Грамадства44

Жанчыну з Глыбокага, якая прыдумала лозунг «Стоп таракан», трое сутак трымалі ў ІЧУ, а яе сына збілі невядомыя

Фота: Алесь Пілецкі, TUT.BY

Людміла Барэйка з Глыбокага — 58-гадовая пенсіянерка, якая ў сакавіку дала інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму, і гэта відэа на канале «Краіна для жыцця» паглядзелі амаль 1,5 млн чалавек, — правяла трое сутак у ІЧУ за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў райцэнтры. Але трывожыць жанчыну іншае: невядомыя збілі яе сына — 17-гадовага Кірыла Барэйку. Юнак у шпіталі з страсеннем мозгу. Людміла лічыць, што яе сына збілі ў якасці «помсты за яе актыўную грамадзянскую пазіцыю». «Спачатку забралі мяне ў ізалятар, а потым напалі на дзіця», — распавядае яна, tut.by.

Нагадаем, 31 сакавіка ў Глыбокае прыязджаў блогер, аўтар YouTube-канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі. Ён вёў з галоўнай плошчы стрым са сваімі падпісантамі. На сустрэчу прыйшла і 58-гадовая пенсіянерка, прадавец кветак Людміла Барэйка. Яна распавяла, як жывуць людзі ў яе родным горадзе, выказала сваё меркаванне аб палітыцы ўладаў, а таксама эпідэміі каранавіруса.

Гэта відэа ўжо набрала амаль 1,5 млн праглядаў — і стала самым папулярным на канале «Краіна для жыцця».

У траўні за гэта інтэрв'ю жанчына атрымала штраф у 270 рублёў — за парушэнне ч.1 арт.23.34 КаАП. З пункту гледжання міліцыі, яна ажыццявіла «пікетаванне шляхам публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў і асабістага стаўлення да дзеючай улады ў рэжыме анлайн на YouTube-канале «Краіна для жыцця» без адпаведнага дазволу Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта» (з запісу ў пратаколе).

«У ІЧУ распраналі дагала: шукалі нешта «забароненае». А на самай справе хацелі зняважыць»

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Людміла Барэйка хадзіла на мірныя акцыі пратэсту ў Глыбокім:

— У жніўні, паводле двух пратаколаў паводле артыкула 23.34 КаАП, мне далі штраф — 22 базавыя велічыні (594 рублі). У пятніцу, 11 верасня, да дзвюх гадзін дня мяне позвай выклікалі ў РАУС — для складання новага пратакола.

У той жа дзень, зранку, Людміла вырашыла пайсці ў суд — падтрымаць мужчыну, якога таксама абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.

— Калі суд скончыўся — яму далі 5 дзён арышту, — мы выйшлі на вуліцу. Да мяне падышлі пяцёра міліцыянтаў: «Вы затрыманыя». Я тлумачу: «Дык я і сама збіраюся прыйсці да дзвюх гадзін у РАУС». «Мы затрымліваем вас цяпер, вязём для складання пратакола». Прывезлі ў аддзел — і затрымалі на 72 гадзіны. Начальніку РАУС Валерыю Круклінскаму я паведаміла: «У мяне непаўнагадовае дзіця». Але, нягледзячы на гэта, мяне забралі ў ІЧУ — у лёгкай вопратцы, у якой была. Не дазволілі ўзяць лекі.

У ізалятары часовага ўтрымання, па словах Людмілы, была такая абстаноўка:

— Мяне пасадзілі ў адну камеру з жанчынай, якую падазраюць у тым, што яна ўдарыла нажом іншую жанчыну. Кожную раніцу і вечар мяне ставілі да сценкі, аглядалі, праводзілі па целе металашукальнікам. Распраналі дагала, загадвалі зняць нават бялізну. Штодня праводзілі ператрусы ў камеры, аглядалі кожны прадмет майго адзення, а абутак прымушалі згінаць напалову. Я не ведаю, што забароненае яны шукалі ў маіх рэчах. І як гэта «забароненае» магло трапіць у камеру? Думаю, проста хацелі зняважыць.

З ІЧУ Людміла Барэйка выйшла у панядзелак, 14 верасня. Жанчыну прывезлі ў суд. Але працэс перанеслі на 17 верасня.

«Мяне спецыяльна «зачынілі» ў ІЧУ, каб невядомыя збілі маё дзіця»

На наступны дзень пасля таго, як Людміла Барэйка трапіла ў ІЧУ, 12 верасня, невядомыя збілі яе сына — 17-гадовага студэнта Кірыла Барэйку.

— Кірыла паклікаў гуляць па горадзе хлопец, з якім яны вучыліся ў школе. Прыкладна а палове на адзінаццатую вечара да іх падышла кампанія з чатырох чалавек. Правакавалі бойку, аднак сын не паддаўся. Тады яго збіў з ног нейкі высокі хлопец і стаў збіваць — у асноўным па твары і галаве. Потым падскочыў другі і ударыў у патыліцу нагой. Прыяцеля Кірыла пры гэтым ніхто не чапаў. Ён не заступаўся за сына, не выклікаў міліцыю, проста стаяў і глядзеў, як Кірыла збіваюць.

Калі тыя, хто нападаў, сышлі, малады чалавек зразумеў, што сам дадому не дойдзе. Патэлефанаваў сястры, і неўзабаве з месца здарэння яго забрала хуткая дапамога.

— У сына страсенне мозгу і шматлікія ўдары па галаве і твары. З суботы ён у бальніцы. І, як сказалі лекары, будзе ляжаць там да панядзелка. Я мяркую, што мяне спецыяльна «закрылі» ў ІЧУ, каб невядомыя збілі маё дзіця — з помсты за маю актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Сястра Кірыла напісала заяву ў міліцыю па факце нападу на брата і яго збіцця.

— Заяву прынялі. Але пабоі здымаць адмовіліся, патлумачылі, што зробяць агляд, калі сын выйдзе з лякарні. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку паведамілі мне, што ўжо знайшлі тых хлопцаў, якія напалі на Кірыла. Але ці будзе распачатая крымінальная справа, невядома.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Як сёння жывуць Кузнечыкі, якія амаль два гады хаваліся ў пасольстве Швецыі, каб не трапіць у кіпцюры сілавікоў?

Як сёння жывуць Кузнечыкі, якія амаль два гады хаваліся ў пасольстве Швецыі, каб не трапіць у кіпцюры сілавікоў?

Усе навіны →
Усе навіны

У цэнтры Мінска проці начы выстраілася вялізная чарга людзей, некаторыя ў піжамах ВІДЭА4

Другі энергаблок БелАЭС адключылі ад сеткі з-за спрацоўвання сігналізацыі2

У Зімбабвэ жанчына выкрала і згвалтавала былога каханка, каб развеяць вядзьмарства4

Памерла артыстка з Бярозаўскага раёна, якая збірала мільёны праглядаў4

У Германіі рыхтуюць скарачэнні сацыяльных выплат: беспрацоўныя жывуць лепш за тых, хто працуе4

Мерц змог пераканаць Трампа пры дапамозе «дыпламатыі чэкавых кніжак»1

Як беларусы чыталі і вымаўлялі царкоўнаславянскія словы ў XVIII стагоддзі? Ёсць магчымасць гэта высветліць8

Ізраіль шакаваны сеткай іранскіх шпіёнаў, якія дзейнічалі ў краіне2

За тыдзень на Гомельшчыне зафіксаваныя рэкордная колькасць залётаў дронаў і тры збіцці

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як сёння жывуць Кузнечыкі, якія амаль два гады хаваліся ў пасольстве Швецыі, каб не трапіць у кіпцюры сілавікоў?

Як сёння жывуць Кузнечыкі, якія амаль два гады хаваліся ў пасольстве Швецыі, каб не трапіць у кіпцюры сілавікоў?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць