Гісторыя

Што яднае Францыска Скарыну з Джонам Уікліфам і Янам Гусам?

Гэта не зусім той спіс, у якім мы звыклі бачыць Францыска Скарыну. Піша гісторык Дзяніс Пархац.

Францыск Скарына. Партрэт Віктара Маркаўца. Svaboda.org

Часцей ягонае імя можна сустрэць у адным шэрагу з Ёганам Гутэнбергам ці Іванам Фёдаравым. Бо ў сучасным грамадскім светаўспрыманні Скарына ў першую чаргу друкар. Школьны падручнік сустракае чытачоў параграфам «Францыск Скарына — беларускі першадрукар, асветнік і гуманіст». Менавіта пра друкарскія справы Скарыны найперш распавядаюць газетныя артыкулы, мастацкія творы, тэлевізійныя перадачы. 

Роля Скарыны як выдаўца сапраўды важная для беларускай і не толькі гісторыі, гэтага не аспрэчыш. І недарэчна было б казаць, што ўсё, што напісана ў школьным падручніку, не адпавядае гістарычнай рэчаіснасці.

Але Скарына быў не толькі выдаўцом. Яго дзейнасць адлюстроўвае агульныя змены ў рэлігійным жыцці ў Еўропе на мяжы Сярэднявечча і Новага часу. 

Манаполія лаціны

На працягу большай часткі Сярэднявечча асноўнай мовай рэлігійнага жыцця ў Еўропе заставалася лацінская. На ёй у каталіцкім свеце распаўсюджвалася Біблія, на ёй дыскутавалі багасловы, ствараліся рэлігійныя трактаты і служыліся месы. Каталіцкую царкву без лаціны немагчыма было ўявіць, нават нягледзячы на тое, што большасць вернікаў яе не разумела.

Ставілі пад сумнеў манаполію лацінскай мовы толькі нешматлікія рэлігійныя рухі, вучэнне якіх разыходзілася з афіцыйнай пазіцыяй Каталіцкай царквы. Так, яшчэ ў XII стагоддзі кіраўнік руху вальдэнсаў у Францыі П’ер Вальдо замовіў пераклад Бібліі на народную мову. А Ганна Багемская, жонка англійскага караля Рычарда II, атрымала дазвол карыстацца перакладам чатырох Евангелляў на англійскую мову.

Афіцыйна, праўда, Каталіцкая царква ніколі не забараняла перакладаў Бібліі на народныя мовы, але і не падтрымлівала іх.

Каталіцкія багасловы выказвалі два асноўныя аргументы супраць перакладаў. Па-першае, Біблію на народнай мове ў такім выпадку змогуць чытаць людзі, якія не атрымалі Боскай ласкі святарства. Таму яны могуць няправільна зразумець тэкст, адхіліцца ад вучэння Царквы і ўпасці ў ерась. Па-другое, Біблія з’яўлялася падмуркам усяго рэлігійнага жыцця: на ёй грунтаваліся шматлікія багаслоўскія трактаты. Біблійныя палажэнні нельга было скажаць і змяняць, а нават кваліфікаваны перакладчык мог памыліцца. Парафіяне, хутчэй за ўсё, той памылкі і не заўважылі б, але багасловаў недакладны пераклад мог бы паставіць у складанае становішча. Таму Каталіцкая царква лічыла, што лепш ужо ад граху далей карыстацца толькі лацінскім тэкстам.

Джон Уікліф. Wikimedia Commons.

Уздым народных моваў

Сапраўдную рэвалюцыю ў познім Сярэднявеччы зрабіла імкненне распаўсюдзіць сярод жыхароў Еўропы зразумелыя ім пераклады Бібліі на народных мовах. Джон Уікліф пісаў, што кожны чалавек павінен мець магчымасць чытаць Біблію незалежна ад мовы, на якой ён размаўляе, — лацінскай або англійскай.

Англійскі багаслоў з паплечнікамі не толькі пераклаў Біблію на родную мову, але выступіў і супраць манаполіі духавенства на яе разуменне. Ягоныя ідэі сталі тэарэтычнай асновай, на якой пасля грунтаваліся пераклады і на іншыя нацыянальныя мовы. 

Ідэя англійскага багаслова адкрыла шлях для распаўсюджвання Біблій на народных мовах па ўсёй Еўропе. І так супала, што акурат у гэты час, у 1440-я гады, Ёган Гутэнберг вынайшаў друкарскі станок. Больш танная друкаваная кніга стала выцясняць манускрыпты, якія маглі набыць толькі заможныя людзі. У 1466 годзе з’явіўся першы друкаваны пераклад на старанямецкую мову, у 1471-м — на італьянскую, у 1478-м — на каталонскую, у 1488-м — на чэшскую. Гэтыя выданні падрывалі гегемонію сакральнай лаціны і адкрывалі шлях да больш шырокага ўжывання нацыянальных моў.

Скарына — у кантэксце

У гэты самы агульнаеўрапейскі кантэкст гарманічна ўпісваецца і дзейнасць Францыска Скарыны, адно толькі што яна падрывала гегемонію не лаціны, а іншай распаўсюджанай сакральнай мовы — царкоўнаславянскай. Скарына таксама не займаўся механічным выданнем традыцыйнага царкоўнаславянскага тэксту, запісанага ў рукапісах. Яго выданні, вядома, знаходзіліся ў царкоўнаславянскай традыцыі, але не абмяжоўваліся ёй. 

Праца Скарыны — таксама і рэдактарская. Друкар звяртаўся да разнастайных крыніц, каб зрабіць тэкст найбольш дакладным і зразумелым для чытачоў. Ён адмовіўся ад шэрагу грэчаскіх тэрмінаў, не зразумелых «паспалітаму люду». Замест «анфіпата» (кіраўнік правінцыі) Скарына друкаваў «намеснік», замест «ігемон» (правіцель) — «уладар», замест «анафема» — «да будет проклят».

Ён імкнуўся дасягнуць не фармальнай адпаведнасці старажытным тэкстам на кананічных мовах (грэчаскай і лацінскай), а каб «паспаліты люд» зразумеў сэнс напісанага гэтак жа сама, як і тыя чытачы, якія валодалі тымі кананічнымі мовамі.

Ян Гус. Партрэт невядомага мастака XVI стагоддзя. Wikimedia Commons.

Менавіта імкненне зрабіць біблейскі тэкст на народнай мове зразумелым для чытача і дазваляе паставіць англійскага багаслова Джона Уікліфа, прыхільнікаў ідэолага чэшскай Рэфармацыі Яна Гуса і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыну ў адзін шэраг. Яны ўсе з’яўляліся ўдзельнікамі руху, накіраванага на стварэнне біблейскага тэксту на народных мовах. На тытульным лісце Кнігі Быццё Скарына надрукаваў, што выданне прызначаецца «Богу ка чці і людзем паспалітым к добраму наўчэнію». І тут беларускі першадрукар выкарыстоўваў тыя ж сродкі для дасягнення даступнасці тэксту, што і ягоныя папярэднікі ў Англіі і Чэхіі. Бо ў англійскіх і чэшскіх тэкстах незразумелыя мэтавай аўдыторыі выразы таксама па магчымасці мяняліся на мясцовыя адпаведнікі. 

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння5

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння

Усе навіны →
Усе навіны

У Амурскай вобласці Расіі дзяўчына выпадкова выкінула $75 тысяч. Увішныя суседзі знайшлі на сметніку: частку прапілі, на рэшту купілі дом1

На вуліцы Матусевіча ў Мінску побач з дзіцячым садком упаў беспілотнік38

Камандарм Літвы: Можа быць і так, што ніякі аб'ект у Літву з Беларусі і не залятаў4

У ахоўніка Пуціна заўважылі ў руках невядомую прыладу. Эксперты вызначылі яго як дрон-перахопнік4

Расія ўдарыла па калоніі ў Запарожскай вобласці. Загінулі 16 чалавек

«Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі» — новы блакбастар з супергероямі і Педра Паскалем. Там згадваецца і Мінск3

Як змяніліся беларусы пасля 2020 года? Цікавае назіранне былога палітвязня8

Украінскія беспілотнікі атакавалі буйны чыгуначны вузел у Растоўскай вобласці2

«Дзеці растуць з адчуваннем, што быць беларусам пачэсна, як выпускніком Гарварда». У Батумі дзейнічае беларускамоўная школа — вось як гэта працуе8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння5

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць