Прэм'ер Літвы пагаварыў з Ціханоўскай: «Я сустрэўся з нацыянальным лідарам Беларусі»
Прэм'ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс у чацвер раніцай сустрэўся са Святланай Ціханоўскай, піша Delfi.lt.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў Delfi прэс-сакратар прэм'ера Томас Бяржынскас. Ён сказаў, што Ціханоўская звярнулася ў Нацыянальны цэнтр грамадскай аховы здароўя і паказала адмоўны вынік тэсту на COVID-19, таму атрымала дазвол пакінуць месца ізаляцыі.
Сам Сквярняліс распавёў, што абмеркаваў з Ціханоўскай усё, што ёй удалося перажыць.
«Я сустрэўся з нацыянальным лідарам Беларусі Святланай Ціханоўскай. Мы размаўлялі аб выпрабаваннях, якія выпалі на яе долю падчас перадвыбарчай кампаніі, аб вялікай адказнасці, якую яна на сябе ўзяла. А таксама — аб паўсядзённых клопатах і патрэбах, з якімі яна сутыкаецца ў Літве, пытаннях яе асабістай бяспекі і бяспекі яе сям'і», — напісаў Сквярняліс.
«Наша краіна заўсёды падтрымлівала беларускі народ у яго імкненні да свабоды і дэмакратыі. Мы бачым абуджэнне народа, падтрымліваем яго. Дарога да свабоднага грамадства не будзе простай, яна патрабуе вялікай вытрымкі. Я веру, што беларусаў яе дастаткова», — выказаў надзею прэм'ер Літвы.
«Я запэўніў Святлану, што ўрад разам з партнёрамі ў Польшчы, Латвіі і Эстоніі робіць і зробіць усё, каб ажыццявіць імкненне да свабодных і сумленных выбараў у Беларусі, і каб яе дзеці маглі як мага хутчэй абняць свайго бацьку на волі», — сказаў Сквярняліс.
Каментары