адзіны кінуў выклік Хілары Клінтан, даў яму агульнанацыянальную вядомасць і яго кніга «Наша рэвалюцыя» (Our Revolution: A Future to Believe Inпрынесла яму мільённы ганарар. Таму цяпер рух за «рэвалюцыйныя перамены» ўзначальвае мільянер. Дарэчы, у Амерыцы цяпер, па ацэнках Boston Consulting Group, больш за 7 мільёнаў гаспадарак адносяцца да мільянераў.

Калі Сандэрс стане кандыдатам, як гэта паўплывае на Беларусь? Наўпрост ніяк, але многія са здзіўленнем адкрыюць для сябе, што, выяўляецца, ідэі традыцыйнай сацыял-дэмакратыі з іх акцэнтам на сацыяльную справядлівасць, дзяржаўнае рэгуляванне і пераразмеркаванне багацця на карысць бяднейшых слаёў насельніцтва ўсё яшчэ папулярныя.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Футбаліст, якога выклікалі ў зборную Беларусі, забіў свайго брата, таксама футбаліста

Футбаліст, якога выклікалі ў зборную Беларусі, забіў свайго брата, таксама футбаліста

Усе навіны →
Усе навіны

Брэсцкі школьнік перамог у Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе. Яго мама расказала, як вырасцілі генія14

На Валааме, дзе нядаўна былі Лукашэнка з Пуціным, павесілі фрэску, як расійскі вайсковец з Z перавязвае параненага ўкраінскага салдата20

Армяніна, які сядзіць больш за 20 гадоў за стварэнне ў Гомелі злачыннай групоўкі, асудзілі яшчэ за тры жорсткія забойствы5

Топ-спецыялістку па маркетынгу з МТБанка асудзілі за ўдзел у пратэстах5

Некаторых мужчын называюць «каструльшчыкамі». Хто гэта?16

Легендарная журналістка Любоў Лунёва расказала пра Віктара Лукашэнку і аднакурснікаў, стварэнне «Вясны» і палітычны бамонд36

У палон трапіў 50-гадовы беларус, які ваяваў за Расію4

Беларускі гінеколаг у Варшаве Ганна Каско ў мінулым месяцы зарабіла $45 тысяч23

Буданаў: Лукашэнка не згаджаецца даваць калідор расейцам12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Футбаліст, якога выклікалі ў зборную Беларусі, забіў свайго брата, таксама футбаліста

Футбаліст, якога выклікалі ў зборную Беларусі, забіў свайго брата, таксама футбаліста

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць