Грамадства

У Гомелі судзяць давераных асобаў Ціханоўскай. Падсудныя не прызналі віны

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 12 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да давераных асобаў Святланы Ціханоўскай. Гэта Таццяна Канеўская, Юрый Уласаў, Дзмітрый Івашкоў, Аляксандр Шабалін, піша «Радыё Свабода».

Юрый Уласаў, трэці злева Аляксандр Шабалін, далей Дзмітрый Івашкоў, Таццяна Канеўская.

Падтрымаць іх прыйшлі больш за тры дзясяткі гамельчукоў, але ў судовую залю пусьцілі толькі журналістаў дзяржаўных СМІ. Незалежным забаранілі ўваход праз «каранавірус».

Не пусьцілі нават сына і мужа Тацяны Канеўскай. Сказалі — толькі па адным прадстаўніку ад сям'і.

Сваякам не дазволілі браць у судовую залю тэлефоны, прымусілі пакінуць іх на вахце суду ў адмысловай ячэйцы. Каля суду патрулюе АМАП. У судзе паставілі мэталадэтэктар.

Юрыя Ўласава затрымалі 7 жніўня ў сваім доме, Тацяну Канеўскую — 8 жніўня, Аляксандра Шабаліна — 6 жніўня, як і Дзьмітрыя Івашкова.

Дзьмітры атрымаў 15 сутак арышту, але пры затрыманьні яму моцна пашкодзілі нагу, яна пачала гнаіцца ў ІЧУ. Яго паклалі ў шпіталь, а потым выпусьцілі. Івашкоў хаваўся ад міліцыі да 27 верасьня, але ў той дзень ён выйшаў на марш пратэсту ў Гомлі і быў затрыманы.

Усе яны абвінавачваюцца ў «масавых беспарадках» (частка 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу) і «захопе будынкаў» (частка 1 артыкулу 292 Крымінальнага кодэксу).

Юрый Уласаў дадаткова абвінавачваецца ў «публічнай абразе прадстаўніка ўлады» (частка 1 артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу).

Паводле часткі 2 артыкулу 293 КК абвінавачаным пагражае найбольшы тэрмін — да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Падсудныя не прызнаюць сваю віну

Аляксей Канеўскі — сын палітзьняволенай Тацяны Канеўскай трапіў на першае паседжаньне суду і распавёў пра яго акалічнасьці.

«Ніхто з абвінавачаных сваю віну не прызнаў. Апроч таго, што яны нібыта плянавалі масавыя беспарадкі і захоп будынкаў, ім зачыталі абвінавачаньне, што яны стварылі тэлеграм-канал «Страна для жизни» і такі ж Youtube-канал, а таксама «Беларусь 12 стоп» (каналы Сяргея Ціханоўскага, — РС). У справе раптам аднекуль зьявіліся шэсьць пацярпелых. Калі яны ўсталі ў судзе, то ўсе ахнулі — бо такія вялікія мужчыны, вагой пад сто кіляграмаў, падобныя на сілавікоў», — зазначыў Аляксей Канеўскі.

Ён дадаў, што маці трымаецца выдатна, яна ў гуморы.

«Толькі што канвой забараняў нам нават пераглядацца, сачылі, каб не было візуальнага кантакту. Калі мы глядзелі адно на аднаго — адразу канвойны загароджваў нас сьпінай», — кажа сын палітзьняволенай.

Аляксей кажа, што абвінавачаньне было вельмі кепска чуваць, бо пракурор казаў вельмі ціха, і праз маску. Прасілі гаварыць гучней — але ніхто не адрэагаваў.

«Сяброў і нават сваякоў не пусьцілі ў залю нібыта праз каранавірус, але месцаў вольных было там дастаткова. Яшчэ зайшлі нейкія невядомыя нам людзі і занялі месцы. Напэўна, гэта міліцыянты», — кажа Аляксей.

У сваякоў, якія былі на судзе, забралі тэлефоны.

Пацярпелых дапыталі ў закрытым рэжыме па іх просьбе. Сваякоў на момант допыту шасьці пацярпелых выдалілі з залі суду.

Каментары

Цяпер чытаюць

Мяжа Беларусі з Літвой будзе закрыта мінімум да серады10

Мяжа Беларусі з Літвой будзе закрыта мінімум да серады

Усе навіны →
Усе навіны

Літва рыхтуе жорсткі адказ Беларусі: магчымае доўгатэрміновае закрыццё мяжы і спыненне транзіту ў Калінінград82

У Дзяржынскім раёне маршрутка з пасажырамі з’ехала ў кювет4

Фракцыя «Воля» выйшла з Каардынацыйнай рады20

Затрыманы першы падазраваны ў рабаванні Луўра

Якія купюры найчасцей падробліваюць у Беларусі1

У Расіі адкрылі помнік «Матаролу»9

Яшчэ адзін тэатр, які працаваў толькі на беларускай, стаў ставіць спектаклі па-руску11

Пуцін пахваліўся выпрабаваннямі ракеты «з неабмежаванай далёкасцю»5

Трамп адказаў, калі сустрэнецца з Пуціным3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мяжа Беларусі з Літвой будзе закрыта мінімум да серады10

Мяжа Беларусі з Літвой будзе закрыта мінімум да серады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць