Грамадства77

Памятаеце бабулю, якая эмацыйна зачытала верш на маршы пенсіянераў? Даведаліся яе гісторыю

Памятаеце бабулю, якая на маршы пенсіянераў эмацыйна зачытала верш на памяць? Сярод суседзяў яна амаль легенда — у свае 76 гадоў адбівала хлопцаў у амапаўцаў і сама апынулася ў аўтазаку. «Наша Ніва» пазнаёмілася з ёй бліжэй.

Завуць яе Галіна Аляксандраўна. Яна канструктар па адукацыі. Вучылася ва Украіне, а па размеркаванні патрапіла ва Узбекістан. 10 год пражыла ў Бухары, дзе выйшла замуж. А пасля моцнага землятрусу ў 1976 годзе вярнулася на радзіму ў Беларусь. Кім толькі тут яна не працавала — і даяркай, і бухгалтарам.

Цяпер у яе двое дзяцей, шасцёра ўнукаў, два праўнукі. І актыўная грамадзянская пазіцыя.

Увечары 10 жніўня жанчына выйшла на прабежку на стадыён. Там было ўсяго некалькі чалавек — хто шпацыраваў, хто ў футбол гуляў. Раптам прыехала міліцыя. У аддзяленні пасля казалі, што ім паступіў званок: збіраецца мітынг. Людзі ў чорным схапілі аднаго хлопца (Галіна Аляксандраўна лічыць, што на яго палявалі, бо той быў назіральнікам на выбарах). Мужчыны пачалі за яго заступацца — забралі і іх. Пенсіянерка не змагла змаўчаць.

«Куды іх? За што?» — пыталася яна ў міліцыі, а пасля зайшла з усімі ў аўтазак. 

«Страху не было. Бо я ў той час думала, што мужчын павалакуць і будуць біць па дарозе. А раптам на гэтым месцы быў бы мой сын ці ўнук? Вырашыла, што, можа, пры мне не будуць калаціць. І сапраўды — не чапалі», — успамінае Галіна Аляксандраўна.

З аддзялення міліцыі жанчына патэлефанавала дачцэ. Тая прыехала пад сцены ўчастка, але пачула ад супрацоўнікаў: не чакайце, яна тут да раніцы. Праўда, аб 11-й вечара Галіну Аляксандраўну пагадзіліся адпусціць. Яе тэлефон разрадзіўся, таму давялося чакаць яшчэ дзве гадзіны, пакуль у аддзяленні знойдуць нумар дачкі. Пасля пенсіянерка даведалася, што мужчынам, затрыманым на стадыёне, далі па 15 сутак.

У яе таксама быў суд — абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу «наконт абмеркавання выбараў».

«Я казала суддзі, што мне не трэба было нічога абмяркоўваць. На маім участку ўсё добра: 25% за Лукашэнку, 56% — за Ціханоўскую. Я была задаволена гэтым вынікам», — дзеліцца жанчына.

Суд ёй вынес папярэджанне. А Галіна Аляксандраўна пажадала на развітанне міліцыянту, які быў сведкам, больш ніколі не хлусіць.

Сама яна з 2001 годы хадзіла незалежнай назіральніцай на выбары. Збірала подпісы за Міхаіла Чыгіра, але той не прайшоў у кандыдаты, на наступных выбарах галасавала за Аляксандра Казуліна.

«Лічу, што чалавеку, які 26 год намі кіруе, пара на пенсію. Усё ж такі ўзрост. Трэба скасаваць з ім кантракт», — выказваецца яна пра дзейную ўладу.

Навіны Аляксандраўна чытае ў інтэрнэце. Там жа і верш знайшла — вельмі адгукнуўся. Выпісала сабе і стала вучыць на памяць.

«Я калі гляджу трансляцыю нядзельных маршаў, як людзям даводзіцца ўцякаць, то разумею, што здароўя няма на іх ісці. А на маршы пенсіянераў можна прагуляцца, там невялікая адлегласць.

Дзеці, канечне, хвалююцца, але бабуля не падпарадкоўваецца ім, — смяецца Галіна Аляксандраўна. — Я самастойная асоба!»

Каментары7

Цяпер чытаюць

Пальчыс, Андрэева, Лойка і іншыя імёны — пасля візіту амерыканскіх дыпламатаў у Мінск вызвалілі 250 палітвязняў12

ГрамадстваАбнаўляецца!12

Пальчыс, Андрэева, Лойка і іншыя імёны — пасля візіту амерыканскіх дыпламатаў у Мінск вызвалілі 250 палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Гулец «Галатасарая» страціў частку пальца пасля сутыкнення з рэкламным шчытом у матчы Лігі чэмпіёнаў1

«Мы вельмі шчаслівыя». Сям’і беларусаў зрабілі перасадку ныркі ад жонкі мужу3

«Хадзілі чуткі, што Мілінкевічам кіруе жонка». Плошча-2006 вачыма Іны Кулей

Бабарыка: Я ніколі не бачыў, каб Коля ўпіваўся ўладаю10

Прыціснула, а прыбіральні побач няма? Распрацоўшчык зрабіў тэлеграм-бот з картай грамадскіх прыбіральняў3

Орбан назваў дзве прычыны, чаму Венгрыя не выходзіць з ЕС10

Статкевіч расказаў, як выжываў у зняволенні. І чым займаецца цяпер4

Як цяпер выглядае Міжнародны фінансавы цэнтр у «Мінск-Свеце»

Затрымалі групу анархістаў14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пальчыс, Андрэева, Лойка і іншыя імёны — пасля візіту амерыканскіх дыпламатаў у Мінск вызвалілі 250 палітвязняў12

ГрамадстваАбнаўляецца!12

Пальчыс, Андрэева, Лойка і іншыя імёны — пасля візіту амерыканскіх дыпламатаў у Мінск вызвалілі 250 палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць